Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 7 жніўня - Пасьвяцьце Перамяненьня і сьв. мучаніка Дамэція


 

 

7 жніўня - Пасьвяцьце Перамяненьня і сьв. мучаніка Дамэція

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

Сьвята (Тон 4). Перад тым, як быць аддадзеным на ўкрыжаваньне і пакуты, Ты, Госпадзе, узяў выбраных сваіх апосталаў на гару Табор, каб паказаць ім славу Тваю. Убачыўшы, як Ты перамяніўся і зазьзяў ясьней за сонца, яны ўпалі ніцма на зямлю і ўсклікнулі: "Сапраўды Ты – спрадвечнае Сьвятло і Зьзяньне Айца, і, хоць Ты дабравольна прыняў цела, застаешся нязьменным Богам". (Двойчы)

Спрадвечны Божа-Слова, Ты апранаешся ў сьвятло, быццам у вопратку. Перамяніўшыся перад вучнямі сваімі, Ты зазьзяў ясьней за сонца. Майсей і Ільля стаялі побач, паказваючы, што Ты – Госпад жывых і мёртвых. Яны ўславілі Твой невыказны провід, міласэрнасьць і спагадлівасьць, якою Ты збавіў сьвет, што гінуў у граху.

Ты, Госпадзе, што нарадзіўся з дзявочай хмары і стаўся чалавекам, перамяніўся на гары Табор: сьветлая хмара агарнула Цябе, і голас Айца ясна засьведчыў вучням, што Ты – Сын Ягоны любы, бо Ты адзінасутны з Ім і роўнадастойны. Убачыўшы гэта, Пётра ў зьдзіўленьні ўсклікнуў: "Добра нам тут!" Ня ведаў ён, што казаў, Дабрадзею наш міласэрны.

Мучаніка (тон 6). Адкінуўшы забабоны і агіднае ідаласлужэньне, ты прыйшоў да Бога, які ў мудрасьці провіду свайго кіруе ўсім. Ты атрымаў дар імем Ягоным ацаляць немачы жывёлаў і хваробы людзей, якія шчыра прыходзяць да цябе. Угодніку Хрыстовы, малі Яго за душы нашыя.

Ты, сьвяты ойча, пасьвяціў усё жыцьцё тваё Госпаду і, упадобніўшыся анёлам, праводзіў час у пасьце, чуваньні, няспыннай малітве і ўсхваленьнях; за гэта ты ўзбагаціўся дарам ацаленьняў ад Госпада, які ведае, як праславіць слугаў сваіх. Малі Яго цяпер за збаўленьне душаў нашых.

Апрануўшыся ўвесь у крыжовую зброю і схаваўшыся за шчыт веры, ты быў страшны для ўсіх дэманскіх сілаў, якіх ты адагнаў сілаю веры і гуканьнем Бога. Ты выбавіў падарожнікаў ад бяды і небясьпекі, Дамэцію, угодніку Хрыстовы. Малі Яго за душы нашыя.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 6). Каб паказаць вобраз уваскрасеньня Твайго, Ты, Хрысьце Божа, узышоў на гару Табор, узяўшы з сабою вучняў Тваіх Пятра, Якуба і Яна. Калі Ты там перамяніўся, уся гара напоўнілася сьвятлом. Вучні Твае, ня могучы глядзець на невыказную сьветласьць Тваю, кінуліся ніцма на зямлю; анёлы са страхам і трапятаньнем служылі Табе, і зямля затрэслася, убачыўшы Госпада Славы.


Вялікі пракімен (Пс 113:11,1-2,3,5). Бог наш на небе і на зямлі: усё, што схацеў, стварыў Ён.

Верш 1. Калі выйшаў Ізраіль з Ягіпту, Дом Якуба ад людзей чужых, Юдэя сталася прытулкам ягоным.

Верш 2. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.

Верш 3. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк назад?


Вершапесьні

(Тон 6). У Тваёй міласэрнасьці, Хрысьце, Ты прыняў ад Дзевы чалавечы вобраз першага Адама і сам стаўся Новым Адамам; перамяніўшыся на гары Табор, Ты, Збавіцелю мой, явіў боскасьць Тваю.

Верш. Тваё ёсьць неба і Твая зямля.

Найлепшыя прадстаўнікі Закону і ласкі здумеліся, бачыўшы Тваё, Хрысьце, перамяненьне на сьвятой гары. З імі і мы пакланяемся Табе разам з Айцом і Духам Сьвятым.

Верш. Табор і Гэрмон у імю Тваім узрадуюцца.

Усё стварэньне прасьвятляецца перамяненьнем Тваім, Хрысьце, на гары Табор у прысутнасьці вучняў Тваіх. Невыказна зазьзяўшы ясьней за сонца, Ты аб'явіўся Богам Майсею і Ільлі.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 5). Прыйдзіце, узыдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога нашага, і ўбачым славу перамяненьня Яго, славу як Адзінароднага ад Айца; прымем сьвятло ад Сьвятла і з узьнёслым духам будзем вечна славіць Тройцу адзінасутную.


Адпушчальныя трапары

Мучаніка (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Дамэцій, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашыя.

Слава ... цяпер ...:

Перамяненьня (тон 7). Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім, наколькі яны маглі ўспрыняць, славу Тваю. Хай і для нас зазьзяе сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы. Сьветладаўча, Слава Табе!


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст