Вячэрня
На
"Госпадзе, Цябе клічу ..." наступныя
песьні, паўтараючы кожную:
(Тон 2). Якімі пахвальнымі вянкамі ўшануем Пятра і
Паўла, разьдзеленых целам і зьяднаных духам, першых сярод богапрапаведнікаў:
аднаго, як старшыню апосталаў, другога, як таго, што больш за іншых працаваў.
Іх сапраўды дастойна вянчае несьмяротнай славаю Хрыстос Бог у вялікай
міласэрнасьці сваёй.
Якімі велічнымі
песьнямі ўславім Пятра і Паўла — богаразумныя крылы, што ўвесь сьвет абляцелі і
да неба ўзьняліся; рукі ласкі евангельскай, ногі праўдзівага прапаведаваньня,
рэкі мудрасьці; два плячы крыжа, якімі дэманаў перамог Хрыстос Бог у вялікай
міласэрнасьці сваёй.
Якімі духоўнымі
песьнямі ўсхвалім Пятра і Паўла, што замкнулі крыклівыя вусны нязбожных? Яны —
грозныя мячы духоўныя, краса Рыму сьвятога, карміцелі сусьветныя, боганатхнёныя
табліцы Новага Запавету, што Хрыстос устанавіў у Сыёне ў вялікай міласэрнасьці
сваёй.
Слава ...:
(Тон 4). Патройным запытаньнем: "Пётра, ці любіш
Мяне?", Хрыстос паправіў патройнае Пятрова адрачэньне. Сымон усклікнуў
Таму, хто бачыць таямніцы сэрцаў: "Госпадзе, Ты ўсё ведаеш. Ты ведаеш, што
люблю Цябе!" Тады Збавіцель яму ў адказ: "Пасі авечак маіх, пасі
выбраных маіх, пасі ягнят маіх, якіх я падрыхтаваў для збаўленьня". Дзеля
гэтага, блаславёны апостале Божы, малі Яго цяпер, каб Ён дараваў нам багацьце
свайго зьмілаваньня.
Цяпер ...:
Дагматык (тон 4). Прарок Давід, які праз Цабе стаўся богаайцом,
у песьні Таму, хто вялікія рэчы для Цябе ўчыніў, так пра Цябе прадказаў:
"Каралева стала па правай руцэ Тваёй". Ён явіў Цябе, як хадайніцу і
Маці Жыцьця, бо ад Цябе захацеў прыняць цела і стацца чалавекам Хрыстос Бог,
каб аднавіць сатлелы прагнасьцю вобраз свой і знайсьці заблудную ў горных
безданях авечку, каб, узяўшы яе на плечы, прынесьці да Айца і даць ёй месца
разам з нябеснымі сіламі, і збавіць, Багародзіца, сьвет у велічы і багацьці
міласэрнасьці сваёй.
Чытаньне першага лісту
Сьвятога Апостала Пятра
Браты, хай будзе
блаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста. Ён, у вялікай міласэрнасьці
сваёй, праз уваскрасеньне з мёртвых Ісуса Хрыста нанова нарадзіў нас да жывой
надзеі, да спадчыны незьнішчальнай і чыстай, што ніколі не завяне, якая
прызначаная для нас у небе. Сілаю Божаю праз веру вы ахаваныя для збаўленьня,
якое мае аб'явіцца ў апошні час. Дзеля гэтага цешцеся, хоць цяпер вам і
прыходзіцца зазнаць суму ад розных выпрабаваньняў. Праз гэта вартасьць веры
вашай станецца больш каштоўнай за золата — якое, хоць і выпрабоўваецца агнём,
але падуладнае зьнішчэньню, — на славу і хвалу ў аб'яўленьні Ісуса Хрыста. Вы,
ня бачыўшы, любіце Яго; і верыце ў Яго, хоць ня бачыце, а будзеце цешыцца
радасьцю вялікай і поўнай хвалы, калі асягнеце мэту вашай веры — збаўленьне
душаў. (1:3-9)
Чытаньне першага лісту
Сьвятога Апостала Пятра
Мілыя мае,
падперазаўшы паясьніцы розуму вашага, будзьце цьвярозымі, мейце дасканалую
надзею на ласку, якая будзе вашым удзелам у аб'яўленьні Ісуса Хрыста. Як
паслухмяныя дзеткі, не кіруйцеся вашымі ранейшымі пажаданьнямі, калі вы былі
яшчэ несьвядомымі, але усімі вашымі паводзінамі станьцеся сьвятымі на прыклад
Сьвятога, які вас паклікаў; бо напісана: "Будзьце сьвятымі, бо Я
сьвяты". Бо калі вы называеце Айцом Таго, хто судзіць кожнага паводле
ўчынкаў ягоных і не ўзіраецца на аблічча, дык у страху праводзьце час ваш тут
на чужыне. Вы ведаеце, што вы былі выкупленыя ад вашых благіх звычаяў,
атрыманых у спадчьшу ад продкаў вашых, не недаўгавечным срэбрам ці золатам, але
шматкаштоўнаю крывёю Хрыста, быццам беззаганнага і чыстага Ягняці. (1:13-19)
Чытаньне першага лісту
Сьвятога Апостала Пятра
Мілыя мае, прашу вас,
як падарожнікаў і прыхадняў, каб вы ўстрымліваліся ад цялесных пажаданьняў, што
супраць душы ваююць. Хай ваш спосаб жыцьця сярод паганаў будзе добрым, каб яны
бачылі вашыя ўчынкі і славілі Бога ў дзень наведаньня за тое, за што цяпер вас
ачарняюць як злачынцаў. Будзьце паслухмянымі кожнаму людзкому начальству з
увагі на Госпада: ці то каралю, які мае ўладу, ці намесьніку ягонаму,
пасланаму, каб караць злачынцаў і ахоўваць тых, што робяць добра. Бо такая
ёсьць воля Божая, каб вы рабілі добрыя ўчынкі і тым затыкалі вусны нявуцтву
неразумных. Захоўвайцеся як людзі свабодныя — не як тыя, для якіх свабода
служыць для апраўданьня зла, але як слугі Божыя. Шануйце ўсіх, любеце братоў,
бойцеся Бога, караля паважайце. Слугі, са страхам слухайце гаспадароў, ня
толькі добрых і лагодных, але таксама суровых. Бо прыемна Богу, калі нехта, з
увагі на сумленьне, падлеглае Богу, пераносіць гора, церпячы несправядліва. Бо
якая вам хвала, калі вас караюць за грахі вашыя? Але Богу падабаецца, калі вы,
робячы добра, пераносіце цярпеньні: да гэтага ж вы пакліканыя. Хрыстос таксама
пацярпеў за вас і пакінуў вам прыклад, каб вы ішлі сьледам за Ім. "Ён не
ўчыніў ніякага граху, і ў вуснах Яго не было подступу". Ён, калі Яго
зьневажалі, не зьневажаў узаемна, калі цярпеў, не пагражаў, але перадаў Таму,
хто чыніць справядлівы суд. Ён сам у сваім целе, узьнёс нашыя грахі на дрэва,
каб мы перасталі быць удзельнікамі граху, а жылі для справядлівасьці. Ранамі
Ягонымі вы аздароўленыя. (2:11-24)
Ліцьця
(Тон 2). Зьбярыцеся сёньня, хоры верных, каб у
сьвяточнай грамадзе ўславіць абраных слугаў ласкі Пятра і Паўла. Ушануем іх
належнай хвалою, бо яны шчодра сеялі слова і ўзбагачалі ўсіх ласкаю Духа.
Галінкі праўдзівага вінаграднага куста, яны ўзрасьцілі гронку сьпелую на
радасьць сэрцам нашым. Дык з адкрытым тварам і чыстым сумленьнем усклікнем:
"Радуйцеся, зьнішчальнікі бяздум'я і слугі духоўнасьці".
Усхвалім сёньня
апосталаў Пятра і Паўла, вучняў Хрыстовых, непахісныя асновы, стаўпы і сьцены
Царквы, боскія трубы навукі і мукаў Хрыстовых, усяго сьвету хадайнікаў. Яны
абышлі ўсю зямлю і зааралі яе, пасеялі веру і насадзілі для ўсіх богапазнаньне
навукаю аб Тройцы. Пётра, камень і аснова, і Павал, абраны посуд! Вы хадзілі ў
адным ярме Хрыстовым і ўсіх — народы, гарады і астравы, — да богапазнаньня
прывялі, гэбрэяў зноў навярнулі да Хрыста, а цяпер моліцеся за збаўленьне душаў
нашых.
Пётра, найвышэйшы
сярод слаўных апосталаў, камень веры, і Павал знакаміты, сьвятых цэркваў
настаўнік і сьветач! Перад пасадам Божым маліцеся Хрысту за нас.
Павал — вусны
гасподнія, аснова вучэньня! Некалі ты перасьледаваў Ісуса Спаса, а пасьля
стаўся першым сярод апосталаў. Узьнесены да трэцяга неба, ты бачыў невыказныя
рэчы і клікаў усіх: Хадзіце са мною і ня будзеце пазбаўленыя дабротаў.
(Тон 3). Нябеснага Ерусаліму жыхары, камені веры,
дабравесьнікі Царквы Хрыстовае, пасланцы Тройцы, сьвету лаўцы пакінулі ўсё
зямное, праз мучэньні да Бога прыйшлі і сьмела моляцца за збаўленьне душаў нашых.
Слава ...:
(Тон 5). Мудрасьць Божая, спрадвечнае Слова Айца,
праўдзіва ў евангельлях прадвясьціла аб вас, усяхвальныя апосталы, што вы —
шматплодныя вінаградныя лозы, якія на галінках сваіх узрасьцілі гронкі сьпелыя
і сочныя на радасьць і асалоду верным, што іх спажываюць. Пётра, камень веры, і
Павал, хвала сусьветная! Умацуйце статак, які вы прыдбалі вашым вучэньнем.
Цяпер ...:
(Тон 5). Бласлаўляем Цябе, Багародзіца Дзева, мы, верныя, і
дастойна славім Цябе, як непахісную Сьцяну, надзейную Заступніцу і Прыстанішча
душаў нашых.
Вершапесьні
(Тон 1). Слаўны апостал Павал! Хто можа апісаць твае
вязьніцы і перасьледаваньні па ўсіх гарадох, расказаць пра твае цяжкасьці і
нястачы, голад, смагу і холад, пабоі палкамі, якія табе прыйшлося цярпець,
жыцьцё ў пустыні, караблекрушэньні і каменяваньні? Ты быў відовішчам для анёлаў
і людзей, і ўсё гэта перацярпеў дзеля Хрыста, які ўмацоваў цябе, каб ты мог
сьвет здабыць для Госпада твайго. Дзеля гэтага, шануем памяць тваю і з вераю
просім цябе няспынна маліцца за душы нашыя.
Верш. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да
канцоў сьвету словы іх.
Хто, слаўны апостале
Паўле, можа апісаць твае вязьніцы і перасьледаваньні ва ўсіх гарадох? Або хто
дастойна раскажа пра твае подзьвігі і высілкі дзеля евангельля, каб усіх здабыць
і прывесьці Царкву да Хрыста? Прасі, цэркваў настаўнік, каб яна захавала да
канца добрае вызнаньне тваё.
Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук
Ягоных расказвае небасхіл.
Усхвалім вялікіх
сьветачаў Царквы Пятра і Паўла, што на небасхіле веры зазьзялі ясьней за сонца
і народы сьвятлом прапаведаваньня вывелі з цемры няведаньня. Першы з іх, на
крыжы расьпяты, перасяліўся да неба, дзе атрымаў ад Хрыста ключы валадарства;
другі быў забіты мячом і занесены да Збавіцеля, дзе атрымаў дастойную заплату.
Абодва яны абвяшчалі сьмела Ізраілю, які на самога Госпада неправедна рукі
ўзьняў. Дзеля гэтага малітвамі іх, Хрысьце Божа наш, праціўнікаў Царквы адхілі
і веру праўдзівую ўмацуй у чалавекалюбстве Тваім.
Слава ...:
(Тон 6). Радасная ўрачыстасьць зазьзяла сёньня на
ўвесь сьвет, пачэсная памяць мудрых Пятра і Паўла, першых сярод апосталаў. Рым
радуецца, сьвяткуе і ў песьнях славіць іх; сьвяткуйма ж і мы, браты, і ўшануйма
гэты сьветлы дзень. Усклікнем: "Радуйся, Пётра апостале, шчыры прыяцель
Настаўніка твайго, Хрыста Бога нашага! Радуйся, Павал любы, прапаведнік веры і
сусьветны настаўнік! Выбраная сьвятая пара, што мае моц вялікую, малі Хрыста
Бога нашага за збаўленьне душаў нашых".
Цяпер ...:
(Тон 6). Творца
і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад ІсусХрыстос, выйшаўшы з Твайго ўлоньня, у
мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў мяне. Дзеля гэтага
Табе, Багародзіца, Маці Божая і Дзева, разам з анёламі нязмоўкна ўсклікаем:
"Радуйся!". Радуйся, Уладарка, Заступніца, Абарона і Збаўленьне душаў
нашых!
Адпушчальныя трапары
Апосталам (тон 4). Першыя сярод апосталаў і сусьветныя
настаўнікі, Уладара ўсіх маліце, каб Ён дараваў супакой усяму сьвету і душам
нашым багацьце свайго зьмілаваньня. (Двойчы)
Багародзіцы. Багародзіца Дзева, радуйся, поўная ласкі Марыя,
Госпад з Табою; блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня Твайго,
бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых.
|