Прадмова да сьвята Сьвятамучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага
1996
Язафат (хроснае імя Ян) Кунцэвіч нарадзіўся ў 1584 г. ва Ўладзіміры Валынскім, але амаль усё жыцьцё правёў на Беларусі. Быў адным з першых і найбольш гарачых прыхільнікаў Берасьцейскай Уніі, пашырэньню і ўмацаваньню якой прысьвяціў усё жыцьцё. У 1604 г. прыняў манаскі пострыг у Сьвятатроіцкім манастыры ў Вільні. Там ён хутка знайшоў прыяцеля і аднадумца ў асобе будучага мітрапаліта Язэпа Руцкага. Разам яны заняліся рэформай Базыльянскага ордэну. У 1613 г. кашталян Смаленскі Ян Мялешка, які дзякуючы Язафату прыняў Унію, аддаў яму Жыровіцы, уласьнікам якіх ён быў у тым часе. Язафат быў першым архімандрытам Жыровіцкага манастыра, дзе знаходзілася цудатворная ікона Багародзіцы. Гэта быў пачатак росквіту гэтай найбольш слаўнай сьвятыні Божае Маці на Беларусі. Хутка аднак ён быў пакліканы на становішча архімандрыта Сьвятатроіцкага манастыра ў Вільні. У 1617 г. Язафат атрымлівае біскупскія сьвячаньні і назначаецца вікарным біскупам полацкім, а пасьля сьмерці арцыбіскупа Гедэона Бральніцкага ў 1619 г. – ягоным наступнікам на найстарэйшым у Беларусі біскупскім пасадзе. Пацярпеў мучаніцкую сьмерць у 1623 г. у Віцебску ад праціўнікаў Уніі. Такім чынам ён прынёс сябе ў ахвяру за адзінства веры. У 1867 г. папа Пій ІХ залічыў яго да ліку сьвятых.
Язафат вызначаўся глыбокай і шчырай пабожнасьцю і сьвятасьцю жыцьця, што прызнаюць нават ягоныя праціўнікі. Ён быў чалавекам малітвы, у якой шукаў сілы для дзейнасьці. Як сьвятар, ён гарэў жаданьнем дапамагчы іншым у больш цеснаым яднаньні з Богам. Стаўшыся біскупам, ён дбаў пра духоўны і маральны стан сваіх сьвятароў і напісаў для іх катэхізм і правілы жыцьця. Цалкам адданы Сьвятой Царкве, ён быў прасякнуты ўсходняй хрысьціянскай традыцыяй. На ўласным прыкладзе ён паказаў, што адзінства веры не азначае аднастайнасьць традыцыі, звычаяў і абрадаў. Пісаў на беларускай мове. Варта прывесьці думку расейскага вучонага П. Жучкевіча, якога нельга падазраваць у сымпатыі да Уніі: "У той час, калі Полацкі праваслаўны арцыбіскуп, вядомы Мялеці Сматрыцкі, вёў сваю літаратурную барацьбу з Уніяй на польскай мове, Полацкі уніяцкі арцыбіскуп, які згінуў такой жахлівай сьмерцю за сваю вернасьць Рыму, пісаў у абарону Уніі на рускай (г.зн. беларускай – А. Н.) мове".
Ахвяра сьвятога Язафата ўмацавала Уніяцкую Царкву. Несумненна ягоная мучаніцкая сьмерць мела ўплыў на прыняцьце Уніі Мялеціем Сматрыцкім, найбольш выдатным і здольным абаронцам Праваслаўя на Беларусі.