Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Уступнае слова а.Аляксандра


 

 

Уступнае слова а.Аляксандра

"Калі Хрыстос не ўваскрос, то марная вера вашая, і вы ўсё яшчэ ў вашых грахох"

(1 Кар. 15:17)

Прыведзеныя вышэй словы Сьвятога Паўла паказваюць, якое вялікае значэньне мае для нас Уваскрасеньне Хрыста. Яно – аснова нашай веры і хрысьціянскай надзеі, зарука нашага збаўленьня і ўваскрасеньня з мёртвых. Хрыстос сваёй крыжовай сьмерцю выкупіў нас з няволі граху. Устаўшы з мёртвых, Ён узьняў з сабою людзкую прыроду, зьяднаную з Боскаю ў Ягонай асобе. Такім чынам, сьмерць была пераможаная назаўсёды. Для выкупленых яна ўжо не канец, пасьля якога няма нічога, але пачатак новага, вечнага жыцьця, авеянага Ласкаю. Уваскрасеньне – гэта абнаўленьне ўсяго сьвету, новы акт тварэньня.

Сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага – Вялікдзень – найвялікшае сьвята ў царкоўным календары. Яно поўнае сьветлай радасьці з прычыны перамогі Жыцьця над сьмерцю. Радасны і ўрачысты настрой узмацняецца прывітальным воклічам "Хрыстос Уваскрос!" і адказам на яго "Сапраўды ўваскрос!", што паўтараецца шматкротна на ўсіх багаслужэньнях і вонку іх сярод вернікаў. У сьвяточных песнасьпевах Хрыстос прадстаўлены як вялікі Правадыр, які вывеў нас з няволі граху і ўзьвёў" ад сьмерці да жыцьця, і ад зямлі да неба", як некалі Майсей вывеў выбраны народ з ягіпскай няволі. Таму, падобна да старазапаветнай падзеі, Вялікдзень называецца "Пасхай", часта з дадаткам "новая", або "Гасподняя".

Увесь велікодны тыдзень лічыцца адным сьвяточным днём. У гэты тыдзень няма посту, нават у сераду і пятніцу, і вернікі спажываюць стравы, якія былі асьвячоныя ў царкве ў сам дзень Вялікадня. Пасьвяцце Вялікадня трывае сорак дзён аж да сьвята Ўзьнясеньня. У нядзелі гэтага пэрыяду прыгадваюцца падзеі, якія сьведчаць аб уваскрасеньні Хрыста (нядзелі Тамаша і міраносіцаў), або дзе Ягоная боскасьць і сутнасьць Ягонага пасланства праявіліся з асаблівай сілаю (нядзелі Расслабленага, Самаранкі і Сьлепанароджанага). Нядзеля пасьля Вялікадня завецца Антыпасхай, а таксама Нядзеляй Тамаша. У гэты дзень успамінаецца апостал Тамаш, які быў адсутны, калі ўваскрослы Хрыстос явіўся першы раз апосталам, і таму не паверыў, калі яму пра гэта сказалі іншыя. Праз сем дзён Хрыстос зноў явіўся і загадаў Тамашу, які гэтым разам быў прысутны, дакрануцца да Ягоных ранаў. Тамаш, дакрануўшыся, вызнаў Хрыста словамі: "Госпад мой і Бог мой", і такім чынам пакінуў нам сьведчаньне Ягонага ўваскрасеньня. Дарэчы, сярод казаняў сьвятога Кірылы Тураўскага, казань на нядзелю Тамаша ёсьць адной з найлепшых. Вось як яна сканчваецца: "Таму, браты, верым Хрысту Богу нашаму, паклонімся Ўкрыжаванаму, уславім Уваскрослага; дайма веры Таму, хто явіўся апосталам; будзем пяяць хвалу Таму, хто паказаў бок Тамашу; усхвалім Таго, хто прыйшоў ажывіць нас; вызнайма Таго, хто асьвяціў нас; узьвялічым Таго, хто даў нам багацьце дабротаў; пазнайма аднаго ад Тройцы Госпада, і Бога, і Збаўцу нашага Ісуса Хрыста, якому слава разам з Айцом і Ўсесьвятым Духам".

Праз сорак дзён пасьля Вялікадня Царква сьвяткуе Узьнясеньне Г. Н. Ісуса Хрыста ў целе, г. зн. з нашай людзкой прыродаю, на неба. Мы ўсе зьяднаныя з Хрыстом у Ягоным містычным целе, якім ёсьць Сьвятая Царква. Таму, дзякуючы Ягонаму ўзыходу на неба разам з нашай прыродай, мы ўсе атрымалі "нябеснае грамадзянства", права быць дзецьмі Божымі і ўдзельнікамі Боскага вечнага жыцьця. У адной з песьняў на вячэрні гэтага дня гаворыцца: "Прыроду Адама, якая ўпала ў зямную бездань, Ты, Божа, аднавіў у сабе і сёньня ўзьнёс вышэй за ўсе сілы і пачаткі. Палюбіўшы яе, Ты ў міласэрнасьці сваёй зьяднаў яе з сабою; і, зьяднаўшы, пацярпеў разам з ёю: пацярпеўшы ж – хоць Ты і непадуладны цярпеньням, – Ты ўславіў яе".

У наступную нядзелю чыніцца ўспамін Айцоў Першага Сусьветнага Нікейскага Сабору 325 г, скліканага дзеля абароны навукі аб боскасьці Г.Н. Ісуса Хрыста супраць ерасі Арыя. Сабор пакінуў нам Вызнаньне веры ("Нікейскае"), якое гаворым заўсёды на Літургіі.

Сёмая нядзеля пасьля Вялікадня, або Сёмуха, – сьвята зыходу на апосталаў Сьвятога Духа, Якога Хрыстос абяцаў на Апошняй Вячэры, і прыйсьця Якога Ён загадаў чакаць перад сваім узьнясеньнем на неба. Грамада апосталаў і іншых вучняў Хрыстовых, атрымаўшы Боскага Духа, сталася адным арганізмам, містычным целам Хрыстовым, якое мы называем Сьвятой Царквою. Такім чынам Сёмуха – гэта нараджэньне Царквы і пачатак прапаведаваньня Евангельля па ўсім сьвеце. Ад гэтага часу ўсё ў Царкве дзеецца сілаю і дзеяньнем Сьвятога Духа. Таму, пачынаючы ад Сёмухі, усе малітвы і багаслужэньні пачынаюцца малітваю-заклікам да Сьвятога Духа: "Уладару Нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш...". Гэтая малітва не гаворыцца між Вялікаднем і Сёмухай.

Сьвяты Дух зьяўляецца Богам, адным з Сьвятой Тройцы. Дар Духа Сьвятога – гэта дар боскага жыцьця, а Ягоны зыход – аб'яўленьне Бога ў Тройцы адзінага. Таму Сёмуха ёсьць таксама сьвятам Сьвятой, адзінасутнай і неразьдзельнай Тройцы. Пра гэта прыгожа і з вялікай багаслоўскай дакладнасьцю кажацца ў адной песьні на вячэрні: "Прыйдзіце, людзі, паклонімся Богу ў трох асобах – Сыну з Айцом і з Духам Сьвятым. Спрадвечны Айцец родзіць спрадвечнага і роўнапасаднага Сына, і Дух Сьвяты праслаўляецца ў Айцу разам з Сынам: адна сіла, адна сутнасьць, адно Боства. Яму мы пакланяемся, кажучы: Сьвяты Божа, што ўсё творыш праз Сына Духам Сьвятым; Сьвяты Моцны, які даў нам спазнаць Айца, і праз якога Дух Сьвяты на сьвет прыйшоў; Сьвяты Несьмяротны, Духу Пацяшыцелю, што ад Айца паходзіш і ў Сыне спачываеш, Тройца Сьвятая, слава Табе".

Каб гэты другі, "тройцавы" аспэкт Сёмухі не затуліў першага, Царква ўстанавіла сьвяткаваць таксама другі дзень, які носіць назву "Панядзелка Сьвятога Духа". На вячэрні гэтага дня (у нядзелю ўвечары), чытаюцца доўгія малітвы з просьбамі ласкі Сьвятога Духа, заспакаеньня патрэбаў Сьвятой Царквы, збаўленьня і адпушчэньня грахоў ўсіх верных тут на зямлі, і тых, што заснулі ў надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага. Падчас чытаньня гэтых малітваў сьвятар і ўсе людзі кленчаць.

Госпад Ісус Хрыстос праз сьмерць Крыжовую і Ўваскрасеньне зьдзейсьніў перамогу над сьмерцю і, узьняўшы з сабою да неба нашую прыроду, адчыніў нам усім туды ўваход. Гэта была Пасха Гасподняя. З прыйсьцем Сьвятога Духа настаў новы час, час Царквы. Гэта таксама час нашай пасхі, бо нам дадзеная Провідам Божым магчымасьць праз навярненьне і хрост атрымаць ласку збаўленьня.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст