Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 24 чэрвеня - Нараджэньне сьв. Прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна


 

 

24 чэрвеня - Нараджэньне сьв. Прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 4). Ян сваім нараджэньнем разьвязвае Захараву немату, бо ня мусіў бацька маўчаць, калі Голас прыйшоў. За тое, што не паверыў, язык ягоны анямеў, але сёньня прыйсьце Яна вызваляе яго. Той, пра якога было аб'яўлена Захару, — голас Слова і прадвесьнік Сьвятла — сёньня родзіцца і моліцца за душы нашыя. (Двойчы)

Сёньня голас Слова разьвязвае бацькавы язык, што дзеля няверства анямеў, і вызваленьнем маці свае ад няплоднасьці прадвяшчае шматдзетнасьць Царквы. Сьветач прыходзіць перад Сьвятлом, зорка абвяшчае прыйсьце Сонца справядлівасьці для аднаўленьня ўсіх і збаўленьня душаў нашых.

Перш як Бог-Слова нарадзіўся ад Дзевы, прадвесьнік Ягоны зьявіўся са старэчага ўлоньня — вялікі між народжаных ад жанчаны і першы сярод прарокаў. Бо трэба было Боскім справам мець слаўны пачатак: дзіця ў старасьці, і бясьсеменнае зачацьце. Госпадзе, што чыніш цуды для нашага збаўленьня, слава Табе!

Сёньня зьявіўся вялікі прадвесьнік, што нарадзіўся з няплоднага ўлоньня Альжбеты, найбольшы з усіх прарокаў, роўнага якому няма і ніколі не было. Бо вось Сьвятло яснае прыйшло за прадвесьнікам-сьветачам, за голасам — Слова, і Жаніх за прыяцелем. Ян рыхтуе народ Госпаду ачышчэньнем вадою перад прыйсьцем Духа. Нашчадак Захара і гадунец пустыні, пакаяньня прапаведнік, ачышчэньне правінаў, ён прапаведаваў тым, што ў пекле, з мёртвых устаньне і моліцца цяпер за душы нашыя.

Ты, Хрысьціцелю Хрыстовы Яне, быў прарокам і прадвесьнікам ад улоньня маці! Ты ўсьцешыўся ва ўлоньні яе, калі пачуў, што прыйшла Ўладарка да слугі, носячы Спрадвечнага, які нарадзіўся ад Айца бяз маці. Яна прыйшла да цябе, які, згодна з абяцаньнем, зазьзяў ад няплоднае і старое. Малі Госпада за зьмілаваньне душаў нашых.

Слаўны цуд! Захар не паверыў словам анёла, які абвяшчаў зачацьце Альжбеты і нараджэньне сына, і сказаў: "Як яна народзіць, калі я ўжо стары, а ейнае ўлоньне замерла?". Дзеля гэтага за няверства сваё быў ён пакараны нематою. Сёньня ж ён убачыў абяцанае нараджэньне, і немата яго разьвязалася. Узрадаваны, ён усклікнуў: "Блаславёны Госпад Бог Ізраіля, што наведаў і збавіў свой народ, і дараваў сьвету веліч зьмілаваньня!".

Яне ўсяхвальны, сусьветны апостале! Ты — спаўненьне Габрыелявага абяцаньня пра нараджэньне ад няплоднае, гадунец выдатны пустыні і прыяцель шчыры Жаніха-Хрыста. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.

Слава ...:

(Тон 6). Сёньня сьветач Сьвятла, быццам сьветлая заранка, рыхтуе шлях прыйсьцю Бога-Слова. Сёньня язык Захара, што анямеў на загад анёла, разьвязваецца зноў. Бо не выпадала бацьку захоўваць маўчаньне, калі прыйшоў голас, што нарадзіўся ад няплоднае, каб прапаведаваць сьмела збаўленьне ўсяму сьвету.

Цяпер ...:

(Тон 6). Альжбета зачала Прадвесьніка Ласкі, а Дзева — Госпада славы. Абедзьве маткі прывіталіся, і немаўлятка радасна заварушылася ва ўлоньні: так слуга ўславіў Уладара. Маці Прадвесьніка, уражаная, усклікнула: "Адкуль мне гэта, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне? Хай Ён у міласэрнасьці сваёй збавіць людзей бездапаможных".


Чытаньне кнігі Роду

Бог сказаў Абрагаму: "Жонка твая ня будзе называцца Сараі, але імя яе будзе Сара. Пабласлаўлю яе і дам табе ад яе сына, і буду ўсьцяж бласлаўляць яе, так што яна станецца маці многіх, і ўладары будуць нашчадкамі яе". Абрагам, упаўшы тварам ніц, засьмяяўся, бо падумаў у сабе: "Ці ж можа нарадзіцца сын ад стогадовага чалавека, або ці можа дзевяностагадовая Сара стацца маці?" Але Бог яму на гэта: "Сапраўды, Сара народзіць табе сына, якому дасі імя Ісаак. Я заключу з ім саюз, саюз вечны з ім і з яго нашчадкамі, што будуць пасьля яго." Абрагам і Сара састарэліся шмат. I таму Сара засьмяялася і падумала ў сабе: "Як жа магу я нарадзіць цяпер, дый муж мой стары?" Госпад сказаў Абрагаму: "Чаму Сара сьмяецца і думае — ці сапраўды змагу нарадзіць, састарэўшыся? Ці ёсьць што-небудзь немагчымае для Госпада?" Нарэшце Госпад паказаў ласку Сары і ўчыніў ёй, як абяцаў. Сара зацажарыла і нарадзіла старому Абрагаму сына ў час, вызначаны Богам. Абрагам даў сыну, якога нарадзіла яму Сара, імя Ісаак, як загадаў яму Бог. I абрэзаў Абрагам Ісаака, калі яму было восем дзён, як загадаў яму Бог. Абрагаму было сто гадоў, калі нарадзіўся сын ягоны Ісаак. Сара казала: "На сьмех выставіў мяне Госпад. Кожны, хто пачуе пра гэта, сьмяяцца будзе з мяне." I дадала: "Хто мог бы сказаць Абрагаму, што Сара будзе карміць дзяцей? Бо ў ягонай старасьці я нарадзіла яму сына." Калі дзіця падгадавалася і было адлучанае ад грудзей (маці), Абрагам у той дзень справіў вялікую бяседу. (17:15-17,19; 18:11-14; 21:1-8).


Чытаньне кнігі Судзьдзяў

У той час жыў нейкі чалавек з пакаленьня Дана, на імя Маноах. Жонка яго была няплодная і бязьдзетная. Анёл Гасподні зьявіўся гэтай жанчыне і сказаў: "Вось ты няплодная і дзяцей ня маеш, але ты зачнеш і народзіш сына. Толькі сьцеражыся, ня пі віна і ніякага хмяльнога напою, і ня еш нічога нячыстага. Вось зачнеш і народзіш сына, і хай брытва не дакранецца да галавы яго, бо хлапчо ад улоньня матчынага будзе прысьвечанае Богу, і пачне вызваленьне Ізраіля з рук філістынаў". Пайшла жанчына да мужа свайго і расказала яму наступнымі словамі: "Прыйшоў да мяне муж Божы. Выгляд яго быў быццам выгляд Божага анёла — поўны велічы. Я не пытала яго, адкуль ён прыйшоў, а ён не сказаў мне свайго імя. Сказаў мне: Вось зачнеш і народзіш сына, але толькі ад гэтай хвіліны ня пі віна і ніякага хмяльнога напою і ня еш нічога нячыстага, бо дзіця будзе прысьвечанае Богу ад матчынага ўлоньня аж да сьмерці". Тады Маноах памаліўся Госпаду, кажучы: "Прашу Цябе, Госпадзе, няхай муж Божы, якога Ты паслаў, прыйдзе яшчэ раз да нас і няхай навучыць нас, што нам трэба рабіць з дзіцем, якое мае нарадзіцца". I прыйшоў анёл да Маноаха і сказаў: "Усяго, што я сказаў жонцы тваёй, хай высьцерагаецца; няхай не спажывае нічога, што зробленае з вінаграду, ня п'е ні віна ні хмяльнога напою". Спытаў Маноах анёла Гасподняга: "Як імя тваё, каб мы, калі споўняцца словы твае, маглі цябе ўшанаваць?" I адказаў яму анёл Гасподні: "Чаму пытаешся пра імя маё? Яно тайнае". I не зьявіўся больш анёл гасподні Маноаху, ані жонцы яго. (13:2-8,13-14,17-18,21)


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: "Пацяшайце, пацяшайце людзей маіх — кажа Бог, — прамаўляйце да сэрца Ерусаліму і абвяшчайце яму, што час службы ягонай скончыўся, што ўжо адпакутаваная неправеднасьць яго, бо ён прыняў падвойную кару ад рукі Гасподняй за ўсе грахі свае. "Голас разьлягае ў пустыні: "Рыхтуйце дарогу Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Богў нашаму." Узыдзі на высокую гару, ты, што нясеш добрую вестку Сыёну. Уздымі голас свой, ты, што прыносіш радасную вестку Ерусаліму. Уздымі голас, ня бойся, кажы: "Я Бог ваш! Я пачую голас бедных Ізраіля, не пакіну іх. Выпушчу рэкі з гораў, ручаі сярод поля; замяню пустыню на поплаў, а высахлую зямлю на крыніцы водныя". Узрадуйцеся, нябёсы на вышыні, ліце, хмары, справядлівасьць на зямлю. Хай зямля адкрыецца, хай збаўленьне дасьць плод свой, хай прарасьце справядлівасьць. Голасам вясельля абвяшчайце гэта, хай будзе чутны ён аж да краёў зямлі. Распавядайце, як вызваліў Госпад слугу свайго Якуба. Не зазналі яны смагі, калі Ён іх вёў праз пустыню: Ён загадаў вадзе біць крыніцай са скалы. Узрадуйся, няплодная, што ніколі не нараджала, усклікні радасна ты, што ня зьведала родавых боляў: бо больш дзяцей у пакінутай, як у той, што мае мужа. (40:1-3,9; 41:17-18; 45:8; 48:20-21; 54:1)


Ліцьця

(Тон 1). Струменьце, горы, слодыч; узгоркі, быццам ягняты, скачыце! Бо вось нарадзіўся ад Альжбеты, каб з намі пажыць, Прадвесьнік Гасподні. Нараджэньнем сваім ён разьвязаў бацькава маўчаньне. Дык засьпявайма яму: "Хрысьціцелю Хрыстовы, маліся за збаўленьне душаў нашых".

Богам пасланы голас, сьветач Сьвятла, Прадвесьнік Гасподні, першы між прарокаў Хрыстом засьведчаны, у малітве за ўвесь сьвет памятай пра статак твой, каб яму захавацца ад шкоды.

Ты, Яне прароча і прадвесьніку, быў прапаведнікам Ягняці Божага і Слова, якога Ты паказаў сьвету ўсяму, кажучы: "Вось Ягнё Божае, што бярэ на сябе грахі сьвету і дае ўсім веліч зьмілаваньня свайго".

Слава ...:

(Тон 5). Сёньня Альжбета з радасьцю нараджае апошняга з прарокаў, пачатак апосталаў, зямнога анёла і нябеснага чалавека, голас Слова, воя і прадвесьніка Хрыстовага, які радасна заварушыўся ва ўлоньні маці, калі пачуў Абяцанага, і перад сваім нараджэньнем абвясьціў Сонца справядлівасьці. Дзівіцца Захар у старасьці, пазбыўшыся путаў бязмоўя, і бацька Голасу пачынае яўна прарочыць: "Ты, хлапчо, назавешся прарокам Усявышняга і пойдзеш перад Ім рыхтаваць шлях Яму". Дзеля гэтага, анёле, прароча, апостале, вою, хрысьціцелю і прапаведніку пакаяньня, што, як голас Бога-Слова, вядзеш усіх да Сьвятла, маліся няспынна за нас, якія шануем з вераю памяць тваю.

Цяпер ...:

Ты — сьвятыня і брама, хорам і пасад Уладара, Дзева ўсячыстая. Праз Цябе зьявіўся мой Збавіцель, Госпад Хрыстос, тым, што былі ў цемры, як Сонца справядлівасьці, каб прасьвятліць створаных рукою сваёю на свой вобраз. Дзеля гэтага, Усяслаўная, што маеш матчыную ласку і давер у Яго, няспынна маліся за збаўленьне душаў нашых.


Вершапесьні

(Тон 2). Псалмамі, і гімнамі, і песьнямі духоўнымі ўшануем прарока прарокаў, плод няплоднай, найбольшага сярод народжаных ад жанчыны, грамадзяніна пустыні, Яна слаўнага, і скажам: Хрысьціцелю і Прадвесьніку Збавіцеля, тваім нараджэньнем ты паказаў, што маеш вялікую ласку і давер у Хрыста. Дык маліся няспынна, каб Ён даў супакой сьвету і душам нашым багацьце зьмілаваньня свайго.

Верш. Блаславёны Госпад, Бог Ізраіля, які наведаў і вызваліў народ свой.

Прыйшоў сёньня на сьвет голас ласкі Слова, прапаведнік Сонца, што нарадзіўся, згодна з абяцаньнем, ад няплоднай і бязьдзетнай, Ян Прадвесьнік. Цешцеся, людзі, бо ён прыйшоў, каб прыгатаваць шлях Збавіцелю — якому ён радасна пакланіўся яшчэ ва ўлоньні маці сваёй, — Ягняці, што бяре на сябе грахі сьвету і дае нам веліч зьмілаваньня свайго.

Верш. I ты, хлапчо, прарокам Усявышняга назавешся.

Той, хто асьвяціўся ва ўлоньні маці і атрымаў ласку прароцтва, сёньня родзіцца ад няплоднае і прапаведуе ясна прыйсьце Госпада: "Пакайцеся, бо наблізілася валадарства нябеснае".

Слава ...:

(Тон 8). Сёньня, у нараджэньні Яна, найбольшага з прарокаў, споўнілася сказанае прарокам Ісаяю: "Вось Я пасылаю анёла перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Табе. Жаўнер апярэджвае нябеснага Ўладара, каб роўнымі зрабіць сьцежкі справядлівасьці Богу нашаму". Ён палюбіў устрыманасьць і чысьціню і, сам чалавек, стаўся падобным да анёла спосабам жыцьця свайго, у змаганьні з прыроднымі нахіламі сваімі і ў імкненьні да звышпрыроднага. Дык, усе верныя, будзем старацца пераймаць яго ў дабрадзейнасьцях і прасіць маліцца за збаўленьне душаў нашых.

Цяпер ...:

Гляньма на Альжбету, якая кажа Дзеве Марыі: "Адкуль мне гэта, што прыйшла да мяне Маці Госпада майго? Ты носіш Уладара, а я — жаўнера, Ты Заканадаўца, а я слугу Закону, Ты — Слова, а я — голас, што абвяшчае Валадарства Нябеснае".


Адпушчальныя трапары

Трапар Хрысьціцелю (тон 4). Прарок і прадвесьнік прыйсьця Хрыстовага, мы, што з любоўю шануем цябе, ня ведаем як усхваліць цябе дастойна: слаўнае нараджэньне тваё паклала канец няплоднасьці маці і бацькавай немаце і сталася пачаткам абвяшчэньня прыйсьця Сына Божага. (Двойчы)

Багародзіца Дзева, радуйся, поўная ласкі Марыя, Госпад з табою: блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня Твайго, бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст