Нябёсы славяць цуда Твае, Госпадзе, і вернасьць Тваю – хоры сьвятых.
(Пс 88:6)
Царква асьвячае дні году сьвятамі ў гонар Г.Н. Ісуса Хрыста ці Багародзіцы, або ўспамінам сьвятых.
Сьвяты Гасподнія нагадваюць важнейшыя падзеі, апісаныя ў Евангельлях, з жыцьця на зямлі Г. Н. Ісуса Хрыста: Нараджэньне (“Раство”, 25 сьнежня), Хрышчэньне (“Вадохрышча”, або “Богазьяўленьне”, 6 студзеня); Перамяненьне (6 жніўня). Да іх трэба дадаць сьвята Узвышэньня Крыжа (“Узьдзьвіжаньне”,14 верасьня), устаноўленае на ўспамін знаходкі ў 326 г. Сьвятога Крыжа Аленаю, маці імпэратара Канстантына. Калі Гасподняе сьвята выпадзе ў нядзелю, дык нядзельная служба адмяняецца, і замест яе служыцца сьвяточная.
Два сьвяты ў гонар Маці Божае, Дабравешчаньне (“Зьвеставаньне”, 25 сакавіка) і Сустрэча (“Стрэчаньне”, 2 лютага), маюць таксама аснову ў Евангельлі. Іншыя – Нараджэньне (8 верасьня) і Усьпеньне (15 жніўня), – адлюстроўваюць старую царкоўную традыцыю. Службы Багародзічных сьвятаў не адмяняюць нядзельных службаў, але спалучаюцца з імі. Вялікая колькасьць меншых сьвятаў у гонар Багародзіцы (у тым ліку ў гонар яе цудатворных іконаў) сьведчыць аб любові і пашане, якімі яе атуляюць Царква і вернікі.
У іншыя дні году Царква адзначае больш або менш урачыста памяць сьвятых, г.зн. тых, хто, словамі трапара, “верна захаваў ў сабе вобраз Божы і, узяўшы крыж, пайшоў сьледам за Хрыстом”. Вельмі рана зьявіўся ў Царкве звычай ушанаваньня памяці мучанікаў. Сьвяты апостал Ян пісаў у канцы І ст.: “І калі адкрыў (Агнец) пятую пячаць, я ўбачыў пад ахвярнікам душы пазабіваных за Слова Божае і за сьведчаньне, якое яны мелі. І закрычалі яны моцным голасам: “Дакуль, Уладару сьвяты і праведны, ня судзіш і не караеш за нашую кроў тых, што жывуць на зямлі?” І далі кожнаму з іх белую вопратку і сказалі ім, каб спачылі яшчэ на кароткі час, пакуль не дапоўняць ліку іхнія спаўслужыўцы і браты, якія маюць быць забітыя, як і яны” (Адкр 6:9-11). Спачатку гэтае ўшанаваньне мела мясцовы характар, але паступова імёны некаторых мучанікаў сталіся вядомыя ва ўсёй Царкве. З часам, асабліва пачынаючы з IV ст., калі Царква атрымала свабоду, разам з мучанікамі пачалі ўспамінаць іншых сьвятых – апосталаў, пастыраў і настаўнікаў царкоўных, вызнаўцаў і інш.
Многія сьвятыя, імёны якіх знаходзяцца ў календары, жылі ў аддаленыя ад нас часы. Аднак сьвятасьць ня ёсьць уласьцівасьцю нейкай адной эпохі. Пра гэта сьведчыць практыка Царквы, якая праз кананізацыю (афіцыйнае пацьверджаньне сьвятасьці) ўвесь час дадае новыя імёны да ліку сьвятых.
Аддаючы пашану сьвятым, мы славім Бога, які іх праславіў.