ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, цябе клічу...":
(Тон 4). Жыцьцядайнаму крыжу Твайму безупынна
пакланяемся, Хрысьце Божа, і славім трохдзённае ўваскрасеньне Тваё, якім Ты,
Усясільны, абнавіў людзкую прыроду і як добры і Чалавекалюбец адкрыў зноў да
неба ўваход.
Прыбіты да крыжовага дрэва, Ты, Збавіцелю, забарону дрэва
непаслушэнства адмяніў і, зышоўшы да пекла, як усемагутны Бог, путы сьмерці
разарваў. Дзеля гэтага пакланяемся Твайму трохдзённаму ўваскрасеньню і радасна
клічам: "Усемагутны Госпадзе, слава Табе!"
Ты, Госпадзе, разьбіў вароты пекла і сьмерцю Тваёю зьнішчыў
сьмерці ўладу, і род людзкі ад тленнасьці выбавіў, даруючы сьвету жыцьцё і
нятленнасьць, і багацьце зьмілаваньня Твайго.
Прыйдзіце, людзі, усхвалім у песьнях трохдзённае
ўваскрасеньне Збавіцеля, якім мы вызваліліся ад непарушных пякельных путаў і
атрымалі жыцьцё і нятленнасьць. Дык усклікнем усе: "Адзіны Чалавекалюбча, што
быў расьпяты і пахаваны, і ўваскрос, збаў нас уваскрасеньнем Тваім".
Анёлы і людзі, Збавіцелю, славяць Тваё ўваскрасеньне на трэці
дзень, якім прасьвятліліся ўсе канцы зямлі, і мы вызваліліся ад варожай няволі.
Дык усклікнем усе: "Усемагутны Жыцьцядаўча, Збавіцелю наш, збаў нас
уваскрасеньнем Тваім, адзіны Чалавекалюбча!"
Ты, Хрысьце Божа, разбурыў медзяныя вароты і жалезныя замкі
разьбіў, і род людзкі ўваскрасіў. Дзеля гэтага ў адзін голас клічам: "Госпадзе,
што ўваскрос з мёртвых, слава Табе!"
Слава..: Нараджэньне Тваё, Госпадзе, ад Айца, пазачаснае
і вечнае; Тваё ўцелаўленьне ад Дзевы няўцямнае для людзей і невыказнае; Твой
зыход у пекла страшны быў для д'ябла і паплечнікаў яго, бо Ты, уваскросшы на
трэці дзень, перамог сьмерць і дараваў сьвету багацьце Твайго зьмілаваньня.
Цяпер...: (Дагматык).
Прарок Давід, які праз Цабе стаўся богаайцом, у песьні Таму, хто вялікія
рэчы для Цябе ўчыніў, так пра Цябе прадказаў: "Каралева стала па правай руцэ
Тваёй". Ён явіў Цябе, як хадайніцу і Маці Жыцьця, бо ад Цябе захацеў прыняць
цела і стацца чалавекам Хрыстос Бог, каб аднавіць сатлелы прагнасьцю вобраз свой
і знайсьці заблудную ў горных безданях авечку, каб, узяўшы яе на плечы,
прынесьці да Айца і даць ёй месца разам з нябеснымі сіламі, і збавіць,
Багародзіца, сьвет у велічы і багацьці міласэрнасьці сваёй.
Вялікі Пракімен (Пс.76:2,3,4,14): Я
голасна клікаў Госпада, і голас мой дайшоў да Бога, і Ён пачуў мяне.
Верш 1: У дзень смутку майго шукаю Бога.
Верш 2: Адмовілася ад пацехі душа мая.
Верш 3: Божа, у сьвятасьці шлях Твой.
Вершапесьні
Ты, Госпадзе, узышоўшы на крыж, прадзедавы праклён адмяніў і,
зышоўшы да пекла, вечных вязьняў вызваліў, і дараваў несьмяротнасьць людзкому
роду. Дзеля гэтага ў песьнях славім жыцьцядайнае і збавеннае ўваскрасеньне Тваё.
Хай уваскрэсьне Бог... і г. д. (Гл.
вершапесьні вячэрні нядзелі Вялікадня) |