Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу
...": перш песьні Яна:
(Тон
4). Ян сваім нараджэньнем разьвязвае Захараву немату, бо ня
мусіў бацька маўчаць, калі Голас прыйшоў. За тое, што не паверыў, язык ягоны
анямеў, але сёньня прыйсьце Яна вызваляе яго. Той, пра якога было аб'яўлена
Захару, — голас Слова і прадвесьнік Сьвятла — сёньня родзіцца і моліцца за душы
нашыя. (Двойчы)
Сёньня голас Слова разьвязвае бацькавы язык, што дзеля няверства
анямеў, і вызваленьнем маці свае ад няплоднасьці прадвяшчае шматдзетнасьць Царквы.
Сьветач прыходзіць перад Сьвятлом, зорка абвяшчае прыйсьце Сонца справядлівасьці
для аднаўленьня ўсіх і збаўленьня душаў нашых.
Перш як Бог-Слова нарадзіўся ад Дзевы, прадвесьнік Ягоны зьявіўся
са старэчага ўлоньня — вялікі між народжаных ад жанчаны і першы сярод прарокаў.
Бо трэба было Боскім справам мець слаўны пачатак: дзіця ў старасьці, і бясьсеменнае
зачацьце. Госпадзе, што чыніш цуды для нашага збаўленьня, слава Табе!
Мучаніцы (тон 4). У змаганьні тваім ты, усяхвальная Хаўроньня, пацярпела падвойна,
калі зьмяшала пот устрыманасьці з крывёю мучэньняў. Таму падвойны вянец даў табе
Дабрачынца, да якога ты ўзышла, поўная сьветласьці, як дзева беззаганная і непераможная
мучаніца.
Прыгажосьць цела і краса боскае душы тваёй злучыліся ў табе,
і ты зацьвіла быццам лілея ў сяленьнях сьвятых, зьзяючы сьветласьцю і чырваньню
крыві тваёй, нявеста беззаганная. Дзеля гэтага неразбуральны нябесны хорам прыняў
цябе як дзеву і мучаніцу.
Побач з табою, Хаўроньня ўсяхвальная, быў заўсёды анёл, які
ахоўваў цябе. Ад дзяцінства ты жыла ў страху Гасподнім, і прынесла сябе як пачэсную
ахвяру, захаваўшы сябе чыстаю для Ўсемагутнага. Дзеля гэтага ты патаптала Сэлінаву
неразумрасьць і узьнялася да Хрыста, жаніха твайго.
Слава ... цяпер ...:
Гляньма на Альжбету, якая кажа Дзеве Марыі: "Адкуль мне
гэта, што прыйшла да мяне Маці Госпада майго? Ты носіш Уладара, а я — жаўнера, Ты
Заканадаўца, а я слугу Закону, Ты — Слова, а я — голас, што абвяшчае Валадарства
Нябеснае".
Вершапесьні актойху.
Слава ... Цяпер ...:
(Тон 6). Альжбета зачала Прадвесьніка Ласкі, а Дзева — Госпада
славы. Абедзьве маткі прывіталіся, і немаўлятка радасна заварушылася ва
ўлоньні: так слуга ўславіў Уладара. Маці Прадвесьніка, уражаная, усклікнула:
"Адкуль мне гэта, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне? Хай Ён у
міласэрнасьці сваёй збавіць людзей бездапаможных".
Адпушчальныя трапары
Трапар Хрысьціцеля (тон 4). Прарок і прадвесьнік
прыйсьця Хрыстовага, мы, што з любоўю шануем цябе, ня ведаем як усхваліць цябе дастойна:
слаўнае нараджэньне тваё паклала канец няплоднасьці маці і бацькавай немаце і сталася
пачаткам абвяшчэньня прыйсьця Сына Божага.
Слава ...:
Мучаніцы (тон 4). Ягнё Тваё,
Ісусе, Хаўроньня, кліча моцным голасам: "Цябе, Жаніх мой, люблю і, Цябе шукаючы,
мукі перанашу, і расьпінаюся з Табою, і пахаваньне прымаю ў хрышчэньні Тваім, і
цярплю за Цябе, каб панаваць з Табою, і паміраю за Цябе, каб з Табою жыць; Ты ж
прымі мяне як ахвяру чыстую, што з любоўю прыносіцца Табе". Малітвамі яе, Міласэрны,
збаў душы нашыя.
Цяпер ...:
Багародзічны або Крыжабагародзічны
дня 4 тону. |