14 верасьня
(Узьвіжаньне)
Пачаткі сьвята Узвышэньня Крыжа трэба шукаць у звычаі пакланеньня Крыжу Гасподняму ў Вялікую Пятніцу, якое мела месца, пачынаючы з ІV ст., у Ерусаліме. У VІІ ст. гэты звычай быў перанесены на другі дзень асьвячэньня ("аднаўленьня") царквы Уваскрасеньня Гасподняга, якое адзначалася 13 верасьня. Прыблізна ў тым самым часе гэты дзень стаўся таксама ўспамінам знаходкі ў 326 г. Крыжа Гасподняга сьвятой Аленаю, маці імпэратара Канстантына. Так паўстала вялікае сьвята Узвышэньня Пачэснага і Жыцьцядайнага Крыжа Гасподняга.
Падобна як у Вялікую Пятніцу, Сьвятая Царква нагадвае нам у гэты дзень пра Пакуты і Крыжовую сьмерць Госпада Нашага Ісуса Хрыста і Ягоную перамогу над сьмерцю. Аднак галоўная тэма сьвята – гэта ўслаўленьне Сьвятога Крыжа. У службах гэтага дня прыводзяцца прыклады са Старога Запавету, дзе ёсьць правобразы Крыжа: Якуб, які блаславіў сыноў Язэпа, склаўшы накрыж рукі (Быцьцё 48:8-20); Майсей, які распасьцёр крыжом рукі, каб запэўніць перамогу над Амалекам (Выхад 17:8-13); мядзяная зьмяя, якую Майсей узьняў на кію, і якая ратавала ад сьмерці кожнага, хто глянуў на яе з вераю (Лікі 21:6-9), і інш. Усюды Крыж супрацьстаўляецца райскаму дрэву непаслушэнства.
Крыж, раней прылада пакутаў і ганьбы, праслаўляецца як падножжа Госпада ўсіх, знак і сьцяг вялікай перамогі, умацаваньне Царквы і пахвала ўсіх хрысьціянаў. Пра гэта добра сказана ў адным са сьвяточных гімнаў: "Шырыня і даўжыня Крыжа роўная небу, бо ён асьвячае нас боскаю ласкаю, перамагае нязбожных ворагаў і ўмацоўвае справядлівасьць. Табою, Боскае Дрэва, мы ўзыходзім да неба і ўзьвялічваем у песьнях Хрыста Госпада".
Сьвята Узвышэньня Крыжа належыць да сьвятаў Гасподніх. У выпадку нядзелі, служба Узвышэньня замяняе поўнасьцю службу нядзельную. Беручы, аднак, пад увагу характар сьвята, у гэты дзень бывае заўсёды пост.
Адной з характэрных службаў сьвята ёсьць урачысты абрад узвышэньня Крыжа. Пры сьпеве людзямі "Госпадзе, зьмілуйся", сьвятар, зьвернуты па чарзе на ўсход, поўнач, захад і поўдзень, апускае крыж да зямлі, паволі ўздымае яго і бласлаўляе ім людзей, такім чынам хочучы паказаць, што праз Крыж прыйшло збаўленьне ўсяму сьвету.