Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Уваскрасеньне Госпада Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Вялікдзень) - Ютрань


 

 

Уваскрасеньне Госпада Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Вялікдзень) - Ютрань

Адчыняюцца райскія дзьверы (якія, разам з бакавымі, застаюцца адчыненымі праз увесь Велікодны тыдзень). Раздаюцца ўсім сьвечкі. Сьвятар з трысьвечнікам і крыжом у руцэ, у суправаджэньні дыякана, кадзіць аўтар. Пасьля абодва выходзяць праз райскія дзьверы.

Сьвятар (уголас, тон 6): Уваскрасеньню Твайму, Хрысьце Спасе, анёлы ў небе пяюць песьню хвалы: дай і нам тут на зямлі з чыстым сэрцам славіць Цябе.

Людзі: Уваскрасеньню Твайму... (паўтараюць шмат разоў)

Усе ідуць на працэсію. Вярнуўшыся, затрымліваюцца перад зачыненымі дзьвярыма царквы. Згодна з грэцкім звычаем сьвятар чытае перад зачыненымі дзьвярыма наступнае Евангельле:


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Марка

Калі мінула субота, Марыя Магдалена і Марыя Якубава, і Саламея купілі духмяныя алейкі, каб, прыйшоўшы, памазаць Ісуса. I вельмі рана ў першы дзень тыдня прыйшлі да магілы, калі ўзыходзіла сонца. I казалі між сабою: "Хто нам адваліць камень ад уваходу ў магілу?" Але, паглядзеўшы, бачаць, што камень адвалены, а ён быў вельмі вялікі. I, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, які сядзеў з правага боку і быў адзеты ў белую вопратку, і жахнуліся. А ён ім кажа: "Ня бойцеся. Вы шукаеце Ісуса Назараніна ўкрыжаванага; Ён уваскрос, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго. Але ідзіце і скажыце Ягоным вучням і Пятру, што Ён іх апярэдзіць у Галілеі. Там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам". I, выйшаўшы з магілы, яны пабеглі, дрыжучы ад страху. I нікому нічога не сказалі, бо баяліся. (16:1-8)

Скончыўшы, прагалошвае:

Сьвятар: Слава сьвятой, адзінасутнай, жыватворчай і неразьдзельнай Тройцы спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар (сьпявае): Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых... (Тройчы)

Сьвятар кадзіць і вітае людзей: ХРЫСТОС УВАСКРОС!

Людзі адказваюць: САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС!

Гэта паўтараецца шмат разоў падчас усёй службы.

Сьвятар: Хай уваскрэсьне Бог і разьбягуцца ворагі Яго, і хай уцякуць ад Яго ўсе ненавісьнікі Яго.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых... (Адзін раз)

Сьвятар: Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае воск ад агню.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Так хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага, а праведнікі хай узрадуюцца.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Вось дзень, што Госпад стварыў, дзень радасьці і вясельля для ўсіх нас.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў.

Людзі: I тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.

Дзьверы адчыняюцца, і ўсе ўваходзяць у царкву.


Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

– За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа ... Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

– За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся.

– За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны, і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

– За добрае надвор'е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку, Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

І пачынаюць Велікодны канон.


Старонка 1 з 4 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст