4. У Вечным горадзе - Працяг
На той час у Польшчы былі тры беларускія сьвятары з Друі: Казімер
Смулька, Язэп Дашута і Віталіс Хамёнак. Пры добрай волі чаму б не даручыць
аднаму зь іх пастырскую працу сярод беларусаў? Але, відаць, добрай волі не
хапіла ня толькі ў Варшаве, але і ў Рыме. 8 лютага Сіповіч запісаў у
“Хроніцы”: «На гэту просьбу паслана ўжо добрая рада, каб зьвярнуўся Бел.
Камітэт з такой самай просьбай да Ўсходняй Кангрэгацыі». Сапраўды, Бучыс, не
адкладаючы, на наступны дзень даў свой адказ Беларускаму Камітэту. У сваім
лісьце на нямецкай мове ён пісаў: «Прыходжу вам на дапамогу з добрай радай:
напішыце, калі ласка, магчыма як найхутчэй у гэтай справе... у Рым на
наступны адрас: Яго Эмін. Кард. Тысэран, прэфэкт Кангрэгацыі для Ўсходніх
Цэркваў, Рым, вія дэльля Канчыліяцыёнэ 127-129»[70].
Незразумела, як можна назваць гэтую параду “добрай”. Беларусы каталікі ў
Варшаве ўсе належалі да рымскага (лацінскага) абраду, і таму іхныя справы не
ўваходзілі ў кампэтэнцыю Ўсходняй Кангрэгацыі. Але нават калі б яны і былі ў
ейнай кампэтэнцыі, што мог зрабіць Рым у ваенны час у Польшчы? Сваім адказам
Бучыс быццам хацеў сказаць беларусам, каб яны пакінулі марыянаў у спакоі.
Між іншага, старшыня Беларускага камітэту Др Мікола Шчорс быў праваслаўным.
Цікава, якое ўражаньне зрабіў на яго адказ марыянаў, якія рваліся “навяртаць
Расею”, а для беларусаў каталікоў адмовіліся даць нават аднаго
сьвятара-беларуса.
Пытаньне духоўнай апекі беларускай каталіцкай грамадой у Варшаве
разьвязалася, калі на пачатку лютага туды прыехаў айцец Пётра Татарыновіч,
вядомы беларускі сьвятар, пісьменьнік і дзеяч, якому давялося выехаць зь
Беларусі пад пагрозай арышту. Ён хутка зарганізаваў парафіяльнае жыцьцё, а ў
верасьні таго самага году быў прызначаны настаўнікам рэлігіі ў беларускай
школе. Як зазначыў Сіповіч у сваёй “Хроніцы” 21 сакавіка 1942 году, польскі
марыянскі правінцыял а. Собчык – той самы, які не хацеў гаварыць зь
беларусамі, – напісаў у Рым пра прыезд Татарыновіча ў Варшаву. У сваім
лісьце ён таксама пісаў пра беларускіх марыянаў у Польшчы, асабліва пра а.
Дашуту, які рваўся ў Друю, але правінцыял Собчык ня даў дазволу, бо ў Друі
ўжо хапала польскіх марыянаў, a Дашута быў патрэбны ў Польшчы. 22 красавіка
Сіповіч атрымаў з Варшавы ліст ад другога беларускага марыяніна, а. Віталіса
Хамёнка, у якім той пісаў: «Магчымасьць можна было б вырабіць на паварот з
выгнаньня ў Друю і ўсе б мы хацелі як птушкі паляцець, але мусемо свае
пажаданьня ўзалежніць з воляй Божай і пшэложоных (старэйшых)».
Варшаўскі інцыдэнт, відаць, не даваў спакою Сіповічу. Як беларус, ён
адчуваў крыўду, учыненую беларусам. Як марыянін, шчыра прывязаны да свайго
закону, Сіповіч імкнуўся апраўдаць учынак законных уладаў. Сярод ягоных
папераў ёсьць копіі лістоў Варшаўскага Беларускага Камітэту і адказу Бучыса,
а таксама, на асобным кавалку паперы, ягоныя заўвагі да іх. Ён падае
наступныя магчымыя прычыны, чаму марыяне адмовіліся дапамагчы беларусам:
«1. Нямецкая палітыка і дзеля таго правінцыял не хацеў гутарыць;
2. Беларусы могуць заспакоіць свае патрэбы рэлігійныя ў польскіх
касьцёлах: каталіцтва вышэй нацыі (падкрэсьлена Сіповічам. – А.Н.);
нацыяналізм беларускі;
3. Чаму privato modo не напісаў ніхто з сваіх беларусаў?»
Усе тры прычыны не вытрымліваюць крытыкі. Нямецкая палітыка не
перашкодзіла а. Татарыновічу плённа працаваць цягам наступных двох гадоў.
Што да другой прычыны, дык у Варшаве былі не адзінкі беларусаў каталікоў, а
вялікая грамада. Іхнае жаданьне мець сваю парафію з казанямі і навучаньнем
рэлігіі для дзетак на роднай мове, дзе б гучалі свае рэлігійныя сьпевы,
зусім зразумелае і ня мае нічога супольнага з нацыяналізмам, а, наадварот,
паказвае, што беларусы каталікі даражылі сваёй верай. Дый супрацьстаўленьне
“каталіцтва – нацыя” ў аснове сваёй фальшывае, бо гэта два розныя паняткі,
ніяк не супярэчныя адно другому. Трэцяя прычына – зусім непаважная і
выглядае на спробу зваліць бяду з хворай галавы на здаровую. Яна нагадвае
судовую пастанову прыстава Кручкова зь вядомай камэдыі Дуніна-Марцінкевіча
“Пінская шляхта”. Той, разгледзеўшы справу бойкі між двума шляхцічамі,
пакараў усіх, нават тых, хто не прысутнічаў, бо, ня будучы прысутнымі, яны
ня бачылі бойкі і таму не маглі яе спыніць. Дый што гэта за “свае беларусы”,
якія мусілі напісаць і не напісалі?
Безумоўна, трэба ўзяць пад увагу, што Сіповіч тады быў яшчэ маладым
сьвятаром і ня меў пастырскага досьведу. Пазьней у жыцьці, калі яму амаль
на кожным кроку даводзілася бараніць правы беларусаў і беларускай мовы ў
Царкве, ён, напэўна, не спрабаваў бы апраўдаць тое, што не падлягала
апраўданьню.
Між тым марыяне па-ранейшаму жылі ў Друі. Адзін зь іх, паляк зь Беларусі,
айцец Антон Ляшчэвіч (1890–1943), правёў большую частку свайго сьвятарскага
жыцьця на Далёкім Усходзе, у тым ліку ў Харбіне. У 1938 годзе ён вярнуўся ў
Польшчу і ўступіў у марыянскі закон. Навіцыят адбыў у польскім горадзе
Скужэц і ў жніўні 1939 году, за тыдзень да пачатку вайны, прыехаў у Друю.
Другім марыянінам быў Юрай Кашыра (1904–1943), адзін зь беларускіх айцоў,
выселеных з Друі ў 1938 годзе. На пачатку вайны ён трапіў у Летуву, дзе
прабыў блізу трох гадоў. У 1942 годзе вярнуўся ў Друю. Абодвух айцоў немцы
жыўцом спалілі разам зь іхнымі парафіянамі, якіх аа. Ляшчэвіч і Кашыра
адмовіліся пакінуць, у вёсцы Росіца на поўнач ад Друі 17–18 лютага 1943
году. Вестку пра іхную пакутніцкую сьмерць атрымалі ў Рыме 10 траўня, а
пацьверджаньне – 10 чэрвеня. У 1999 годзе папа Ян Павал II абвясьціў гэтых
двох сьвятароў блаславёнымі.
12 студзеня 1942 году Бучыс склаў нататку пад назовам “De missione
orientali inter alborussos” (Пра ўсходнюю місію сярод беларусаў). З падобнай
просьбай да яго зьвярнулася Ўсходняя Кангрэгацыя, напэўна, таму, што ўвосень
1939 году мітрапаліт Шаптыцкі заснаваў чатыры экзархаты (у тым ліку
Беларускі). Рым пасьля доўгіх ваганьняў і першапачатковай адмовы ўрэшце
неахвотна іх зацьвердзіў. На чале Беларускага экзархату Шаптыцкі паставіў
айца Антона Неманцэвіча, беларускага езуіта ўсходняга абраду. У ліпені 1942
году немцы арыштавалі а. Неманцэвіча, і ён памёр у турме ў часе эпідэміі
тыфусу[71].
Большая частка нататкі Бучыса складалася з павярхоўных зьвестак, узятых
зь беларускіх календароў за 1938 і 1939 гады, артыкулаў у газэце Крыніца,
што выходзіла ў Вільні ад кастрычніка 1939 да ліпеня 1940 году, і да т. п.
крыніцаў. Больш цікавыя ягоныя высновы. Вось галоўныя зь іх: «Беларусь
зьяўляецца часткаю ўласна Расеі... у наш дзень няма лепшага мосту між
каталіцызмам і Расеяй, як Беларусь... Навернутая, Беларусь здолее даць
дастатковую колькасьць працаўнікоў, здатных навярнуць усю Расею... Цяпер
неадпаведны час, каб гаварыць падрабязна, як зарганізаваць беларускую місію
для навяртаньня Расеі. Тым ня менш зусім ясна, што ўся каталіцкая герархія
на тэрыторыі Беларусі мусіць мець перакананасьць у неабходнасьці гэтай місіі
і яе асноўных прынцыпах... Пяты прынцып вельмі далікатны: ён кажа быць
асьцярожным у публічным прызнаньні нацыянальнай незалежнасьці Беларусі ў
Вялікай Расеі, каб гэта не прывяло да варожасьці між Беларусяй і Расеяй і не
пашкодзіла будучай працы па навяртаньні апошняй. З другога боку, беларускі
патрыятызм ужо добра прачнуўся, і таму адмаўленьне незалежнасьці можа лёгка
стаць перашкодаю для навяртаньня беларусаў некаталікоў. Такім чынам, ад
біскупаў Беларусі патрабуецца незвычайная абачлівасьць»[72].
Відаць, Усходняй Кангрэгацыі давялося доўга шукаць такога “экспэрта” ў
беларускім пытаньні. Гэта яшчэ адзін доказ, як мала, на жаль, ведалі пра
Беларусь у Рыме. Для Бучыса, які да канца застаўся верным вучнем Дэрбіньі,
важным было “навяртаньне Расеі”. Пра Беларусь ён амаль нічога ня ведаў, а
дбаў яшчэ менш.
Варта параўнаць выказваньні Бучыса з тым, што казаў у гэтай справе
Шаптыцкі. У сваёй справаздачы пра Беларускі экзархат вялікі ўкраінскі
мітрапаліт пісаў: «Вельмі сумна бачыць, што ў XX стагодзьдзі каталіцкая
нацыя, якая налічвае амаль 3 мільёны душаў, павінна ўважаць біскупа сваёй
нацыянальнасьці як недасяжны ідэал. Беларусы больш за ўсё хочуць мець
біскупа сваёй нацыянальнасьці, бо яны маюць патрэбу ў сьвятарох сваёй
нацыянальнасьці»[73].
Сіповіч, здаецца, ад самага пачатку ведаў пра нататку Бучыса. Празь
дзевяць гадоў, 8 траўня 1951 году, ужо зь Лёндану ён зьвяртаўся да Бучыса:
«Мне добра ведама, што Ваша Эксцэленцыя пісаў аб беларусах у Сьв. Усх.
Кангрэгацыю і то тады, калі іншыя мала або й зусім беларусамі не
цікавіліся... Жыцьцё аднак пайшло наперад і ставіць іншыя вымогі. Дзеля таго
ня з усімі Вашымі плянамі і сугэстыямі, якія Вы давалі Сьв. Кангрэгацыі,
сяньня беларусы згодзяцца (маю на думцы ваш трактат: “De missione orientali
inter alborussos” ад 12.1.1942 г.). Каталіцтва на Беларусі павінна
разважацца ў такім самым маштабе, як, прыкладам, у Нямеччыне, у Літве, на
Ўкраіне etc. – гэта значыць, Беларусь павінна мець собскае духавенства,
собскую вышэйшую герархію, залежную вылучна ад Рыму».
22 ліпеня 1942 году Бучыс меў доўгую гутарку зь Сіповічам пра Беларусь.
Вось галоўныя думкі, запісаныя ў “Хроніцы: «Ёсьць фактам – казаў (Бучыс. –
А.Н.) – што беларусы сяньня разьеднаны: адны падчорківаюць сваю
нацыянальнасьць як асобую сярод славянаў, другія лічаць сябе палякамі, а
некаторыя расейцамі. Пры гэтым зьяўляецца трайная магчымасьць выбару:
прыналежнасьць да Польшчы або да Расеі, або самастойнасьць і незавісімасьць.
За прыналежнасьцю да Польшчы стаіць тое, што яна каталіцкая; за
прыналежнасьцю да Расеі тое, што беларусы католікі ў рэлігійных адносінах
маглі б лучаваць (праменіць? – А.Н.) на ўсю Расею. З абоіх, аднак, бакоў
гразяць беларусам небясьпекі, і вымагалася б ад беларусаў ахвяр. Вось жа што
выбіраць беларусам як лепшае Владыка не асьмельваецца паказаць і пакідае
гэта самім беларусам. Аб сваіх ахвярах хай рашаюць самі». Маленькі эпізод,
які кідае сьвятло на мэнтальнасьць гэтага чалавека. Хрыстос устанавіў
Царкву, каб даць магчымасьць людзям – адзінкам і группам – разьвіць
поўнасьцю іхны духоўны патэнцыял аж да Божага ўсынаўленьня. Бучыс жа хацеў
узалежніць лёс усёй нацыі ад абстрактнага панятку дабра Царквы. Прыгадваецца
гісторыя з а. Канстантынам Стэповічам: яму, яшчэ маладому на той час
вікарнаму сьвятару, пробашч забараніў размаўляць зь людзямі па-беларуску, бо
«гэтага вымагае касьцельная палітыка».
Іншы эпізод, запісаны ў “Хроніцы”, адбыўся 26 лістапада 1943 году:
«Айцец Енэрал сабраў усіх усходнікаў да сябе і абгаварыў з імі справу
правідловых адносінаў да рознага роду нацыяў і нацыяналізму. Пры гэтым ён
моцна падчыркнуў, што для Царквы не адносяцца беспасярэдня такія пытаньні
як: “Будзе Расея складацца з Украіны і Беларусі ці бяз іх”. Дзеля гэтага
папеж, памагая ў Рыме Ўкраінскай калегіі, сочыць патрэбы Царквы, а не народу
беспасярэдня ўкраінскага». “Усходнікамі”, апрача Сіповіча, былі два
расейскія студэнты-багасловы, якіх Абрантовіч у 1939 годзе прывёз з сабою ў
Рым з Харбіну. У тым часе кожная згадка пра незалежнасьць Беларусі і Ўкраіны
выклікала алергію ў расейцаў усіх палітычных кірункаў.
У сярэдзіне 1943 году было зразумела, што вайна, хоць і ня страціла сваёй
лютасьці, набліжалася да канца. 9 ліпеня альянты (брытанцы і амэрыканцы),
перамогшы немцаў і італійцаў у Афрыцы, высадзіліся на Сыцыліі. Такім чынам,
вайна перанеслася на італійскую тэрыторыю. 19 ліпеня альянты першы раз
бамбавалі Рым. Італійцам гэтага хапіла: 25 ліпеня яны скінулі фашыстоўскі
рэжым Мусаліні і распачалі перамовы аб замірэньні. Нямецкія войскі, што
дагэтуль знаходзіліся ў Італіі як хаўрусьнікі, сталіся акупантамі. Пасьля
другога бамбаваньня 13 жніўня Рым абвясьцілі адкрытым горадам, г. зн.
вольным ад усякіх ваенных аб’ектаў. Альянты вызвалілі яго 4 чэрвеня 1944
году.
Notes
[70] «Ich komme Ihnen mit
einem gutem Rat zu Hilfe: schreiben Sie, bitte, möglich bald in dieser
Angelegenheit... nach Rom unter der Adresse: Sua Em. Tisserant, Prefetto
della Congregazione per la Chiesa Orientale, Roma, via della Conciliazione
127-129».
[71] Пра сьмерць
Неманцэвіча ад тыфусу піша Шаптыцкі ў сваёй справаздачы ва Ўсходнюю
Кангрэгацыю Exarchat de la Russie Blanche (гл. вышэй зноску 67): «Я нарэшце
атрымаў зьвестку з аўтарытэтнай установы ў Бэрліне (Галоўны ўрад дзяржаўнай
бясьпекі), што а. Антон Неманцэвіч з Альбэртыну “памёр ад тыфусу на пачатку
1943 году”» (Je reçois enfin une nouvelle de l’Office competent de Berlin
[Reichssicherheithauptamt] que le P. Antoine Nemancewycz d’Albertyn est:
“Verstorben an Flechfieber anfangs 1943”). Тое самае піша ў сваіх успамінах
летувіскі сьвятар З. Ігноніс (Ігнатавічус), які пад час нямецкай акупацыі
быў у Менску і здолеў наведаць айца Неманцэвіча ў турме: «Я абяцаў
(Неманцэвічу. – А.Н.), што зраблю ўсё магчымае, каб прыйсьці ізноў. Але ён
захварэў на тыфус і яго перавезьлі ў турэмны шпіталь, дзе мне не дазволілі
яго бачыць, нягледзячы на ўсе высілкі добрай Марыі (нямецкая манашка. –
А.Н.). У гэтым шпіталі бедны экзарх Неманцэвіч памёр» (Promisi che avrei
fatto tutto il possibile per ritornare. Ma egli si ammalт di tifo e fщ
trasferito nell’ospedale del carcere, dove non mi permisero di vederlo,
nonostante tutti gli sforzi della buona Maria. In quell’ospedale il povero
esarca Niemancevic morм). Гл.: Ignonis Zeno, Sabaot, Dio degli eserciti,
Istituto Editoriale del Mediterraneo, Roma, 1967, p. 128.
[72] «Alba Russia est
pars propriae Russiae... hodie non datur pons inter catholicismum et Russiam
melior Alba Russia... Conversione ista iam facta, Alba Russia capax esset
suppeditare sufficientem quantitatem aptissimorum operariorum ad efficiendam
conversionem totius Russiae... De ordinanda missione alborussa ad
convertendam Russiam vix expedit nunc temporis loqui ita, ut intretur in
singulas minutas res. Sed clarum omnino est totam et integram hierarchiam
catholicam in terris alborussorum debere esse intime persuasam de
necessitate eiusdem missionis et de quibusdam principiis fundamentalis...
Quintum principium valde delicatum est; nam docet independentiam nationalem
alborussam in magna Russia caute esse afirmandam, ne luctamen inter Albam et
Magnam Russiam condatur et impediat futurum opus conversionis huius. Ex
altera parte patriotismus alborussus iam satis vigilat et ideo negatio
independentiae facile crescere potest in impedimentum conversionis
acatholicorum alborussorum. Extraordinaria igitur prudentia opus habent
episcopi Albo-Russiae».
[73] «Il est bien
triste de voir qu’au XX siecle une nation catholique, qui compte presque
trois millions d’emes doit toujour considerer un evкque de sa nationalite
comme un ideal qu’elle ne peut pas obtenir. Les Ruthenes Blancs desirent
avant tout un eveque de leur nation, car ils ont besoin d’un clerge de leur
nation». Exarchat de la Russie Blanche (гл. вышэй зноску № 67).