У бізантыйскім абрадзе сьвята Нараджэньня Багародзіцы – першае вялікае сьвята літургічнага году, які пачынаецца 1 верасьня. Яно мае свае карані ў старой традыцыі, якая знайшла адлюстраваньне ў апокрыфным творы з ІІ ст., "Нараджэньне Марыі", што пасьля ўвайшоў у склад г. зв., таксама апокрыфнага, "Першаевангельля Якуба". Згодна з гэтай традыцыяй, пабожныя і цнатлівыя Якім і Ганна былі бязьдзетнымі, і гэта было прычынаю іхняга вялікага смутку. Аднойчы зьявіўся ім анёл, які аб'явіў, што Бог пачуў іхнія малітвы, і яны народзяць дачку, якой у спрадвечным Божым провідзе прызначанае асаблівае месца.
Непасрэднай прычынай устанаўленьня сьвята Нараджэньня Багародзіцы было асьвячэньне царквы ў гонар сьв. Ганны ў Ерусаліме, недалёка ад Авечай сажалкі (Ян 5:2), на месцы, дзе, згодна з традыцыяй, быў раней дом бацькоў Найсьвяцейшае Дзевы, Якіма і Ганны. Адтуль яно прыйшло ў VІ ст. у Бізантыю, а ў канцы VІІ ст. – у Рым.
Нараджэньне Багародзіцы было першым зьвяном у ланцугу падзеяў, якія прывялі да прыйсьця на сьвет у целе Бога-Слова, Госпада і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста. Таму ў гэты дзень Царква зьвяртае нашую ўвагу на ролю Багародзіцы ў справе нашага адкупленьня. У багаслужэбных тэкстах дня часта згадваюцца прадказаньні старазапаветных прарокаў, якія бачылі Багародзіцу ў вобразах лесьвіцы Якуба (Быцьцё 28:12), па якой Госпад зышоў на зямлю; зачыненай брамы сьвятыні (Езакіель 42:2), праз якую прайшоў Госпад; куста, які быў ахоплены полымем і не згараў (Выхад 3:2); гары, ад якой адкалоўся нерукасечны камень (Даніла 2:34); жэзла Аарона, які зацьвіў (Лікі 17:5) і інш. У адной з песьняў канону кажацца: "У нараджэньні Тваім, Беззаганная, споўніліся боганатхнёныя словы прарокаў, якія, прасьветленыя вераю, называлі Цябе Сьвятыняю і Брамаю, духоўнай Гарою, Кустом і Жэзлам Аарона, што вырас з кораня Давідавага".
Літургічныя тэксты адзначаюцца дакладнай багаслоўскай фармулёўкай і высокай мастацкай формаю, якая адчуваецца нават у недасканалым перакладзе. Сярод аўтараў былі сьвятыя Ян Дамаскін (каля 675-749), які напісаў першы канон ютрані, і Андрэй Крыцкі (каля 660-740), аўтар другога канону. Наогул тон сьвяточных службаў радасны, урачысты. Само сьвята называецца "днём Гасподнім", бо Тая, чыё нараджэньне адзначаецца, мела ўвесьці на сьвет "адзінага Хрыста для збаўленьня душаў нашых".
1996