Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 11 чэрвеня - сьвятых апосталаў Баўтрамея і Варнавы


 

 

11 чэрвеня - сьвятых апосталаў Баўтрамея і Варнавы

Вячэрня

На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 4). Сеткаю словаў тваіх, багамоўны апостале Баўтрамею, з глыбіні марнотаў і лютага бязбожжа, ты выцягнуў усе куткі зямлі і прывёў вераю да Хрыста, які даў табе гэтую ласку як вучню і настаўніку боскіх тайнаў.

Сонца славы, Ісус, Бог наш паслаў цябе, багамудры Баўтрамею, быццам прамень, у сьвет, каб разагнаць туман бязбожжа і прасьвятліць усіх, што сядзелі ў цемры няведаньня, і даць ім у спадчыну сьвятло.

Ты, слаўны Баўтрамею, паслухаўся загаду Таго, чыіх загадаў усё слухаецца, і прыпадобніўся да Яго, як настаўнік праўды. Ты выпіў з радасьцю чашу сьмерці дзеля Крыжа і цяпер прабываеш з Апошняй Мэтай нашых жаданьняў, як спаўжыхар анёлаў і апосталаў.

(Тон 4). Ты, апостале, прыняў вялікую ўладу над дэманамі, і сілу адганяць імем Хрыста начальнікаў цемры; ты абышоў усю зямлю і прасьвятліў усіх, быццам сонца, і быў у слаўным Рыме першым прапаведнікам Хрыстовага збавеннага прыйсьця.

Тваё жыцьцё на зямлі, апостале Варнава, падобным было да першаснага стану; як муж сапраўды добры прыродаю, ты быў названы сынам пацяшэньня, і дабрынёю звычаеў тваіх і чысьцінёю розуму ты явіўся шчырым вучнем Хрыстовым.

Арган добра адладжаны дзеяньнем Духа, ты, апостале Варнава, пасьвяціў сябе клікаць усе народы і настаўляць іх да пазнаньня Хрыста словамі і ўчынкамі; ты ўсіх прасьвятліў і навучыў вызнаваць сапраўдную Боскасьць Ісуса, Збавіцеля душаў нашых.

Слава ...:

(Тон 6). Варнава ўсяхвальны, сьветлы посуд Сьвятога Духа, сын пацяшэньня; перад тым, як ты пазнаў Паўла, ты быў старэйшым сярод сямідзесяці вучняў; пасьля разам з Паўлам прапаведаваў Евангельле па ўсёй зямлі. Споўніўшы пасланство ласкі, ты прынёс сябе Настаўніку твайму як цэлапальную чыстую ахвяру. Маліся заўсёды, просім цябе, апостале слаўны, за збаўленьне душаў нашых.

Цяпер ...:

Сьвята, або наступны Дагматык, тон 6:

Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева, хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.


Чытаньне першага лісту Сьвятога Апостала Пятра

Браты, хай будзе блаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста. Ён, у вялікай міласэрнасьці сваёй, праз уваскрасеньне з мёртвых Ісуса Хрыста нанова нарадзіў нас да жывой надзеі, да спадчыны незьнішчальнай і чыстай, што ніколі не завяне, якая прызначаная для нас у небе. Сілаю Божаю праз веру вы ахаваныя для збаўленьня, якое мае аб'явіцца ў апошні час. Дзеля гэтага цешцеся, хоць цяпер вам і прыходзіцца зазнаць суму ад розных выпрабаваньняў. Праз гэта вартасьць веры вашай станецца больш каштоўнай за золата — якое, хоць і выпрабоўваецца агнём, але падуладнае зьнішчэньню, — на славу і хвалу ў аб'яўленьні Ісуса Хрыста. Вы, ня бачыўшы, любіце Яго; і верыце ў Яго, хоць ня бачыце, а будзеце цешыцца радасьцю вялікай і поўнай хвалы, калі асягнеце мэту вашай веры — збаўленьне душаў. (1:3-9)


Чытаньне першага лісту Сьвятога Апостала Пятра

Мілыя мае, падперазаўшы паясьніцы розуму вашага, будзьце цьвярозымі, мейце дасканалую надзею на ласку, якая будзе вашым удзелам у аб'яўленьні Ісуса Хрыста. Як паслухмяныя дзеткі, не кіруйцеся вашымі ранейшымі пажаданьнямі, калі вы былі яшчэ несьвядомымі, але усімі вашымі паводзінамі станьцеся сьвятымі на прыклад Сьвятога, які вас паклікаў; бо напісана: "Будзьце сьвятымі, бо Я сьвяты". Бо калі вы называеце Айцом Таго, хто судзіць кожнага паводле ўчынкаў ягоных і не ўзіраецца на аблічча, дык у страху праводзьце час ваш тут на чужыне. Вы ведаеце, што вы былі выкупленыя ад вашых благіх звычаяў, атрыманых у спадчьшу ад продкаў вашых, не недаўгавечным срэбрам ці золатам, але шматкаштоўнаю крывёю Хрыста, быццам беззаганнага і чыстага Ягняці. (1:13-19)


Чытаньне першага лісту Сьвятога Апостала Пятра

Мілыя мае, прашу вас, як падарожнікаў і прыхадняў, каб вы ўстрымліваліся ад цялесных пажаданьняў, што супраць душы ваююць. Хай ваш спосаб жыцьця сярод паганаў будзе добрым, каб яны бачылі вашыя ўчынкі і славілі Бога ў дзень наведаньня за тое, за што цяпер вас ачарняюць як злачынцаў. Будзьце паслухмянымі кожнаму людзкому начальству з увагі на Госпада: ці то каралю, які мае ўладу, ці намесьніку ягонаму, пасланаму, каб караць злачынцаў і ахоўваць тых, што робяць добра. Бо такая ёсьць воля Божая, каб вы рабілі добрыя ўчынкі і тым затыкалі вусны нявуцтву неразумных. Захоўвайцеся як людзі свабодныя — не як тыя, для якіх свабода служыць для апраўданьня зла, але як слугі Божыя. Шануйце ўсіх, любеце братоў, бойцеся Бога, караля паважайце. Слугі, са страхам слухайце гаспадароў, ня толькі добрых і лагодных, але таксама суровых. Бо прыемна Богу, калі нехта, з увагі на сумленьне, падлеглае Богу, пераносіць гора, церпячы несправядліва. Бо якая вам хвала, калі вас караюць за грахі вашыя? Але Богу падабаецца, калі вы, робячы добра, пераносіце цярпеньні: да гэтага ж вы пакліканыя. Хрыстос таксама пацярпеў за вас і пакінуў вам прыклад, каб вы ішлі сьледам за Ім. "Ён не ўчыніў ніякага граху, і ў вуснах Яго не было подступу". Ён, калі Яго зьневажалі, не зьневажаў узаемна, калі цярпеў, не пагражаў, але перадаў Таму, хто чыніць справядлівы суд. Ён сам у сваім целе, узьнёс нашыя грахі на дрэва, каб мы перасталі быць удзельнікамі граху, а жылі для справядлівасьці. Ранамі Ягонымі вы аздароўленыя. (2:11-24)


Вершапесьні

(Тон 1). Па ўсёй зямлі разышлося вашае вучэньне, багавідцы апосталы, і прасьвятліла душы людзей, што зблудзілі, і прывяло іх да Хрыста ласкаю прапаведаваньня. Маліцеся цяпер, каб нашым душам атрымаць супакой і веліч зьмілаваньня.

Верш: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Сьветачы ясныя Хрыстовыя, посуды пачэсныя, што зьмяшчаюць сьвятло Духа; царкоўныя стаўпы, небёсы слаўныя, што абвяшчаюць славу Божую: маліце Яго дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Вы, слаўныя, прывялі да Хрыста Бога народы, збаўленыя крывёю Таго, хто захацеў нарадзіцца на зямлі і прыняць крыж і сьмерць. Маліце Яго цяпер дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Слава ...:

(тон 8) Апостале Збавіцеля, Варнава ўсяхвальны, скарбніца веры, сыне пацяшэньня, ціхі прытулак у буры, мы памятаем пра тваю блізкасьць да Бога і таму просім: маліся, каб захавацца ў супакоі душам нашым.

Цяпер ...:

Сьвята, або багародзічны нядзельны тон 8:

Чыстая Дзева, што Бога ў целе невыказна зачала, Маці Бога ўсявышняга, прымі маленьні слугаў Тваіх, Усячыстая, дай ачышчэньне ад правінаў і, выслухаўшы малітвы слугаў Тваіх, маліся за збаўленьне душаў нашых.


Адпушчальныя трапары

Трапар (тон 3). Апосталы сьвятыя, маліце міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў.

Слава ... цяпер ...: Трапар сьвята, або наступны нядзельны, тон 3:

Цябе, Хадайніцу за збаўленьне наша, славім, Багародзіца Дзева, бо целам, якое Ён узяў ад Цябе, Сын Твой і Бог наш на крыжы пацярпеў і як Чалавекалюбец ад тленнасьці выбавіў нас.


Літургія

Трапары:

Трапар апосталаў (тон 3). Апосталы сьвятыя, маліце міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў.

Кандак Варнавы (тон 3): Ты быў сапраўдным слугою Гасподнім, Варнава, першы з сямідзесяці апосталаў: разам з Паўлам зазьзяў ты прапаведаваньнем тваім і абвяшчаў усім Хрыста Збавіцеля. Дзеля гэтага сёньня ў песьнях славім цябе.

Кандак Баўтрамея (тон 4). Апостале Гасподні Баўтрамею, ты явіўся сьвету, быццам яснае сонца, і прасьвятліў зьзяньнем вучэньня твайго і цудамі ўсіх, што шануюць цябе.


Пракімен (Пс 18:5,2). Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх і аж да канцоў сьвету словы іх.

Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.


Апостал: Дзеяньні 11:19-30.


Алілуя (Пс 88:6,8). Нябёсы славяць цуды Твае, Госпадзе, і вернасьць Тваю – хоры сьвятых.

Верш: Бог праслаўлены ў мностве сьвятых.


Евангельле: Лк 10:16-21


Прычасьнік. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх. Алілуя, алілуя, алілуя.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст