ЮТРАНЬ
Пахвальныя псалмы
(Тон 3). Прыйдзіце, усе людзі, і зразумейце
веліч тайны! Вось Хрыстос, Збавіцель наш, спрадвечнае Слова, быў укрыжаваны
дзеля нас і пахаваны, і ўваскрос з мёртвых, каб збавіць усіх. Дык паклонімся
Яму.
Вартаўнікі расказалі ўсё, што бачылі, але варожы сход, даўшы
ім заплату, задумаў скрыць Тваё ўваскрасеньне, якое сьвет славіць. Зьмілуйся над
намі.
Усё напоўнілася радасьцю, атрымаўшы сьведчаньне
ўваскрасеньня. Марыя Магдалена прыйшла да магілы і знайшла там анёла, які сядзеў
на камяні ў сьветлай вопратцы і казаў: "Чаго шукаеце Жывога сярод мёртвых? Няма
Яго тут, Ён уваскрос, як абяцаў, і чакае вас у Галілеі".
У сьветласьці Тваёй, Уладару Чалавекалюбча, мы ўбачым
сьвятло, бо Ты ўваскрос з мёртвых і даў збаўленьне людзкому роду, каб усё
стварэньне славіла Цябе, адзінага бязгрэшнага. Зьмілуйся над намі.
Хай уваскрэсьне Бог... і г. д. (Гл.
вершапесьні вячэрні нядзелі Вялікадня)
ЛІТУРГІЯ
Пракімен: Душа мая абвяшчае веліч Госпада, і мой
дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім.
Верш: Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад
гэтага часу шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні.
Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў
У той час выступіў Пётра разам з адзінаццацьмі і пачаў
гаварыць голасна да натоўпу: "Мужы юдэйскія і ўсе жыхары Ерусаліму, прыміце да
ведама і выслухайце ўважліва тое, што маю сказаць. Гэтыя людзі ня п'яныя, як вам
думаецца, бо цяпер толькі трэцяя гадзіна дня; але гэта тое, што прадказаў прарок
Яэль: «У апошнія дні – кажа Бог, – вылью Духа майго на кожнае цела, і сыны і
дочкі вашыя будуць прарочыць, а юнакі вашыя будуць бачыць аб'яўленьні. Нават на
нявольнікаў і нявольніцаў вылью Духа Майго ў тыя дні. I пакажу знакі на небе і
на зямлі, кроў і агонь, і стаўпы дыму. Сонца зьменіцца ў цемру, а месяц – у
кроў, калі прыйдзе дзень Гасподні, дзень вялікі і страшны. Кожны аднак, хто
пакліча імя Гасподняе, будзе збаўлены»". (Дз 2:14-21)
Алілуя: Устань, Госпадзе, на месца спачынку
Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй.
Верш: Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца
ад яе: ад плоду ўлоньня твайго пасаджу на пасадзе тваім.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі
У той час Пётра, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся,
убачыў адны пахавальныя палотны. I пайшоў назад, дзівячыся ў сабе з таго, што
сталася. I вось двое з іх у гэты дзень ішлі ў сяло, што ляжала шэсьцьдзесят
стадыяў ад Ерусаліму, назва яму Эмаус. Яны размаўлялі між сабою пра ўсё, што
здарылася. Калі яны так размаўлялі і разважалі між сабою, вось сам Ісус,
падышоўшы, пайшоў з імі, але іхнія вочы былі быццам замглёныя, і яны не пазналі
Яго. А Ён сказаў ім: "Пра што гэта вы гутарыце між сабою ў дарозе?" Яны, сумныя,
затрымаліся. Адзін з іх, на імя Кляопа, кажа Яму: "Ты ж сам быў у Ерусаліме і ня
ведаеш, што здарылася там у гэтыя дні?" Ён спытаўся ў іх: "Што такое?" А яны
сказалі Яму: "Тое, што здарылася з Ісусам Назаранінам, які быў прарокам магутным
у справе і слове перад Богам і людзямі; як першасьвятары і нашыя начальнікі
выдалі Яго на сьмерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, які павінен
быў вызваліць Ізраіля. Але вось ужо трэці дзень, як усё гэта сталася. Дый
некаторыя з нашых жанчынаў зьдзівілі нас: пайшоўшы рана да магілы і не знайшоўшы
Ягонага цела, яны прыйшлі, кажучы, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія казалі,
што Ён жывы. Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і знайшлі так, як казалі
жанчыны; Яго ж ня бачылі".
На гэта Ён сказаў ім: "Якія вы няцямлівыя і павольныя сэрцам,
каб верыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж ня так трэба было пацярпець Хрысту,
каб увайсьці ў сваю славу?" I, пачаўшы ад Майсея, праз усіх прарокаў, выясьніў
ім усё, што было пра Яго ў Пісаньнях. I вось наблізіліся да сяла, куды ішлі. Ён
зрабіў выгляд, быццам хацеў ісьці далей. Але яны затрымлівалі Яго, кажучы:
"Застанься з намі, бо ўжо дзень схіліўся да вечара". І Ён увайшоў, каб застацца
з імі. I калі Ён узьлёг з імі (ля стала), Ён узяў хлеб, паблаславіў і,
разламаўшы, даў ім. I адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго, але Ён зьнік. I
казалі яны між сабою: "Ці ж не гарэла нашае сэрца, калі Ён размаўляў з намі па
дарозе і выясьняў Пісаньні?" I, устаўшы, у тую ж хвіліну вярнуліся ў Ерусалім і
знайшлі там сабраных Адзінаццацёх і іншых з імі, якія казалі, што Госпад
сапраўды ўваскрос і явіўся Сымону. А яны расказалі, што здарылася з імі ў
дарозе, і як яны пазналі Яго ў ламаньні хлеба.
(24:12-35)
|