22. Гісторыя адной сям’і - Працяг
Адносіны зь Петрусём, заўсёды нялёгкія, усё больш ускладняліся. Пасьля
візыту ў 1961 годзе ён закідаў Чэслава рознымі просьбамі, якія той пры
найлепшай волі ня мог выканаць. Нарэшце 17 сьнежня 1970 году ён напісаў
Петрусю: «Атрымаў ад цябе лісты i ня ведаю добра, што на ix адказаць. Блізу
кожны з ix з нейкімі прэтэнзіямі. Хачу табе сказаць i прашу сур’ёзна аб
гэтым падумаць: калі я ўступіў у кляштар i калі там прынёс Богу абяцаньні
ўбогасьці, паслушэнства i чыстасьці, дык я не зрабіў i ня мог зрабіць
адначасова шлюбу дапамагаць маім родным. Сколькі мог i як мог я стараўся пры
нагодзе дапамагчы. Сяньня я вельмі жадаў бы дапамагчы, але толькі маме i без
ніякіх пасярэднікаў».
Пятрусь адказаў 3 студзеня 1971 году: «Мне ніколі ніхто не памагаў у час
маіх навукаў у ўнівэрсытэце. A пазьнейшая твая помач, магчыма, што яна цябе
шмат каштавала. Толькі ведай, дзякуючы тваёй дзейнасьці ніколі я ня мог
ніякай пасады заняць, каб даць дзецям магчымасьць утрыманьня, бо ў нас такі
абычай, i таму тваю помач лічыў як нейкую рэкампэнсату за ўсё прыкрае, што
мяне з розных повадаў спатыкала. Праўда, ты складаў нейкія прысягі, але гэта
не азначала, што твая палітычная дзейнасьць мела стацца адной з прычынаў
нашага матэрыяльнага недамаганьня... Ведай, што мы будуем сацыялізм, а (не)
нейкае духовае ідэальнае ў небе шчасьце. Да яго нам далёка, асабліва, калі
трэба штодзённа дзеткам даць есьць... Ты сядзіш сярод людзей, якія толькі
думаюць, як нас не дапусьціць да цябе, бо ніхто не паверыць, каб мы, як
браты, не маглі спаткацца, і твае пісаньні аб афармленьні дакумэнтаў для
мяне гэта басьня, якія нам тата баяў. Ня думай, што я вельмі жадаю пабываць
у Лёндане, але з другога боку, калі цябе завуць уладыкай, дык дурнавата,
калі праз 10 гадоў ты ані разу не хацеў запрасіць мяне. Магчыма мы дурныя,
але ня ўсім можна басьні плясьці пра гэта».
У 1971 годзе ў школе-інтэрнаце сьв. Кірылы спатрэбілася гаспадыня. Чэслаў
напісаў Петрусю, які тады жыў у горадзе Мрангова, i той параіў яму іхную
стрыечную сястру Марыю Жвірблю, якая таксама жыла там. Мела яна прыблізна 50
гадоў; у яе былі тры дарослыя дачкі, адна зь якіх ужо выйшла замуж. Пішучы
пра яе, Пятрусь у сваім лісьце за 17 красавіка 1971 году зрабіў дапіску:
«Мне здаецца, што яна найахвотней прыехала б да цябе разам з маёй жонкай,
або са мною. Самой было б цяжкавата». Тры дні пазьней, 20 красавіка, ён
пісаў зноў: «Было б нядрэнна, каб ты пры нагодзе запрасіў таксама Ядзю
(Петрусёвую жонку. – A. H.), была б яна хаця на некалькі дзён акрасай вашага
дому, а пры гэтым пазнаў бы ты швагерку, якая хавае трое дзяцей». Марыя
прыехала ў Лёндан адна... Яна была вельмі добрай гаспадыняй. Каб зрабіць
прыемнасьць Петрусю, Чэслаў і Марыя выслалі яму супольна прывітальную
картку. 17 сьнежня 1971 году Чэслаў атрымаў ад Петруся ліст, дзе той пісаў:
«Вельмі цябе прашу, каб яна разам не падпісвала да нас картак, бо гэта для
нас вельмі прыкра». Чэслаў адказаў 11 студзеня 1972 году: «Калі ты,
даражэнькі браток, або ты i твая жонка, не жадаюць, каб я часам прысылаў
супольныя адкрыткі падпісаныя мной i Марысяй, дык я ўважаю гэткае
паступаньне за ганебнае і я да вас зусім ня буду пісаць, пакуль гэтага не
адклічаце. Ты сяньня мне робіш заўвагу, што я не павінен падпісвацца з
М(арысяй), а заўтра тое самае можа табе стрэліць у галаву, каб я не
падпісваўся яшчэ з кім іншым. Ці ты падумаў, што ты напісаў?.. Марыся ня
ёсьць нейкай праступніцай, каб яе подпіс мог каго зганьбіць... Ці гэта табе
падабаецца, ці не, але зусім шчыра скажу: каб я мог бы, Марысю тут затрымаў
бы назаўсёды. Якой яна паказала сябе дагэтуль, мы можам быць толькі гордыя з
яе».
Пятрусь адпісаў 2 траўня: «Перапрашаю за пісьмо, але ты да мяне ня маеш
часу ці да Януся напісаць, а мы, як цябе вучылі ў Друі, няраз не даядалі,
але з бабай дык час маеш каб паехаць. Ты часу ня маеш, каб мяне запрасіць,
але для сваёй кухаркі зрабіў бы ўсё, каб яна асталася. Яшчэ ў нашай сям’і не
было, каб уладыка з пляменьніцай па гасьцях разьяжджаў і ўсялякія падаркі ёй
даваў». Наступныя лісты былі яшчэ больш прыкрыя.
Жонка Петруся таксама напісала Чэславу, i той ёй адказаў 23 сакавіка
1972 году: «Я не хачу ўводзіць маімі лістамі нязгоду між вамі. Аднак, я не
хацеў бы, каб у некаторых далікатных справах, якія маюць дачыненьне да
апініі блізкіх нам асобаў, Пятрусь дазваляў сабе на зьнявагу асобы, якую сам
мне рэкамэндаваў. Калі мае з ёю нейкія непаразуменьні, хай палагоджвае з ёю
сам, а не ўцягвае мяне... Я напісаў Пятрусю моцны ліст, але гэта не азначае,
што не прабачу яму да сьмерці, ці нешта падобнае! Ён застаецца для мяне
заўсёды братам, але я жадаў бы, каб ён быў больш удумлівы i каб лічыўся са
словамі». Але гэта мала дапамагло. Пятрусь пісаў Чэславу 24 жніўня 1972
году: «Што хочаш, роб з ней (рабі зь ёй? – А.Н.), хоць уладыкай, але хай
нашу сям’ю не паскудзіць... Прашу цябе, як брата, каб (Марыся – А.Н.)
перастала брахаць на нас да іншых, бо маю 3 дзетак i цябе, “дзеяча”, які мне
не ўлепшае шлях жыцьця». Марыя вярнулася дамоў улетку 1973 году. Перад тым,
аднак, 22 лютага Чэслаў напісаў Петрусю з Рыму: «Атрымаў твой ліст акурат у
Рыме (на жаль, ліст гэты не захаваўся. – А.Н.), прачытаў яго перад самай
аўдыенцыяй у бацькі ўсіх хрысьціянаў, у якога зьбіраўся прасіць асабліва
багаславенства для мамы, для ўсёй нашай сям’і. Пэўне ж, твой ліст гэты, як i
папярэднія... ёсьць больш чым прыкрыя i ня ведаю, чаго ў ix больш, глупства,
заздрасьці ці яшчэ чаго?.. Дарагі П(ятрусь), павага, розум самі не
прыходзяць. Трэба над сабой працаваць. Калі мой брат сапраўды мяне кахае,
дык ён павінен дапамагчы сваім найбліжэйшым добрым словам, цярплівасьцю,
добрым прыкладам жыцьця. М(арыся) ёсьць для мяне дарагая, як i ты, бо яна
ёсьць стрыечная сястра. Калі ты не жадаў, каб я падпісваўся на пачтоўках з
ёю, дык я не жадаю мець перапіскі з табой, бо так, як ты напісаў, не адзін
хіба афрыканскі дзікун не напіша. Ці ж ты маеш права кідаць каменем у
кагось? Хто табе яго даў? Сяньня я меў вялікі дзень, o, i як жа мне сумна,
што той, каторы здабыў крыху больш асьвету, студыяваў пэдагогіку, ня ўмее
дайсьці да ладу са сваімі найбліжэйшымі... Што ж, хіба больш ня будзем адзін
другому дакучаць сваёй пісанінай. Нашы шляхі даўным разышліся. Жадаю табе
ўсяго найлепшага».
Сыны небагатай беларускай сялянскай сям ’і, браты Чэслаў i Пятрусь,
абодва здабылі вышэйшую адукацыю i правялі сваё дарослае жыцьцё за межамі
Беларусі. Ha гэтым падабенства між імі сканчаецца. У 1934 годзе Чэслаў у
веку 20 гадоў склаў законныя шлюбы. Ён зрабіў свой свабодны выбар i застаўся
верным свайму сьвятарскаму i законнаму пакліканьню праз усё жыцьцё. У ягоным
польскім вайсковым пасьведчаньні (якое ў Польшчы мусілі мець нават вольныя
ад вайсковага абавязку сьвятары i законьнікі), выдадзеным у 1935 годзе, у
рубрыцы “Narodowość” (нацыянальнасьць) значылася: “białoruska” (беларуская).
Выселены сілаю зь Беларусі ў 1938 годзе, ён захаваў яе ў сэрцы на ўсё
жыцьцё. Ягоная беларускасьць, побач зь сьвятарствам, была тым фактарам, безь
якога нельга зразумець ягонае жыцьцё i дзейнасьць. Пятрусь таксама зрабіў
свой выбар у веку 20 гадоў, калі ў 1944 годзе пайшоў добраахвотнікам у
польскую Армію людову і такім чынам зьвязаў свой лёс з Польшчай. Ён ніколі
не разумеў Чэслава. Прычыну сваіх цяжкасьцяў i прыкрасьцяў ён бачыў у
беларускай дзейнасьці брата. Дапамогу, атрыманую ад яго, ён прымаў як
належнае адшкадаваньне (“рэкампэнсату”). Спачатку Чэслаў стараўся не
надаваць усяму гэтаму вялікай увагі. Ён, аднак, ня мог дазволіць, каб
Пятрусь казаў яму, што рабіць, уцягваў яго ў свае асабістыя нелады i
беспакарана зьневажаў іншых. Пастанова “не дакучаць адзін другому сваёй
пісанінай” была адзіным спосабам, каб не дапусьціць поўнага разрыву. Пятрусь
застаўся для Чэслава братам, за якога ён заўсёды маліўся. Аднак перапіска
між імі на нейкі час амаль спынілася, хоць Пятрусь прысылаў часам паштоўкі з
кароткімі весткамі. Толькі больш як праз год, 28 чэрвеня 1974 году, Чэслаў
напісаў Петрусю: «Заўтра твае імяніны. Гэты ліст разам з найлепшымі
пажаданьнямі атрымаеш крыху пазьней, але гэта ня значыць, што мае пажаданьні
менш шчырыя. Помню аб табе, тваёй сям’і i аб усіх вас. Вашы адносіны з
Марыяй пэўне ж мне не падабаюцца. Вы павінны адзін другога моцна i шчыра
перапрасіць i жыць у згодзе. Усе мы языком грэшым, а ты асабліва. Чужым
людзям аб сваіх гаварыць няпраўду – гэта грэх. A прынамсі мне ведамы такі
адзін факт... Я выслаў у Дзедзінку да Мамы вялікую пачку... Каб ты быў больш
акуратны, дарагі браток, дык шмат рэчаў праз цябе заладжваў бы i перасылаў
бы грошы. На жаль, ня маю нават адвагі цябе прасіць i змушаны зьвяртацца да
іншых. Помні: хто ёсьць верны ў малых справах, на таго можна палажыцца i ў
вялікіх, a людзі нас хутка пазнаюць i ацэньваюць». Сьмерць мамы 26
кастрычніка на нейкі час зблізіла братоў.
Усе іншыя Сіповічы жылі ў Дзедзінцы. Янусь з сваёй сям’ёю меў асобную
хату. Уладыка Чэслаў атрымаў ад ягонага найстарэйшага сына, якога звалі
таксама Чэслаў, ліст, датаваны 28 сакавіка 1972 году. Малады Чэсь пісаў:
«Добры дзень, дарагі дзядзя Чэсь. Я знаю цябе толька па фатаграфіі. Яшчэ мне
расказваў пра цябе тата. Я жыву ў вёсцы Дзедзіна. Наша вёска ня вельмі
вялікая. У 1971 годзе я закончыў Дзедзінскую васьмігадовую школу... Цяпер
вучуся ў Малькаўскай сярэдняй школе. У мяне таксама ёсьць брат Францішак і
дзьве сястрычкі, Дануся i Тарэса. Маці хварэе i ў калгас ня ходзіць.
Зарабляе ў нас толькі тата... З татам я часта гуляю ў шахматы i ў шашкі. У
хаце ў нас кожны дзень весела... Зіма ў нас гэты год амаль бяз сьнегу. Так
што на лыжах паезьдзіць не прыйшлося... Мая сястра Дануся ходзіць у 5 клас
Дзедзінскай васьмігадовай школы. Яна вельмі добра вучыцца. Брату майму 5
год. Меншай сястрычцы толькі 3 тыдні. Больш ня ведаю, што пісаць. Чысьцік –
гэта балота каля нашай вёскі – асушаюць. У нашым лесе вельмі многа грыбоў i
ягад. Я ягады ня вельмі люблю зьбіраць, a вось грыбы. Прыйдзеш у лес посьле
дожджыку, расхінеш галінкі дрэў, i пачнеш ножыкам зразаць баравікі i
падасінавікі. Яшчэ больш я люблю лавіць рыбу. Рана да ўсходу сонца прыедзеш
на рэчку. Рыба бярэцца добра вясной. Прыду са школы ў часы тры i паехаў на
ровары. Да вечара нацягаеш вядро плотак i вясёлы варочаешся дамоў». У
сьнежні Чэсь напісаў другі ліст. Разам зь ім быў таксама ліст ад Данусі:
«Піша дзядзю пляменьніца Дануся. Хаджу я ў шосты клас. Вучуся я добра...
Дома я дапамагаю маме, мыю пасуду, прыбіраю ў хаце, даглядаю кветкі. Кветкі
я вельмі люблю. У нас каля хаты летам прыгожа, як зацьвітуць... Яшчэ я люблю
беларускую літаратуру. Я вывучаю вершы Янкі Купалы i Якуба Коласа... Ну, вот
i усё, закончылася маё пісьмо, пісаць болі няма чаго, бо Чэсік пісаў. А я
захацела напісаць ад сябе i вот напісала... Я вельмі жалею, што дзядзю
ніводнага разу не бачыла. Мне вельмі хацелася б пабачыць дзядзю. Я як
вырасту, тады можа прыеду да дзядзі. Цяпер ужо ўсё. Пішы, калі ласка,
дзядзя, я таксама буду пісаць. Я старалася напісаць многа, каб дзядзю было
больш чытаць».
Янусь таксама напісаў некалькі слоў: «Напішу я пара слоў да цябе, браток.
Пражыў я ўжо 50 гадов. Досыт давно як мы с табой расталісь, добра адно я
помню, что брат казав, что ня тут наша вечнасьць, а там, а там. Гэта ты мне
казав у кляштары. Вот i надышов гэта час, что спаткаемся на тым свеці...
Бацька дужа любів цебе, тваю фатаграфію насіў коло грудзей аш покі сам
памёр».
Гэтыя лісты прынесьлі Ўладыку Чэславу шмат радасьці. Яны сьведчылі, што
Янусь, жыцьцё якога выдалася нялёгкім, быў добрым бацькам i хацеў даць
дзецям тое, чаго сам не атрымаў. 2 сакавіка 1974 году ён пісаў Чэславу
(пісала за яго Дануся): «Сям’я ў мяне, ты напэўна ведаеш, вялікая. Мой сын
Чэслаў паступаў у Мінск у палітэхнічны інстытут, але яму не ўдалося
паступіць. Цяпер вучыцца ў Шаркаўшчыне на шафёра, a потым будзе яшчэ
куды-небудзь паступаць. Старэйшая мая дачка Дануся ходзіць у сёмы клас.
Вучыцца добра. Мой сын Франак яшчэ толькі пайшоў у школу на падгатоўку, а
малодшай дачцы Тарэсцы 5 сакавіка будзе два гады. Працую я адзін на пецярых
(Янусёва жонка Альдона доўгі час хварэла. – А.Н.). Праўда, жыць цяжкавата,
але што зробіш, усе мае i нада як-небудзь жыць. Дзякуй табе вялікі, браток,
за тое, што ты мне вельмі добра дапамог... Я з кожным днём слабею, а да
пенсіі яшчэ шэсьць гадоў... Ужо сын i дачка вялікія і абодва просяць, каб
купіў то тое, то другое. I малых трэба адзець. Усіх нада адзець, а я ўжо
выбіўся з сіл».
У лютым 1973 году Чэслаў атрымаў ліст ад брата Вінцуся: «Прашло многа
часу, калі ты казаў тату ў Тычкаў, спаткаемся ў небе. Тады я быў зусім
маленькі i мала помню цябе... А цяпер пра сваю сям’ю. Сям’я мая налічвае
пяць чалавек. Жонка, дачка, зваць яе Ліля, старэйшы сынок Болік, яму 11
гадоў, Віця сярэдні, яму пашоў шосты годзік. Пастроіў я сабе хату, дзе быў
ток Станевіча. А дзе была ягоная хата, цяпер магазін. У Дзедзінцы новасьцей
нет благіх, толькі добрыя. Старыя ўміраюць, a маладыя жэняцца, так i жывем у
сваім родным калгасе... Мама чуецца сабе добра, а Фэлі здароўе так сабе,
часта хварэіць. У мяне здароўе таксама нядужа добрае... Працую ў сваім
калгасе шафёрам. Болік ходзіць у чацьверты клас, вучыцца добра. Праўда,
цяпер у нас зіма, лужы пакрыліся лёдам i Болік увесь свабодны час аддае
канькам. Праўда, многа чытае кніг. Калі мы з Алай пойдзем на работу, то ён
астаецца за гаспадара дома, глядзіць Віцю і Лілю. Дзеці гадуюцца добра, не
хварэюць. Толькі Віцька часта з Франакам (малодшы сын Януся. – А.Н.) сорацца
самі сабой за цацкі. Ha гэтым я свой маленькі ліст канчаю... Прымі
прывітаньне ад нас усіх. Цалуем цябе я i ўся мая сям’я. Заўсёды з табою.
Вінцусь».
У старой хаце, пасьля таго як зь яе выйшаў Вінцусь зь сям’ёю, засталіся
маці й Фэля, якая яе даглядала. 12 жніўня 1974 году яна пісала Чэславу: «Я
хоць, дарагій брат, шпаркая, як калісь быў наш тата, но маму жалею». Дарэчы,
яна пачала ліст па-польску, але ў палове перайшла на беларускую мову:
відаць, польская давалася ёй ужо цяжка. Яна, аднак, да канца не магла
зразумець, як гэта такая важная асоба, як ейны брат Чэслаў, піша на
“простай” мове. Фэля часта хварэла, i ёй было нялёгка даглядаць маму i
займацца гаспадаркай. У 1971 годзе яна зноў выйшла замуж, узяўшы ў прымы
мужа зь незвычайным імем “Сатурнін”. У лісьце да Чэслава пісала: «Мной цяпер
рукаводзіць мама i мужык Жылевіч Сатурнін, каторый са мной жыве i дровы сячэ
но i так далей».
Мама заўсёды была для Ўладыкі Чэслава найдаражэйшай асобай на зямлі. 11
студзеня 1972 году ён пісаў ёй: «Хто ведае, можа гэта ўжо апошні мой ліст да
Цябе. Прымі ж тады ад мяне, Твайго сына, які з Божай ласкі стаўся біскупам,
найшчырэйшую падзяку за Твае труды, цярпеньні, за Твае малітвы, зь якімі Ты
нас узгадоўвывала. Твой прыклад жыцьця, Твая вера ў Божую помач астаецца для
мяне назаўсёды праводняй зоркай. О, як я жадаў бы быць з Табою, пацалаваць
Твае матчыны мазольныя рукі, сказаць Табе: “Мама, я Цябе кахаю, хоць i
вельмі рэдка да Цябе пішу! Мама, калі ня тут на зямлі, дык мы павінны
спаткацца ў вечным шчасьці, да якога мы ўсе пакліканыя!..”»
Два гады пасьля, 16 ліпеня 1974 году, на ўрачыстасьць Маці Божае
“Шкаплернае”, нягледзячы на век і нямогласьць, ягоная маці яшчэ магла
пайсьці ў касьцёл у Ідолту. Між тым Чэслаў выслаў на ейнае імя чарговую
пасылку. 27 ліпеня ён пісаў: «Я ўжо атрымаў аткрытку ад Петруся, які пісаў i
аб тым, што Мама атрымала маю пасылку. Няхай Мама падзеліць рэчы так, як
сама ўважае i жадае, i няхай ніхто на нікога не крыўдуе... Я ня ведаю, хто з
нашай сям’і патрабуе больш або менш... Дарагая мама, цалую Цябе горача i
ўсіх вас: Фэлю, яе мужа, сям’ю Вінцуся, Януся i ўсіх; усіх, хто толькі крыху
мяне помніць, як найшчырэй вітаю. Шануй свайго здароўя, Дарагая Мама, а можа
яшчэ i спаткаемся». Гэта быў ягоны апошні ліст да мамы: 26 кастрычніка, у
веку 84 гадоў, яна адышла туды, дзе “няма больш ні болю, ні суму, ні плачу”,
каб там чакаць сустрэчы з сынам.
Пятрусь паехаў на пахаваньне мамы i апісаў яго Чэславу, за што той быў
яму ўдзячны. 17 сьнежня ён пісаў Петрусю: «Атрымаў здымкі з пахаронаў
Мамы... Вельмі i шчыра дзякую. Прызнаюся, што моцна перажыў сьмерць Мамы.
Здавалася, што згубілі мы беспаваротна найдаражэйшае ў сьвеце. Я ведаю, як
моцна кахала яна нас ycix. Яна была гордая з нас, хаця мела права i
крыўдаваць. Ня мела яна асьветы, але ўмела цешыцца з нашай навукі. Трэба
нашым бацьком паставіць – хаця скромны – памятнік, але з беларускім напісам.
Я не магу зразумець Марцілёнчышак (стрыечныя сёстры. – A.H.), якія зрабілі
памятнік бацькам i зьняважылі ix чужынецкім напісам».
Крыху раней, 15 сакавіка, Уладыка Чэслаў пісаў брату Янусю пра помнік на
магіле бацькі : «Ці паставілі вы хоць скромны памятнік нашаму Тату? Калі
не, дык пастарайцеся паставіць, але напіс павінен быць у яго роднай мове, у
беларускай».
Пасьля сьмерці маці Ўладыка Чэслаў падтрымліваў найбольш сувязь з сваімі
пляменьнікамі Данусяй i Чэсем. Крыху пазьней пачаў пісаць да яго таксама сын
Вінцуся Баляслаў, або Болесь. У сваім першым лісьце за 18 сакавіка 1978 году
ён пісаў: «Нас, дзядзя, тут (ён вучыўся ў Дзьвінску. – A.H.) вучаць
па-руску... Дый у школе (г. зн. у Дзедзінцы. – A.H.) пісалі больш па-руску.
Размаўляем мы так як i размаўлялі пры вас, па-беларуску. Ну, пастараюся
пісаць на сваёй роднай мове». Між іншага Болесь добра ведаў пра апошнюю моду
сярод моладзі на Захадзе. У верасьні 1979 году ён прасіў Уладыку Чэслава:
«Дзядзя, я Вас прашу, калі можаце, прышліце мне дзьве пары джынсаў фірмы
“Левіс Страус”, “Врангель” або “Аляска”, якія там будуць... У нас нічога
такога нет».
Уладыка любіў атрымліваць лісты ад пляменьнікаў. Яго цікавіла ўсё: іхнае
жыцьцё, навука, пляны на будучыню. Найчасьцей пісала Дануся. Яна скончыла ў
1978 годзе мэдычную вучэльню, працавала мэдсястрой i вучылася вечарамі –
хацела паступіць у мэдычны інстытут. Сярод іншых рэчаў Уладыку Чэслава i
ягоную пляменьніцу лучыла любоў да паэзіі, i яны часта дзяліліся думкамі пра
любімых паэтаў. Уладыка нават прызнаўся Данусі, што некалі сам спрабаваў
пісаць вершы. Ён таксама пасылаў на ейнае імя пасылкі з падарункамі для ўсёй
сям’і, кажучы, каб яна дзяліла ix, як знае лепш, “толькі з любоўю i
растаропна”. Безумоўна, ён не забываўся й пра іншых. У 1978 годзе, апрача
Дануты, ён выслаў пасылкі Болесю i сястры Фэлі. Дарэчы, Фэля і ейны муж
Сатурнін прыслалі ў 1977 годзе Ўладыку Чэславу прывітаньні з нагоды... 1
мая! Пісаў бясспрэчна Сатурнін. Вось даслоўны тэкст: «Ваша Эксцэленцыя,
Паздравляем вас с международным днем 1-е мая, жадаем здароуя i доугіх год у
вашай плоннай працы, у імя Хрыста! Жадае Фэля i Сатурнін».
Як толькі маладыя Сіповічы сканчалі школу ў Дзедзінцы i выяжджалі ў
гарады для далейшай навукі ці працы, яны траплялі ў расейскамоўнае
асяродзьдзе i зь беларускай мовай у іх пачыналіся праблемы. Яны гэта самі
разумелі. Дануся пісала 19 сьнежня 1977 году: «Прабачце, калі што ня так,
крыху прызабываю беларускую мову. Зьдзіўляюся, як гэта дзядзя так добра яе
памятаеце».
Што да беларускай мовы, тут Уладыка Чэслаў быў непахісны. У 1977 годзе ён
прасіў Данусю зрабіць здымкі помніка на магіле сваіх бацькоў. У лісьце за 19
сьнежня тая паведамляла, што здымкі зрабіла, але яшчэ ня пасьпела праявіць
плёнку бо «ў нас на дзярэўні з гэтым ня так i проста». Уладыка Чэслаў
адказаў на пачатку 1978 году (дакладная дата адсутнічае): «Калі на магіле
маіх дарагіх бацькоў зрабілі напісы ў чужой мове, а не ў сваёй роднай, дык
лепш мне фатаграфіі не прысылайце... У нашай мове столькі цудоўных рэчаў,
напісаных Купалам, Коласам, Багдановічам, Быкавым i іншымі, а мая дарагая
Філюня (сястра Фэля. – А.Н.) усцяж плача, што я не пішу да яе ў чужой мове,
якую накінулі нам чужыя ксяндзы».
Рэч у тым, што ў міжчасе Ўладыка Чэслаў атрымаў ліст ад Марыі Жвірблі,
якая езьдзіла ў Беларусь, была ў Дзедзінцы і наведала могілкі, дзе
пахавалі ягоных бацькоў. Яна паведамляла, што ўсе напісы на помніках там на
польскай мове (з выняткам адной магілы “нейкага актывіста”, дзе напіс
зроблены па-расейску). Гэта й ня дзіўна: сьвятаром у парафіі Ідолта, да якой
належала Дзедзінка, быў паляк марыянін Баляслаў Заёнц. У тым лісьце Марыя
прасіла прыслаць малітаўнікі на беларускай мове, а то людзі моляцца
па-польску, паўтараюць на памяць словы, не разумеючы ix.
Зь Петрусём дачыненьні далей ня ладзіліся. Пасьля кароткага “замірэньня”,
як памерла маці, ён зноў пачаў закідаць Чэслава лістамі з рознымі
прэтэнзіямі i патрабаваньнямі. У 1974 годзе ён абараніў доктарскую працу i
атрымаў месца выкладчыка ў Вышэйшай Пэдагагічнай Школе ў Быдгошчы. Ягоная
жонка працавала лекарам. Такім чынам, яны жылі хоць ня вельмі багата, але
бяды не цярпелі. Безумоўна, дзеці расьлі, а зь імі выдаткі, асабліва калі
яны сканчалі сярэднюю школу i ішлі вучыцца далей. У 1979 годзе сын Артур
пайшоў у Мэдычную Акадэмію ў Гданьску. Дачка Альдона намервалася паступіць
на ангельскую філялёгію. Пятрусь хацеў, каб Чэслаў запрасіў яе ў Лёндан i
даў магчымасьць вучыцца i працаваць. Але Альдона паказала свой незалежны
характар: паехала ў Чэхію i працавала там на фабрыцы, каб зарабіць сабе на
навуку.
Пятрусь дамагаўся таксама, каб брат запрасіў у Лёндан яго з сынам
Артурам. Уладыка паслаў запрашэньне, але ў Петруся зноў узьніклі нейкія
цяжкасьці i складанасьці. Да гэтага нечакана зьявіўся яшчэ адзін пляменьнік,
Каміль, сын Петруся, але ягоная маці не была жонкаю апошняга. Ён напісаў да
свайго дзядзькі. Чэслаў зьвярнуўся да Петруся, а той адказаў яму 15 жніўня
1979 году: «Калі ходзіць пра Каміля, гэта праўда такая, што ён ніколі не
хацеў са мной спаткацца, a толькі цягнуў грошы ён i яго матка. Мой грэх быў
такі, што пa-п’янаму падпісаў цывільны дакумент з яго маткай (г. зн. узяў
цывільны шлюб. – А.Н.), ніколі ніякага касьцельнага сьлюбу з ней ніколі
нідзе не браў... Ён толькі па дакументах мой нібы сын – такі, думаю,
сукінсын як яго матка... Прашу ніякіх вестак пра мяне Камілю не падаваць...
Прашу ніколі мне пра сукінсына не ўспамінаць... Мая глупата з Каміля маткай
каштавала мне 6 тысяч злотых у год праз 25 гадоў – думаю, што хопіць». На
асобным лісьце, як post scriptum, ён працягваў: «Маю шмат грахоў, але ніколі
нікому не зрабіў крыўды, калі нам i Радзіме не рабілі. Помні, што такіх i
падобных Каміляў за твой язык (г. зн. мову. – А.Н.) i край знойдзецца шмат,
якія ўтапілі б цябе i нас у лыжцы солі. Добрая сволач, калі ад кагось, каго
ніколі ня відзеў, ня знае, хоча вестак пра бацьку, а я, нібы “бацька” ад
цябе даведваюся, што ён заграніцай... Мае пісьмы вельмі жорсткія, але ведай,
брат, што ня многа ёсьць такіх, што пішуць у Польшы языком Купалы, i
крывіцкая ў ніх плывець кроў». Можна было падумаць, што Пятрусь нявінна
пакутаваў за беларускую справу[169].
Уладыка Чэслаў ужо раней зь іншых крыніцаў нешта ведаў пра бурлівае
мінулае Петруся, але не хацеў уздымаць шуму, каб не пашкодзіць іншым[170].
Цяпер, калі справа выйшла наверх, яго прыкра ўразіла няшчырасьць брата,
ягонае нежаданьне ўзяць на сябе адказнасьць, a таксама злосьць i жорсткасьць
да свайго сына i ягонай маці. Невядома, што напісаў Уладыка 15 верасьня (ён
не пакінуў копіі), але, напэўна, гэта быў моцны ліст, бо Пятрусь адказаў ужо
ў іншым тоне: «Магчыма, што я ўжо крыху адпакутаваў, але ў жыцьці i награшыў
нямала – калі гэта бальшыя грахі. Памаліся i за нашу сямейку».
Гэта ўсё здарылася незадоўга перад першым інфарктам Уладыкі Чэслава, a
магчыма, нават i спрычынілася да яго. Пятрусь слаў ліст за лістом, але
Чэслаў змог адказаць толькі 7 сьнежня: «За твае лісты i за апошнюю пісульку
(на імяніны) – шчыра дзякую... Я не магу сьцярпець псыхалягічна i няма сілаў
фізычных дзеля тваіх некаторых фокусаў. Быў час, што я цябе i твайго сына
запрасіў, чаму не скарыстаў? Таму паўтараю: ніякіх запросінаў высылаць ня
буду, a калі жадаеш да мяне прыехаць – прыяжджай!.. Гэта ня значыць, што я
цябе не жадаю. Не! Наадварот, для мяне было б вельмі пажаданым, каб з табой
пабачыцца. Я цяпер чуюся слаба. Больш месяца моцна хварэў. Зусім мала не
хватала, каб адышоў на векі. Дактары прыказалі праз 6 тыдняў не працаваць...
Усё разам, крыху за многа! Пры гэтым усім я патрабую супакою, а кожная
нетактоўнасьць людзей мае ўплыў i на здароўе. Гадуй сваіх дзетак, але ж
добра было б, каб яны ведалі, хто іхні бацька. Яны вучацца, – ты пішаш, –
па-ангельску, але ж чаму не навучыць ix прынамсі чытаць па-свойму? Сумна мне
часам i вельмі сумна за маю сям’ю. Сплетні, заздрасьці i інш. Як я цяпер
раздумваю, дык нашы бацькі сапраўды былі добрымі i разумнымі. А мы? Ці
дарасьлі мы да ix?»
Пятрусь адказаў 21 сьнежня: «Ведай, што мае дзеткі вельмі добра чытаюць
па бел. i Ядзя таксама – лацінскімі і кірыліцай... Мне ня можаш, дык
запрашэньні не высылай. Некаторыя прыяжджаюць так. Ведай, што мяне
сустракаюць розныя прыкрасьці праз тваю дзейнасьць... На тым сьвеце мы не
спаткаемся. Думаю, што пісаць да цябе больш ня трэба. Жыві са сваім музэем і
бібліятэкай. Жаль, што звычайныя работнікі больш могуць пагутарыць з роднымі
як мы... Ну, я не ўладыка і барады ня маю. Памаліся за нас, калі хочаш. Мне
ўжо 55 а табе 65 ударыла гадкоў. Хопіць нашай перапіскі... Жыві, браток, i
ведай, што гэта магчыма апошняя пісулька да цябе. Я таксама ня маю часу ані
ахвоты на каленях прасіць як каб сустрэцца».
Было ясна, што Пятрусь нічога не навучыўся і лічыў сябе пакрыўджаным. Ён
надалей, як i у 1951 годзе, вінаваціў Чэслава ў прыкрасьцях, якія яго
напаткалі ў жыцьці. Цяжка сказаць, што гэта за прыкрасьці. У 1958 годзе ў
Беластоку ён вучыўся ў г. зв. вячэрнім унівэрсытэце марксызму-ленінізму пры
ваяводзкім камітэце Польскай аб’яднанай рабочай партыі (так называлася
польская камуністычная партыя. – А.Н.). Наведваньне гэтага “ўнівэрсытэту” не
было абавязковым, хіба толькі для кандыдатаў у камуністычную партыю. Вельмі
магчыма, што Пятрусь меў намер дзеля кар’еры ўступіць у партыю, але яго не
прынялі, бо меў за мяжою брата – сьвятара i беларускага патрыёта[171].
Адсюль крыўда на Чэслава.
Перад Вялікаднем 1980 году Ўладыка Чэслаў атрымаў ліст, датаваны 6
красавіка, ад пляменьніка Артура, які пісаў літаральна: «Дзякуіе (дзякую. –
А.Н.) Табе за картку з Ромы. Яна мяне ўцешыла i ycix нас абрадавала. Шчырый
дзякуй за пажаданьни для нас ycix. Наши мама i тата шмат працуюць каб мы
магли жыць памареньку (памаленьку. – А.Н.) i вучыцца. Навука ёсьць цікавая
але i цяжкая i как тоуная (каштоўная? – А.Н.) асабліва мэдыцына. Я крыху
ўмею пісаць гэтымі литэрами але я шчэ (яшчэ. – А.Н.) ня вельмі добра знаю
язык Купалы i Коласа». Што Артур ведаў “гэтыя літары”, г. зн. кірылічны
альфабэт, ня дзіўна, бо расейская мова да пачатку 1990-х гадоў выкладалася ў
польскіх школах як абавязковы прадмет. Сам Пятрусь пісаў Чэславу ў верасьні
1979 году: «Падкінь... калі можаш, пара старынных журналаў на ангельскай
мове (з модай, пра тэлебачаньне i г. д.) – бо ўсе дзеткі вучацца ангельскай
мове i рускага языка». Было таксама ясна, што хлопец ня ведаў беларускай
мовы, а проста перапісаў тэкст, напісаны бацькам, не разумеючы яго i робячы
памылкі. Такім чынам, спроба пераканаць Уладыку Чэслава, што дзеці Петруся
ведалі беларускую мову, атрымалася ня вельмі ўдалая.
Недзе ў 1978 годзе Ўладыка Чэслаў паслаў у Польшчу для сваёй стрыечнай
сястры Kaci, што некалькі гадоў моцна хварэла, лекі, якія там не
прадаваліся. Пятрусь даведаўся i 21 ліпеня 1980 году, віншуючы Чэслава з
угодкамі ягоных біскупскіх сьвячаньняў, ня мог устрымацца, каб не напісаць:
«Ты памагаеш Kaci, якая жыве найбагацей ад нас ycix. Бог ведаў, што даў ёй
хваробу за ўсе плёткі i лгарства». У канцы зрабіў прыпіску, пытаючыся зь
зьдзіўленьнем: «Чаму ты гневаешся: маліся»...
Уладыка Чэслаў ня гневаўся, яму было толькі, як ён сам прызнаўся, вельмі
сумна. Ён таксама хварэў i апошні год свайго жыцьця ўжо ня меў сілы, каб
падтрымліваць з сваімі блізкімі сувязі, асабліва такія, ад якіх даводзілася
чакаць толькі прыкрасьці.
Жыцьцё дзяцей зь сям’і Сіповічаў склалася вельмі па-рознаму. Нягледзячы
на гэтую розьніцу i вонкавыя абставіны, яны на працягу больш як сарака гадоў
здолелі захаваць сувязь між сабою. Аднак дачыненьні паміж імі склаліся
па-рознаму. Вінцусю споўнілася толькі чатыры гады, калі Чэслаў назаўсёды
пакінуў Друю i Бацькаўшчыну, i таму яны амаль ня ведалі адзін аднаго.
Найбліжэйшымі для яго засталіся Янусь i Фэля, зь якімі прайшлі ягоныя
дзіцячыя гады, да таго як ён пайшоў у Друю. Да Януся ён пісаў у 1974 годзе:
«Помню аб ycix вас, помню дарагую Дзедзінку, і мне здаецца, што я пазнаў бы
кожны камень, які быў за маіх часоў на полі». З Фэляй яго зьвязвалі
незабыўныя ўспаміны: «Я помню, калі я мусіў глядзець цябе маленькую i ты
звалілася з печы, i я думаў, што ты забілася. Я вельмі спалохаўся i ня
ведаў, што рабіць. Тата i мама былі, здаецца, у Ідоўце. Ці ёсьць яшчэ ў
нашым доме тая печ?» Фэля яму пісала ў студзені 1977 году: «Дрогі брат, ты
бальшым чалавекам i верны для ycix. Но я, Фэля, век не забуду як кароў
пасьціла за цябе. Mo, дарагі брат, каб я мела крыльлі, то да цябе прыляцела
б. Бо я знаю добра, жэ ты са мной хаваў бы (так у тэксьце. – А.Н.), што мне
сэрца не балела б, каб я з табой пагутарыла б».
Часам спадзяваньні братоў, a асабліва пляменьнікаў, перавышалі тое, што
Чэслаў мог або ўважаў за слушнае зрабіць для ix, але наагул ён знаходзіў у
ix разуменьне. Найбольш складанымі былі дачыненьні зь Петрусём, i нярэдка
Чэславу даводзілася дасьведчыць праўдзівасьць словаў Хрыста, які цытаваў
сказанае прарокам Міхеем: “Ворагі чалавека хатнія яго” (Мц 10:36).
Notes
[169] У выніку палітычных
перамен у камуністычных дзяржавах у 1956 годзе, ажывілася дзейнасьць
беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. У прыватнасьці, там паўстала
Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, якое ў лютым пачало выдаваць у
Беластоку тыднёвую газэту Ніва. У 32-м нумары гэтай газэты за 8 кастрычніка
друкаваўся рэпартаж Петруся Сіповіча пра ўступныя экзамэны на новаадчыненую
катэдру беларускай філялёгіі ў Варшаўскім унівэрсытэце. У 40-м нумары за 2
сьнежня ёсьць ягоная кароценькая зацемка пра беларускую вечарыну (“баль”) у
Варшаве. Гэта, здаецца, увесь уклад Петруся Сіповіча ў беларускае жыцьцё ў
Польшчы. Пра ніякую іншую ягоную беларускую дзейнасьць нічога ня ведама.
[170] Маці Каміля прыслала
ў верасьні 1961 году Ўладыку Чэславу ліст з мэтрыкай нараджэньня сына i
здымкамі, як яна пісала, “у сямейны альбом”. Яна разьлічвала, што Ўладыка
атрымае ейны ліст, калі Пятрусь будзе гасьціць у яго. Аднак ліст прыйшоў з
спазьненьнем, калі Петруся ўжо не было ў Лёндане.
[171] Пасьведчаньне
Петруся з унівэрсытэту марксызму-ленінізму знаходзіцца сярод папераў біскупа
Сіповіча, дзе ёсьць таксама мэтрыка нараджэньня Каміля Сіповіча, якую
прыслала яму ягоная маці яшчэ пры канцы 1961 году. Біскуп Сіповіч пісаў 31
кастрычніка 1966 году сваёй маме, якая тады была ў гасьцёх у Петруся: «Я
прасіў Маму, каб яна добра на Петруся насварылася, i няхай яна яму скажа,
што я больш ведаю пра яго, чым ён думае, але што ж я магу зрабіць?»