Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Велікодныя гадзіны


 

 

Велікодныя гадзіны

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)

(Тон 6) Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова, паклонімся сьвятому Госпаду Ісусу, адзінаму бязгрэшнаму. Крыжу Твайму пакланяемся, Хрысьце, і сьвятое ўваскрасеньне Тваё ў песьнях славім. Ты – Бог наш, апроч Цябе іншага бога ня знаем, імя Тваё клічам. Прыйдзіце, усе верныя, паклонімся сьвятому ўваскрасеньню Хрыстоваму, бо праз крыж прыйшла радасьць усяму сьвету. Заўжды бласлаўляючы Госпада, славім ўваскрасеньне Яго, бо Ён, пацярпеўшы ўкрыжаваньне, сьмерцю сьмерць зваяваў. (Тройчы)

(Тон 4) Устаўшы да сьвітаньня, жанчыны, што былі з Марыяй, убачылі камень, адвалены ад магілы, і пачулі ад анёла: "Нашто шукаеце сярод мёртвых, быццам чалавека, Таго, хто жыве ў вечным сьвятле? Гляньце, вось пахавальныя покрывы; дык ідзіце і сьвету абвяшчайце, што Госпад уваскрос і зьнішчыў сьмерць, бо Ён Сын Бога, які збаўляе род людзкі".

(Тон 8) Хоць Ты, Несьмяротны, і зышоў у магілу, Ты зьнішчыў пекла ўладу і ўваскрос пераможна, Хрысьце Божа, жанчынам міраносіцам кажучы "Радуйцеся", і Тваім апосталам супакой даруючы, Ты, што даеш памерлым уваскрасеньне.

У магіле целам, у пекле душою як Бог, у раі з разбойнікам, і на пасадзе разам з Айцом і Духам Ты быў, Хрысьце: Ты ўсё напаўняеш, Неабдымны.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Жыцьцядайная магіла Твая, Хрысьце, прыгажэйшая за рай і сьвятлейшая за царскія харомы, сталася крыніцаю нашага збаўленьня.

Цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Радуйся, асьвячанае боскае селішча Найвышэйшага Бога, бо праз Цябе, Багародзіца, даецца радасьць усім, што клічуць: Блаславёная Ты між жанчынаў, усебеззаганная Ўладарка.

Госпадзе змілуйся. (40 разоў)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім, блаславі, ойча.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.

Чытальнік: Амін.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі найчыстае свае Маці, сьвятых і баганосных айцоў нашых і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Чытальнік: Амін.


Увага. Велікодныя гадзіны чытаюцца праз увесь Сьветлы Тыдзень. Такім самым чынам чытаецца і павячэрніца.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст