Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 1 жніўня - Працэсія сьвятога Крыжа і памяці сямі мучанікаў Макабэяў


 

 

1 жніўня - Працэсія сьвятога Крыжа і памяці сямі мучанікаў Макабэяў

ды маці іх Саламоніі і настаўніка іх Елеазара


Вячэрня


На “Госпадзе, Цябе клічу ...”:

Крыжа (тон 4): Сёньня ўсе верныя радуюцца, бо слаўны Крыж явіўся ўсяму сьвету; ён сьвеціць недасяжным сьвятлом, азарае неба і ўпрыгожвае твар зямлі. Царква Хрыстова радасна пяе набожныя гімны і служыць вераю, і пакланяецца сьвятому Крыжу Гасподняму, які ахоўвае яе з вышыні. Узмоцненыя гэтай нябеснай сілаю, наблізімся да Госпада і ўсклікнем: "Дай сьвету супакой і прасьвятлі душы нашыя!"

Хай усё стварэньне радуецца і сьвяткуе, бо сёньня на небе зьявіўся Крыж сьвяты. Ён распасьцёрся над усёй зямлёй і прасьвятляе і зьбірае тых, што зблудзілі. Сёньня людзі з анёламі цешацца, бо Крыжом была разбураная варожая сьцяна і ўсе злучыліся ў адно. Зьзяючы ярчэй за сонца, Крыж прасьвятляе ўсіх ласкаю, праясьняе і збаўляе ўсіх, што з вераю шануюць яго.

Ярчэй за сонечнае зьзяньне пачэсны Крыж сьвеціць усім канцом зямлі і, быццам скіпетр Хрыста Ўладара, накіроўвае нас да апошняе мэты. Той самы Крыж узьняў род людзкі з пекла, паланіўшы яго; перамогшы ворага, ён зьнішчыў дашчэнту гордасьць дэманаў. Сёньня ён аб'яўляе ўваскрасеньне Збавіцеля і прасьвятляе тых, што ўсклікаюць: "Дай супакой сьвету і прасьвятлі душы нашыя!"

Мучанікаў (тон 1). Мучэньні не пахіснулі вяршыняў Закону, што стаяў на сямі стаўпах: перацярпеўшы зьверскі гнеў перасьледавальніка і аддаўшы целы свае на мучэньні, высакародныя юнакі сталіся ахоўнікамі Майсеевых запаветаў.

Набожныя і адважныя юнакі, калі ім адсякалі часткі іхніх целаў, узьнесьлі розум свой над зямлёю. Разам з маці сваёй яны былі ўзмоцненыя вялікай надзеяю, якая і была споўненая. Цяпер яны знайшлі супакой ва ўлоньні Абрагама, праайца свайго.

Блаславёны Елеазар, сем мудрых юнакоў і набожная маці іх, узброіўшыся ў духоўную мужнасьць, сталі супраць ворага на змаганьне дзеля набожнасьці і захаваньня законаў айцоў.

Слава ...:

(Тон 8). Сьвятыя Макабэі ўсклікнулі тырану: "Для нас, Антыёх, ёсьць толькі адзін Уладар – Бог наш, які нас стварыў і да якога вернемся. Іншы сьвет, вышэйшы і больш надзейны за гэты, чакае нас. Бацькаўшчына наша – нябесны Ерусалім, моцны і незьнішчальны, і радасьць наша – жыцьцё з анёламі". Малітвамі іх, Госпадзе, зьмілуйся над намі і збаў нас.

Цяпер ...:

(Тон 8). Некалі Майсей ў перамозе над Амалекам даў нам, Хрысьце Божа, вобраз Крыжа Твайго, які мы сёньня славім недастойнымі вуснамі, і якому Давід загадаў пакланяцца як падножжу Твайму, бо на ім Ты захацеў быць расьпятым. Славім Цябе і молімся: "Разам з разбойнікам зрабі нас годнымі валадарства Твайго, Госпадзе!"


Вершапесьні

(Тон 2). Боскай вадою і крывёю Тваёю, Слова, Царква, быццам нявеста, сьветла ўпрыгожваецца, славячы крыж Твой.

Верш: Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.

Кап'ю, крыжу, цьвікам і ўсяму, чым цела Хрыстовае было параненае, паклонімся.

Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку, Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Майсей у перамозе над Амалекам крыжападобна ўзьняў рукі свае, даючы такім чынам вобраз Хрыстовых чыстых мукаў.

Слава ...:

(Тон 8). Душы праведных – Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх праайцоў перад Законам і прадзедаў Макабэявых, якіх сёньня ўшаноўваем, – у руцэ Госпада. Гэтыя ўнукі Абрагама, моцныя духам, былі пераймальнікамі веры праайца свайго і да сьмерці змагаліся дзеля набожнасьці. Узгадаваныя ў пашане да Закону, яны асудзілі нязбожнасьць гордага Антыёха і за Закон пацярпелі. Палічыўшы за нішто дачаснае шчасьце ў чаканьні вечнага і захаваўшы чысьціню, яны аддалі ўсё Богу: душу, мужнасьць, розум і маладое цела. Пачэсны корань, з якога вы, Макабэі, узрасьлі! Маці сьвятая, якая нарадзіла сем такіх сыноў! Молім вас, Макабэі разам з вашай маці Саламоніяй і мудрым сьвятаром Елеазарам: "Калі станеце перад Хрыстом, каб атрымаць заплату за вашыя подзьвігі і цяжкасьці, якія вы дзеля Яго перацярпелі, памаліцеся шчыра да Яго за ўвесь род людзкі, бо Ён робіць, як хоча, і выконвае просьбы тых, хто баіцца Яго".

Цяпер ...:

(Тон 8). Сёньня споўніліся словы прарока Твайго, Божа, Майсея, які сказаў: "Гляньце на Жыцьцё ваша, што перад вашымі вачыма!" Сёньня Крыж узьнімаецца, і сьвет вызваляецца ад маны; сёньня ўваскрасеньне Хрыстовае абнаўляецца, і ўся зямля радуецца і, граючы на цымбалах, як некалі Давід, пяе Табе: "Ты, Божа, учыніў збаўленьне пасярод зямлі – Крыж і ўваскрасеньне, якім Ты збавіў нас". Добры, чалавекалюбны і ўсемагутны Госпадзе, слава Табе!


Адпушчальныя трапары

Трапар Макабэяў (тон 1). Цярпеньнямі сьвятых Тваіх, каторыя яны дзеля Цябе перанесьлі, зьмілуйся над намі і аздараві немачы нашыя, молімся Табе, Госпадзе Чалавекалюбча.

Трапар Крыжа (тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст