Вячэрня
На
"Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). Ты, Кірыла, жэзлам навучаньняў тваіх адагнаў ад Хрыстовае Царквы духоўных
ваўкоў, абгарадзіў яе і ўмацаваў словам, і прадставіў яе Хрысту непарушнаю і
непахіснаю. Малі Яго выбавіць ад тленнасьці ўсіх, што з вераю спраўляюць
пачэсную памяць тваю.
Блаславёны і
баганосны Кірыла, ты прасьвятліў свой розум зьзяньнем Духа, і сам быў быццам прамяністае сонца, што пасылае промні
сваіх навучаньняў, прасьвятляе ўсіх верных, і адганяе цемру ерасяў сілаю Таго,
хто зазьзяў ад Дзевы.
Дабрынёю
словаў тваіх Царква ўся ўпрыгожваецца, дабрапачэсна ўзбагачваецца цудоўнымі
дабротамі, і шануе сьвятую памяць тваю, Кірыла, прававерных пахвала, айцоў
вяршыня, абаронца Усесьвятое Багародзіцы на Саборы.
Слава ...:
(Тон
6). Добры і верны слуга, працаўнік вінаградніка
Хрыстовага, ты перанёс дзённую сьпёку, памножыў дадзены табе талент і не
пазайздросьціў тым, што прыйшлі пасьля цябе. Таму, Кірыла ойча наш, дзьверы нябесныя
адкрыліся табе, і ты ўвайшоў у радасьць Госпада твайго, дзе безупынна молішся
за нас.
Цяпер ...: Сьвята, або:
Багародзічны (тон 6). Радуйся,
спаўненьне Закону; радуйся, хорам Сьвятое Тройцы радуйся, Нявеста нятленная;
радуйся, носьбітка Ўладара ўсіх; радуйся, духоўны агонь, што носіш у руках
Тваіх, быццам у шчыпцах, гарачы вугаль; радуйся, раю новы, садзе зачынены,
сьветлае боскае застольле, галубка чыстая, пасадзе Ўсявышняга, Боскае духоўнае
ложа, бо Цябе, Дзева, Дух Сьвяты ацяніў.
Крыжабагародзічны (тон 6). Калі
беззаганная Дзева і Чыстая Ўладарка ўбачыла Сына свайго, узьнесенага на крыжы,
Яна па-матчынаму заплакала і ў зьдзіўленьні ўсклікнула: "Дзіця мілае, што
гэта за новае і дзіўнае зьявішча? Як гэта няўдзячныя людзі аддалі Пілату на суд
і асудзілі на сьмерць Жыцьцё ўсіх? Слаўлю Тваю, Слова, невыказную
спагадлівасьць".
Вершапесьні актойху
Слава ...:
(Тон
6). Чалавек Божы, верны слуга Гасподні, муж жаданьняў
духоўных, выбраны посуд, стоўб і ўмацаваньне Царквы, спадкаемца валадарства, не
змаўкай маліцца за нас Госпаду.
Цяпер ...: Сьвята; калі не, то:
Багародзічны. Ніхто, што прыходзіць да Цябе, не адыходзіць
пасаромлены, Найчыстая Дзева, але просіць ласкі і атрымлівае дары згодна з
просьбаю.
Крыжабагародзічны. Калі беззаганная Багародзіца ўбачыла, як Жыцьцё наша
вісіць на дрэве, Яна па-матчынаму заплакала і ўсклікнула: "Сыне і Божа
мой, збаў тых, што з любоўю славяць Цябе!".
Адпушчальны
трапар
(Тон
8). Правай веры настаўнік, набожнасьці прыклад і чысьціні, сьветач
сусьветны, Богам натхнёная біскупаў аздоба, Кірыла мудры, навукаю тваёю ты ўсіх
прасьвятліў, жалейка духоўная. Малі Хрыста Бога за збаўленьне душаў нашых.
Слава ... цяпер ...:
Багародзічны. Непарушнае ўмацаваньне веры і пачэсны дар душаў нашых,
Багародзіцу ў песьнях, верныя, узьвялічым: "Радуйся, што ва ўлоньні Тваім
зьмясьціла Камень Жыцьця! Радуйся, надзея ўсіх канцоў сьвету, сумных Заступніца!
Радуйся, Дзева Маці!".
Крыжабагародзічны. Убачыўшы на крыжы расьпятага Цябе, Ягнё і
Пастыра, і Збавіцеля сьвету, Маці Твая з плачам казала: "Сыне і Божа мой,
сьвет радуецца, атрымаўшы вызваленьне, а сэрца маё гарыць, бачачы Тваё
распяцьце, якое Ты церпіш за ўсіх". |