Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ..."
Перадсьвяцьця (тон 4). Узыдзем разам з Ісусам на
сьвятую гару і пачуем там голас Бога жывога – Айца спрадвечнага, – які з
сьветлай хмары сьведчыць праз Духа Сьвятога аб Адзінасутным Сыне. З
прасьветленым розумам пабачым у сьвятле Сьвятло.
У чаканьні радаснага сьвята ачысьцім сябе і прыгатуемся да
ўзыходу да Божага жыльля, каб быць сьведкамі Ягонай велічы, якую бачылі выбраныя
апосталы на Таборскай гары.
Зьмяніўшыся на лепшае, і прыгатаваўшыся да заўтрашняе
ўрачыстасьці – каб узысьці на гару Божую сьвятую і ўбачыць нязьменную славу
Хрыста, больш яркую за сонца, – і прасьветленыя сьвятлом Тройцы, уславім
спагадлівасьць Божую.
Мучаніка (тон 2). Праліўшы кроў тваю, ты, слаўны
мучанік, апрануўся ў пурпуру Божай ласкі і на галаву ўсклаў вянец нятленнага
жыцьця і, ўзяўшы ў праваю руку, быццам скіпетр, пераможны крыж, з Хрыстом разам
пануеш і прабываеш у радасьці.
Ты, Яўсігнею, паказаўся непераможным змагаром: маючы за зброю
пачэсны крыж, ты выйшаў на змаганьне супраць ворага, перамог яго і атрымаў вянец
славы ад адзінага справядлівага Судзьдзі і вечнага Ўладара.
У муках сваіх ты быў пераймальнікам пачэсных мукаў Госпада,
слаўны пакутніку Яўсігнею, і, выйшаўшы пераможцам, перайшоў да неба, дзе, як
ўдзельнік Боскага жыцьця, прабываеш у радасьці. Дзеля гэтага спраўляем тваю
пачэсную памяць.
Слава ... цяпер ...:
(Тон 5). Прыйдзіце, узыдзем на гару Гасподнюю, у
дом Бога нашага, і ўбачым славу перамяненьня Яго, славу як Адзінароднага ад
Айца; прымем сьвятло ад Сьвятла і з узьнёслым духам будзем славіць Тройцу
адзінасутную навекі.
Вершапесьні
(Тон 2). Прасьветленыя дабрадзейнасьцямі, узыдзем
на сьвятую гару, каб бачыць Гасподняе перамяненьне.
Верш. Міласэрнасьць і праўда сустрэліся,
праведнасьць і супакой абняліся.
Перад крыжам сваім, Хрыстос сёньня яўляе веліч Боскасьці
выбраным вучням, зазьзяўшы, быццам сонца, на гары.
Верш. Шчасьлівы народ, у якога доля такая;
шчасьлівы народ, чый Госпад – Бог.
Захацеўшы абнавіць прыроду Адамаву, Хрыстос узыходзіць сёньня
на гару, каб у тайны спосаб паказаць Боскасьць сваю.
Слава ... цяпер ...:
(Тон 2). Хрысьце Божа, што на гары Табор
перамяніўся ў сіле і паказаў вучням Тваім славу Боства Твайго, прасьвятлі нас
сьвятлом Твайго разуменьня і накіруй на шлях запаветаў Тваіх, бо Ты адзіны добры
і чалавекалюбец.
Адпушчальныя трапары
Трапар мучаніка (тон 4).
Мучанік Твой, Госпадзе, Яўсігней, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе,
Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную
дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашыя.
Слава ... цяпер ...:
Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Апярэдзіўшы
перамяненьне Хрыстова, радасна адзначым, верныя, перадсьвяцьце яго і ўсклікнем:
"Уладар узыходзіць на гару, каб зазьзяць красой боскасьці сваёй".
Літургія
Трапары
Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Апярэдзіўшы
перамяненьне Хрыстова, радасна адзначым, верныя, перадсьвяцьце яго і ўсклікнем:
"Уладар узыходзіць на гару, каб зазьзяць красой боскасьці сваёй".
Трапар мучаніка (тон 4).
Мучанік Твой, Госпадзе, Яўсігней, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе,
Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную
дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашыя.
Кандак перадсьвяцьця (тон 4). У Божым перамяненьні
ўся людзкая прырода прасьвятляецца зьзяньнем боскасьці і радасна кліча: "Хрыстос
перамяняецца, даючы збаўленьне ўсім". |