2. Вільня - Працяг
Аднак былі межы, далей за якія вонкавыя кантакты марыянскім клерыкам не
дазваляліся, або прынамсі не рэкамэндаваліся. У 1936 годзе споўнілася
дзесяць гадоў з дня сьмерці а. Канстантына Стэповіча, больш вядомага як паэт
Казімер Сваяк. Беларускае грамадзянства пастанавіла адзначыць гэтыя ўгодкі
ўстанаўленьнем помніка на ягонай магіле на Росах у Вільні. Урачыстасьць
адбылася 6 чэрвеня. Каб узяць удзел у беларускай пілігрымцы на Кальварыю, з
усіх куткоў Заходняй Беларусі ў Вільню прыехала шмат беларускіх вернікаў.
Вось што запісана ў “Хроніцы” пад гэтай датай: «Ай. Станкевіч прапануе
прыняць учасьце ў пасьвячэньні памятніка кс. Стэповічу (К. Сваяку) на Россе,
але наша vis major (a. Юры Кашыра) аднёсься да прапазыкі нэгатыўна». Адмова
ўшанаваць памяць вялікага сьвятара і беларуса (дарэчы, аднакурсьніка Цікоты
зь Віленскай сэмінарыі) выглядае, мякка кажучы, дзіўна. Цікава ведаць, ці
гэта была пастанова самога Кашыры, які ня меў нават году сьвятарства, ці –
што больш верагодна – ён атрымаў нейкую інструкцыю не дазваляць клерыкам
удзельнічаць у публічных беларускіх імпрэзах.
Але абставіны хутка мяняліся. Айцец Германовіч, які паехаў у Харбін пад
паслушэнствам, захварэў там і прасіўся дамоў. Аднак Цікота – на той час ужо
генэрал марыянаў замест Бучыса – не сьпяшаўся задаволіць ягоную просьбу.
Тады Германовіч паскардзіўся свайму прыяцелю айцу Адаму Станкевічу. 20
красавіка 1935 году той піша гнеўны ліст Цікоту: «Здаецца мне, што ўжо пара
пачаць вам рэалізаваць паварот Язэпа з Харбіна... Мне здаецца, што далей
марнаваць там ягоны талент і здароўе – гэта нешта сапраўды кашмарнае.
Прабываньне далейшае Язэпа ў Харбіне – гэта, на маю думку, яўная
супярэчнасьць вашай канстытуцыі. Каб нябошчык Матулевіч устаў з гробу і
пабачыў на гэтую вашую харбінскую зацею, дык сапраўды за галаву ўзяўся б...
Я тут толькі цябе “ад імя ўсёй Беларусі” прашу выбавіць Язэпа з Харбіну і
даць яму адпаведныя варункі жыцьця і працы».
Невядома, ці меў нейкі ўплыў ліст Станкевіча, але ў канцы 1935 году
Германовіч пакінуў Харбін. Ён затрымаўся на некалькі месяцаў у Рыме, каб
паправіць здароўе. I вось у “Хроніцы” пад датаю 19 чэрвеня 1936 году
знаходзім запіс: «Гэтага дня прыяжджае да нас з Рыму Ай. Язэп Германовіч
М.І.С. Брат Чэсь (Сіповіч. – А.Н.) імправізуе прывітальную мову».
Радуючыся вяртаньню айца Германовіча, беларусы, аднак, не забыліся пра
сьвятароў, якія засталіся ў Харбіне, далёка ад Бацькаўшчыны. Калі ўлетку
1936 году прыйшла вестка пра хваробу айца Абрантовіча, Хрысьціянская думка
пісала: «Рэдакцыя Хр. Думкі шле прывет і выражае сваё гарачае спачуцьцё
Дастойнаму Другу, Абрантовічу, і ягоным супрацоўнікам. Калі ж нарэшце
прыйдзе час, магчымы для працы ў роднай старане?! Цешымся з таго, што нашы
беларусы трапляюць слаўна змагацца там, гдзе ўсе апускаюць рукі. Але як жа
нам сумна, што адрываюцца ад роднай нівы найлепшыя працаўнікі! Наш апушчаны
народ патрабуе сам ратунку. “Шкада гэтага народу!..” Хто ж яму, спрагненаму
слова Божага, гэтага “штодзеннага хлеба”, паслужыць, калі сыны ягоныя едуць
на Далёкі Ўсход?..»[38]
Пасьля чатырох гадоў “на выгнаньні” айцец Германовіч яшчэ вастрэй адчуў
бяспраўнае становішча беларусаў і беларускай мовы ў Каталіцкай Царкве. Ён
пісаў: «У нашай жывой веры ёсьць адзін зьняжывелы пункт, каторы, як
страшэнная зараза, затрувае (атручвае? – А.Н.) усё наша рэлігійнае жыцьцё...
Ад гэтага няшчасьця трэба ратавацца з усёй сілы!.. Справа вось у чым: у
нашай старане знайшліся такія людзі (на няшчасьце, ёсьць паміж імі многа
духоўных), каторыя кажуць, што ня можна быць добрым каталіком, будучы
беларусам. Кажуць таксама, што абавязкова трэба адрачыся сваёй мовы і цалком
пераапрануцца ў чужынца... He, ня мог той Добры Вучыцель, каторы так любіў
людзей простых і бедных, адпіхнуць ад Сябе і свайго Касьцёла народ
найпрасьцейшы з простых – народ беларускі!.. Цяперашняе паніжэньне
беларускай мовы ў Касьцеле выходзіць з волі несправядлівых людзей, a не зь
сьвятой волі Божай... Дык хто зьневажае нашу мову, той зьневажае нашу
годнасьць чалавечую. Цяжка грашыць той нягоднік, каторы крыўдзіць
безбароннае дзіця, або калеку-сьляпога папіхае ў яму, ці адбірае ад беднага
апошні грошык. Але які ж грэх тым бязбожным людзям, што абдзіраюць з мовы і
годнасьці чалавечай, высьмейваюць і паніжаюць безбаронны Беларускі народ! І
якую ж віну панясуць на Суд Божы тыя ксяндзы (а іх так многа!), каторыя,
будучы пастаўлены на стражы справядлівасьці, твораць такую няпраўду і
крыўду!.. Гэта грэх, каторы кліча аб помсту да неба»[39].
Цяжка ўявіць, каб з такімі поглядамі айцец Германовіч мог прыдбаць сабе
шмат прыяцеляў сярод польскіх сьвецкіх і духоўных уладаў. Хоць ён падпісваў
свае творы псэўданімам Вінцук Адважны ці ініцыяламі В.А., “кансьпірацыя”
стварала толькі прывіднае ўяўленьне бясьпекі: наіўна было б думаць, што
адпаведныя польскія органы ня ведалі сапраўднага прозьвішча аўтара.
Увосень таго ж году Германовіча прызначылі супэрыёрам Марыянскай калегіі
ў Вільні на месца Кашыры. У яго наладзілася цеснае супрацоўніцтва з айцом
Адамам Станкевічам. Ён увайшоў у рэдкалегію Хрысьціянскай думкі, дзе часта
зьяўляліся ягоныя байкі і артыкулы. Найперш, аднак, айцец Язэп выказаў сваю
“думку аб Хрысьціянскай думцы”, якая «павінна пісацца ня толькі ксяндзоўскай
пэўнай рукою, але й дрыгучай клерыцкай і мазалістай сялянскай»[40].
Гэта не былі пустыя словы: неўзабаве некаторыя клерыкі, заахвочаныя айцом
Язэпам, пачалі спрабаваць свае пісьменьніцкія здольнасьці. Такім чынам, у
траўні 1937 году ў Хрысьціянскай думцы зьявіўся артыкул Чэслава Сіповіча
“Малімося ў роднай беларускай мове” пад псэўданімам Крывічанін. У гэтым
ягоным першым друкаваным творы ўжо можна бачыць усе асаблівасьці мовы і
стылю аўтара, а таксама галоўныя кірункі ягоных зацікаўленьняў. Сярод іншага
ён пісаў: «Надта многа беларусаў, можна сказаць – пераважная часьць, моліцца
на чужой мове, якой у большай часьці не разумее. Ці ж мала ёсьць сьмешнасьці
пры гэтым?.. У гадзінках да Найсьв. Д. Марыі па-польску ёсьць зваротка, гдзе
пяецца: “...плястр мёду Самсона”[41].
Нашыя бабулькі пяюць: “...плясь у морду Самсона”... Будучы на могілках,
бачыў я такі абразок з жыцьця. Сталі людзі закопваць магілу і пяяць
па-польску “Анёл Паньскі”... Нагла пачулі ўсе беларускі голас, што вырываўся
з глыбіні душы, і прычытаньне: “Ах Божа мой, Божанька! Чаму ж Ты забраў мне
cястрыцу?.. Каму ж Ты пакінеш сіротак?..” Польская мова ксяндза і песьня ў
тэй жа чужой мове пры гэтым беларускім простым сардэчным галашэньні
выглядалі неяк урадава, зімна... Калі бачыш такія факты, дык аж ня верыцца,
што гэтыя самыя жывыя людзі ніколі не гавораць пацераў і агулам ніколі ня
моляцца па-беларуску. Вось жа першым шагам, каб наша мова не была толькі
гаворкай з нябошчыкамі, павінны мы гэтай мовай карыстацца там, гдзе мы маем
паўнату свабоды, у гаворцы з Тварцом, a пасьля сьмела і адважна між сабою»[42].
Яшчэ раней Сіповіч паспрабаваў свае сілы ў паэзіі. У лютым 1937 году
зьявіўся ў Хрысьціянскай думцы верш “Звон”, першая страфа якога гучала так:
Звон ціха расплыўся ў далі,
Грамады людцоў прабудзіў
На голас ягоны паўсталі:
Час мольбаў ужо надхадзіў.[43]
Зьяўленьне новай паэтычнай зоркі на беларускім Парнасе прайшло зусім
незаўважаным, дый сам аўтар, відаць, зразумеў, што паэта зь яго ня будзе.
Затое ў сваіх артыкулах Сіповіч паказаў сябе добрым назіральнікам жыцьця,
які ўмеў апісаць бачанае жыва і цікава. Вось хоць бы ягоныя прыгоды з
прадаўцамі кніг на традыцыйным Казюковым кірмашы, што адбываўся на Лукіскай
плошчы ў Вільні ў дзень сьвятога Казімера, 4 сакавіка. Падышоўшы да першага
прадаўца, «глянуў... і спалохаўся. Вялікая куча кніжак і шпаргалаў каля
балота, або і зусім у балоце... Пры гэтай кучы кніжак, каторую людзі паролі
і раскідалі штораз больш, прышло мне некалькі думак. Калі ўсё гэтае
параскіданае – глупства... то нашто ж людзі столькі папсулі паперы, часу?
Калі тая кніжка разумная і вартасная, то чаму ж яна валяецца?» У другога
прадаўца парадак быў лепшы, але ў яго збор твораў Шылера і
“ягіпска-фараонскі соньнік”, які намагалася купіць нейкая паня, прадаваліся
амаль па аднолькавым кошце: «Страшэнная агарнула мяне злосьць з прычыны
гэтых кніжак і цэн: на кніжкі генія і дурнейшага ад бота аўтара соньніка.
Пры купцу кажу: “Дык паня не стыдаешся чытаць і верыць у такія рэчы?” – “О
не, та ж ксіонжка пшэце друкавана” – адказвае, крыху зьмяшаўшыся». Нарэшце:
«Іду ў трэцяе мейсца. “Пакажы мне, дзядзька, хоць адну добрую кніжыцу!” –
зьвяртаюся да прадаўца. Паміж іншымі выняў “Геаграфію Беларусі” і “Гісторыю
Новага Завету”. Убачыўшы сваё – я засьмяяўся. Чаму зрабіў упапярок маім
першым думкам? Хіба паводле натуральнага права душы нашай, што, знайшоўшы
сваё дарагое і ў балоце, сярод сьмяцьця, цешышся і туліш да грудзей. Даў
паўзалатоўкі і пакінуў як найхутчэй Лукіскі пляц, слаўны вастрогам і
Казюковым кірмашом»[44].
Пачаў пісаць у Хрысьціянскую думку і другі клерык, Антон Цьвячкоўскі, які
падпісваўся псэўданімам Антон Кумша. Дарэчы, іншыя беларусы таксама хацелі
цясьнейшага супрацоўніцтва між Хрысьціянскай думкай і беларускімі марыянамі.
Айцец Талочка пісаў у 1936 годзе: «Думаю, што было б добра, каб нашыя айцы
марыяны пазволілі аднаму зь іх падпісваць “Хр. Думку” як рэдактару, а так жа
каб далі сваю марыянскую фірму на выдаўца. Можна і трэба запрагчы марыянскіх
студэнтаў клерыкаў, каб нешта пісалі. Клерыкі літоўцы пішуць у “Viln.
Aušra”. Клерыкі латышы пішуць у “Katolu Dzeve”. Клерыкі вуніяты ў Дубне
пішуць у свой часапіс “Друг”. Вось жа ідзём і мы іх сьлядамі!»[45]
Айцец Германовіч пачаў весьці пастырскую працу, дапамагаючы розным
беларускім сьвятаром: айцом Кулаку, Борыку ды іншым. Часта служыў Імшу ў
царкве Сьвятога Духа ў Вільні, беручы з сабою пару клерыкаў за асыстэнтаў.
Так вось, напрыклад, у “Хроніцы” адзначаецца пад 29 лістапада: «Першая
нядзеля Адвэнту. Айцец Я. Германовіч цэлебруе “рараты” ў касьцеле сьв. Духа.
Прыслужываюць да Імшы modo canonico бр. Сіповіч і Цьвячкоўскі. Казаньне
гаварыў кс. Адам Станкевіч».
Каталікі розных нацыянальнасьцяў у Вільні – немцы, летувісы і нават
расейцы – мелі свае ўласныя сьвятыні. Толькі беларусы каталікі ня мелі сваёй
царквы. Нават біскуп Матулевіч не наважыўся ім яе даць – гэтак зацята
супраціўляліся палякі. Дзякуючы айцу Адаму Станкевічу, які сябраваў зь
летувісамі, тыя дазволілі беларусам карыстацца зь іхнай царквы (касьцёла)
сьв. Міколы (або, як тады казалі, Мікалая). У гэтым касьцёле ў нядзелі і
вялікія сьвяты адбываліся багаслужбы для беларусаў. Звычайна служыў Адам
Станкевіч і сьпяваў беларускі хор. На гэтыя беларускія багаслужбы прыходзілі
і марыянскія клерыкі. Так, напрыклад, у “Хроніцы” пад датаю 2 лютага 1937
году запісана: «Імшу сьв. слухаем у касьцеле сьв. Мікалая. Казаньне стройна
гаварыў кс. Адам Станкевіч. Громка сьпявалі “Божа, што калісь народы”». У
гэтай царкве айцец Германовіч меў ад 25 да 28 лютага рэкалекцыі для
беларускай інтэлігенцыі. Яшчэ раней, 2 лістапада 1936 году, у дзень задушны,
айцец Язэп павёў сваіх гадаванцаў на Росы. Вось што піша пра гэта “Хроніка”:
«Задушкі. Ідзём на Россу... На могілках Россы доўга шукаем магілы кс.
Стэповіча. Урэшце знашлі. Дзівіць нас прастата яе і скромнасьць. Запальваем
сьвечкі. Адмаўляем супольна “Анёл Панскі”. Айцец супэрыёр (Германовіч. –
А.Н.) падае агульныя весткі аб асобе Казімера Сваяка і Альбіна Стэповіча.
Дзіўным пачуцьцём напоўнены вяртаемся да хаты».
Марыянская калегія зрабілася за а. Германовічам месцам цікавых сустрэч.
Так, пад датаю 7 лістапада 1936 году “Хроніка” падае: «Гэтага дня слухаем у
сваім рэфэктары (сталовым пакоі. – А.Н.) канцэрт. Іграе на цымбалах дзядзька
Аляксандар Матусевіч, родам з Гальшан. Перад музыкай падае аўтобіяграфічныя
зацемкі. Быў у Манчжурыі, перайшоў бальшавіцкую Расею. Немалая геаграфія
майго жыцьця – кажа. Ігра была на высокім ураўні мастацкім, тым больш, што
граў свае кампазыцыі пры тэхніцы без закіду. Уражаньне як найлепшае.
Прысутнымі былі госьці кс. А. Станкевіч, Берняковіч (экс-студыта), студэнты
В. Ермалковіч і П. Гайдзель». Вялікая падзея адбылася 20 траўня 1937 году:
«Гэтага дня гасьцілі ў нашым доме: Забэйду-Суміцкага, артысту сьпевака опэры
мілянскай Ля Скаля; кс. рэд. А. Станкевіча; рэд. Я. Пазьняка; інж. Клімовіча
і Мгр. Шутовіча».
Вялікага беларускага сьпевака Міхася Забэйду-Суміцкага марыянскія клерыкі
мелі нагоду чуць раней, на Дні беларускай культуры 13 сьнежня 1936 году.
Вось што кажа пра гэта “Хроніка”: «Дзень Беларускай Культуры. Калегія in
corpore бярэ ўчасьце. Акадэмія ў салі гімназіі Вітаўта Вялікага (летувіскай.
– А.Н.). Рэфэрат аб культуры чытае кс. Ад. Станкевіч. Сільнейшыя кроме таго
мамэнты вечару: прамова ўкраінскага пасла Трэяна па-ўкраінску, мілагучныя
напевы хору Шырмы і сьпеў солё артысты опэры La Scala Забэйды-Суміцкага.
Уражаньне як найлепшае».
Як відаць з пададзеных прыкладаў, а. Германовіч імкнуўся ўзгадоўваць
маладых клерыкаў так, каб яны адчувалі сябе часткаю беларускага рэлігійнага
і грамадзкага асяродзьдзя. Гэта не падабалася Цікоту – нехта даносіў таму
пра ўсё, што рабілася ў Вільні, хоць яно й не было сакрэтам. 2 сакавіка 1937
году Цікота піша Германовічу: «Маю да цябе, даражэнькі, просьбу: будзь
ласкаў на такія рэчы, як Дзень Культуры або штось падобнае, клерыкаў не
пускаць. Прыходзіць мне думка, ці ты іх не пушчаеш часам на лекцыі БІГК
(Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры. – А.Н.), а гэта тож было б
непатрэбна. Яны мусяць мець свайго роду далейшы працяг навіцыяту, і яны аб
гэтым павінны ведаць. He забывайся тож аб абставінах, у якіх знаходзіцеся.
Трэба тож старацца, каб яны і ў нядзелю мелі імшу сьвятую ў сябе дома і не
хадзілі па касьцёлах».
He ўхваляў Цікота таксама грамадзкай і пісьменьніцкай дзейнасьці а.
Германовіча. У лісьце за 14 траўня 1937 году ён пісаў: «Прыкра мне
прыпамінаць табе ўжо ня першы раз канстытуцыі (марыянскія. – А.Н.), але мушу
рабіць гэта са свайго абавязку, і вельмі, вельмі прашу помніць, што істнуе
365 н. Кон(стытуцыі), a 180 н. забараняе нам мяшацца ў якія колечы
нацыянальныя спрэчкі і наказывае заўсёды шукаць толькі справы Хрыстусовай і
Касьцёла. Выбачай мне, што табе дакучаю. Але скажы мне, што ты рабіў бы,
знаючы, што хтось з тваіх падуладных робіць штось без дазволу і нязгодна з
канстытуцыямі? Няўжо ты думаеш, што твой талент прападзе, калі будзеш зь яго
карыстацца, атрымаўшы дазвол, паддаючыся адпаведнай цэнзуры і нікому не
прыпісваючы “асьліных вушэй”?»
Згадка пра асьліныя вушы вельмі цікавая. Рэч у тым, што неўзабаве пасьля
таго як а. Германовіч вярнуўся з Манчжурыі ў Вільню, у Хрысьціянскай думцы,
апрача Вінцука Адважнага, зьявіўся яшчэ адзін “новы супрацоўнік”, Лявон
Ветрагон, аўтар вострых, але нязлосных сатырычных вершаў на надзённыя тэмы.
Ён нават займеў у газэце свой уласны “куток”, які называўся “I дзіўна і
страшна”. Звычайна тэмамі служылі міжнародныя палітычныя падзеі, але
даставалася таксама і беларусам. Вось як Ветрагон, напрыклад, апісвае
беларускае палітычнае жыцьцё ў Вільні пры канцы 1936 году:
Жыцьцё наша палітычна –
Безьбярэжна, безгранічна,
Кожны дзень зьлятае з шынаў,
Прэць па шпалах, як машына.
У беларускім гарызонце –
Фронт пад фронтам, фронт на фронце.
А як фронт удасца слабы –
Падпіраюць яго бабы.
Гэй, палітыкі, глядзеце:
Душы цэлай недзялеце!
Жыцьцё наша, як захоча,
Вашы фронты пераскоча:
Астанецесь толькі самі,
Ды з парожнымі рукамі...[46]
20 сакавіка 1937 году Хрысьціянская думка надрукавала верш Ветрагона
“Мікель Анджэлё і ягоны крытык”, дзе аўтар з гумарам апавядае пра тое, як
вялікі італійскі мастак ХVІ стагодзьдзя адпомсьціў свайму крытыку,
памясьціўшы ягоны партрэт у пекле на сваёй карціне Страшнага Суду ў
Сыкстынскай капліцы ў Ватыкане. Верш канчаецца наступнымі радкамі:
Вось крытык, дужа невясёлы
Зьмяёю апаясан, голы
Сядзіць у пекле тымчасамі
На дне з асьлінымі вушамі. (Вылучана мною. – А.Н.)
Здавалася б, у вершы не было нічога асаблівага, каб не прысьвячэньне:
“Ахвярую майму крытыку з Беларускага фронту”[47].
Гэтае выданьне даволі крытычна ставілася да Хрысьціянскае думкі. Адрозна ад
яе, Беларускі фронт меў чыста палітычны і сьвецкі характар, хоць ягоным
заснавальнікам і рэдактарам быў вядомы каталіцкі сьвятар і палітычны дзеяч
айцец Вінцэнт Гадлеўскі. Відаць, Цікота ў Рыме добра ведаў, хто такі Лявон
Ветрагон. Цікава, ці ведаў ён таксама, што марыянскія клерыкі пад
кіраўніцтвам таго Ветрагона пачалі пісаць у Хрысьціянскую думку?..
Невядома, як рэагаваў а. Германовіч на павучаньні свайго генэрала, але на
Лявона Ветрагона, – які, між іншага, раптоўна зьнік, як толькі польскія
ўлады выселілі а. Германовіча зь Вільні, – яны не зрабілі ніякага
ўражаньня, і ён працягваў пісаць і друкаваць свае вершы. Таксама ў
студэнцкай “Хроніцы” пад датаю 16 траўня 1937 году знаходзім наступны запіс:
«Участвуем усе ў канцэрце беларускім, ладжаным Студэнцкім Саюзам у
ўнівэрсытэцкай салі Сьнядэцкіх УСБ (Унівэрсытэту Сьцяпана Батуры. – А.Н.).
Сьпяваў мілагучна хор Шырмы і Забэйда-Суміцкі. Усё на высокім уроўні
мастацкім».
Notes
[38] “Z Dalokaha Uschodu”,
Chryścijanskaja dumka, No. 9 (123), Vilnia, vierasień 1936, s. 6–7.
[39] W. A. “Dobry katalik”,
Chryścijanskaja dumka, No. 9 (123), Vilnia, vierasień 1936, s.
5–6.
[40] W. Adw. “Maja dumka ab “Chryścijanskaj dumcy”,
Chryścijanskaja dumka, No. 7 (121),
Vilnia, lipień 1936, s. 5.
[41] Плястр мёду (plastr miodu) – мядовыя соты (польск.).
[42] Krywičanin.
“Malimosia u rodnaj biełaruskaj mowie”, Chryścijanskaja dumka,
No. 10 (136), Vilnia, 20.05.1937, s. 2–3.
[43] Krywičanin Wasil.
“Zwon”, Chryścijanskaja dumka. No. 4 (130), Vilnia, 20.02.1937, s. 4.
[44] Krywičanin V.
“Badziajucca knižki”, Chryścijanskaja dumka. No. 9 (157), Vilnia,
30.03.1938, s. 6.
[45] Chryścijanskaja
dumka, No. 10 (124), Vilnia, kastryčnik 1936, s. 8.
[46] Lawon Wietrahon.
“I dziuna i strašna”, Chryścijanskaja dumka, No. 12 (126), Vilnia, śniežań
1936, s. 8.
[47] Lawon Wietrahon.
“Michel Angelo i jahony krytyk”, Chryścijanskaja dumka, No. 6 (132), Vilnia,
20.03.1937, s. 7.