ЮТРАНЬ
Пахвальныя псалмы
(Тон 4). Ты, усемагутны Госпадзе, пацярпеў
крыж і сьмерць і ўваскрос з мёртвых. Славім Тваё ўваскрасеньне.
Крыжом Тваім, Хрысьце, Ты вызваліў нас ад даўняга праклёну і
сьмерцю Тваёю Ты перамог д'ябла, які мучыў нашу прыроду; а ўваскрасеньнем Тваім
Ты напоўніў усіх радасьцю. Дзеля гэтага пяём: "Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых,
слава Табе!"
Крыжом Тваім, Хрысьце Спасе, накіруй нас да праўды Тваёй і
вызваль нас ад варожых сецяў. Ты, што ўваскрос з мёртвых, падымі нас, якія ўпалі
ў грэх, працягні нам руку Тваю, Чалавекалюбны Госпадзе, малітвамі сьвятых Тваіх.
Адзінародны Сыне Божы, Ты, не адлучыўшыся ад Айцоўскага
ўлоньня, прыйшоў на зямлю дзеля любові да людзей і, не зазнаўшы зьмены, стаўся
чалавекам, крыж і сьмерць пацярпеў, хоць як Бог, Ты непадуладны цярпеньням.
Уваскросшы з мёртвых, Ты, адзіны Моцны, даў несьмяротнасьць людзкому роду.
Хай уваскрэсьне Бог... і г. д. (Гл.
вершапесьні вячэрні нядзелі Вялікадня)
ЛІТУРГІЯ
Пракімен: Імя тваё зраблю памятным з
пакаленьня ў пакаленне.
Верш: Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё.
Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў
У той час Пётра прамовіў да людзей: "Мужы ізраільскія, па
слухайце тое, што кажу: Ісуса Назарэя, мужа, якога Бог аб'явіў вам нязвыклымі
ўчынкамі, цудамі і знакамі, якія зрабіў праз Яго Бог сярод вас, як самі ведаеце,
– гэтага мужа, які быў выданы згодна з пастановаю і провідам Божым, вы рукамі
беззаконных прыбілі да крыжа і забілі. Але Бог уваскрасіў Яго, разарваўшы путы
сьмерці, бо немагчыма было, каб яна Яго ўтрымала. Бо Давід кажа пра Яго: «Я
бачыў Госпада заўжды перада мною, Ён у мяне па правай руцэ, каб мне не
пахіснуцца. Дзеля гэтага цешыцца сэрца маё, радуецца душа, а цела маё спачывае
бясьпечна. Бо Ты не пакінеш душы маёй у краіне мёртвых і не дасі сьвятому Твайму
бачыць тленнасьць. Ты мне пакажаш сьцежку жыцьця, поўню радасьці, што ў Табе, і
вечнае блаславеньне па правай руцэ Тваёй». Мужы браты! Дазвольце мне сказаць вам
адкрыта, што прабацька Давід памёр, і быў пахаваны ў магіле, якая ёсьць у нас па
сёньняшні дзень. Але, будучы прарокам і ведаючы, што Бог кляўся і прысягнуў яму
пасадзіць ягонага нашчадка на ягоным пасадзе, ён прадбачыў і прадказаў
уваскрасеньне Хрыста, што ані душа Ягоная не застанецца ў пекле, ані цела Ягонае
ня пабачыць тленнасьці. Гэтага вось Ісуса ўваскрасіў Бог, і мы ўсе сьведкі
гэтага. Узьнесены правіцаю Божаю, Ён атрымаў ад Айца абяцанага Духа Сьвятога і
выліў Яго, як цяпер бачыце і чуеце. Бо Давід не ўзышоў на неба; ён жа сам кажа:
«Сказаў Госпад Госпаду майму; Сядзь па правай руцэ Маёй, пакуль пакладу ворагаў
Тваіх падножкам ног Тваіх». Дык няхай жа цьвёрда ведае ўвесь дом Ізраіля, што
гэтага Ісуса, якога вы ўкрыжавалі, Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом". Пачуўшы
гэтае, яны расчуліліся ў сэрцах іх і сказалі Пятру і іншым апосталам: "Што нам
рабіць, мужы браты?" Пётра ж сказаў ім: "Пакайцеся, і няхай кожны з вас
ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста для адпушчэньня грахоў".
(Дз 2:22-38а)
Алілуя: Душа мая абвяшчае веліч Госпада, і мой дух
узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім.
Верш: Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад
гэтага часу шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна
У той час стаяў Ян і двое з ягоных вучняў. Угледзеўшы Ісуса,
які ішоў недалёка, ён сказаў: "Вось Ягнё Божае". Два вучні ягоныя пачулі, як ён
гэта сказаў, і пайшлі за Ісусам. А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць,
кажа ім: "Што шукаеце?" А яны Яму сказалі: "Раббі (што ў перакладзе азначае:
настаўнік), дзе жывеш?" Ён адказаў ім: "Хадзеце і пабачыце". I яны пайшлі і
пабачылі, дзе Ён жыве, і таго дня засталіся ў Яго. Было ж каля дзесятай гадзіны.
Андрэй, брат Сымона Пятра, быў адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім.
Ён сустрэў сьпярша свайго брата Сымона і кажа яму: "Мы знайшлі Мэсію (што ў
перакладзе азначае: Хрыстос)". I прывёў яго да Ісуса. Ісус, глянуў на яго і
сказаў: "Ты – Сымон, сын Ёны; ты будзеш называцца Кіфа", – што ў перакладзе
азначае: Пётра (Скала). На другі дзень Ісус вырашыў ісьці ў Галілею і,
знайшоўшы Піліпа, сказаў яму: "Ідзі за Мною". Быў Піліп з Бэтсаіды, з места
Андрэя і Пятра. Піліп сустрэў Натанаіла і кажа яму: "Мы знайшлі Таго, пра каго
пісаў Майсей у Законе і Прарокі: Ісуса, сына Язэпа, з Назарэту". Сказаў яму
Натанаіл: "Ці ж можа быць з Назарэту што добрае?" А Піліп яму: "Хадзі і
паглядзі". Убачыў Ісус Натанаіла, калі той ішоў да Яго, і кажа пра яго: "Вось
сапраўдны ізраільцянін, у якім няма крывадушнасьці". Кажа Яму Натанаіл: "Адкуль
Ты мяне ведаеш?" Ісус сказаў яму ў адказ: "Перш як паклікаў цябе Піліп, калі ты
быў пад фігавым дрэвам, Я бачыў цябе". Адказаў Яму Натанаіл: "Раббі, Ты Сын
Божы, Ты Цар Ізраіля!" Ісус сказаў яму ў адказ: "Ты паверыў таму, што я сказаў
табе: Я бачыў цябе пад фігавым дрэвам? Пабачыш больш за гэта!" I кажа яму:
"Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце нябёсы адкрытыя, і анёлаў Божых, што
ўзыходзяць і зыходзяць на Сына Чалавечага". (Ян
1-.35-51)
|