Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...":
Сьвята (Тон 4). Прыйдзіце, усе богаразумныя,
зьменімся на лепшае, пераймаючы Хрыста, радасна ўзнёсшыся да вяршыняў
дабрадзейнасьці. Бо Ён у міласэрнасьці сваёй на гары Табор перамяніў нашу
прыроду і ясна паказаў, што Ён Збавіцель – душаў нашых.
Назіральнікі рэчаў, што пераўзыходзяць розум, гляньце розумам
на Хрыста, які зазьзяў Боскім сьвятлом. Хай загучыць у сэрцах нашых голас Айца,
які аб'яўляе Яго сваім любым Сынам, што ўзмоцняе нас, слабых, на гары Табор і
прасьвятляе душы нашыя.
Сёньня Ты, Госпадзе, як Бог Закону і ласкі, паказаў Боскасьць
сваю пачэсным апосталам, Майсею і Ільлі. Вызваль нас ад сьмяротных путаў, каб мы
разам з імі славілі Твой провід, Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душаў нашых.
Сьвятаначальніка (тон 4).
Калі Леў, аднавіўшы Капронімаву нязбожную ерась, у лютасьці сваёй запалохваў
людзей, ты, мудры, яўна выкрыў яго перад усімі сабранымі біскупамі і адкрыта
аддаў пашану іконе Хрыста, паказаўшы сябе адважным воем Хрыстовым. Малі Яго
цяпер за збаўленьне і прасьвятленьне душаў нашых.
Калі праціўнік паказаў свой злосны і люты нораў, моц
перакананьняў тваіх была выпрабаваная вязьніцаю і выгнаньнем. Ня ведаючы іншай
бацькаўшыны апроч раю, з якога мы ўсе выгнаныя былі, ты цярпеў нягоды з
радасьцю. Дзеля гэтага справядліва ты стаўся годным нятленнага жыцьця і
сузіраньня Хрыста. Малі Яго за збаўленьне і прасьвятленьне душаў нашых.
Калі люты Леў выдаў закон не пакланяцца пачэснаму вобразу
Хрыста, ты, маючы вогненны мудры язык, супрацьставіў яму Божы закон, што
пакланяючыся вобразу, аддаем пашану таму, хто прадстаўлены на ім. І вось злосны
зьвер спалохаўся, быццам грому, слоў тваіх, усепачэсны ойча, Божы прапаведніку.
Слава ... цяпер ...:
(Тон 1). Спрадвечны, які некалі на гары Сынайскай
з Майсеем вобразна размаўляў, сёньня на гары Таборскай, перамяніўшыся перад
сваімі вучнямі, паказаў першасную красу чалавечай прыроды, якую Ён узяў на сябе.
За сьведкаў такой ласкі Ён узяў Майсея і Ільлю, робячы іх удзельнікамі радасьці,
якая прадвяшчала Ягонае пасьля сьмерці слаўнае і збавеннае ўваскрасеньне.
Вершапесьні
(Тон 2). Гара Божая Табор узрадавалася ў імю
Тваім, Збавіцелю, калі Айцец Цябе назваў сваім любым Сынам.
Верш. Тваё ёсьць неба і Твая зямля.
Вялікі цуд бачым: Сонца славы ў перамяненьні сваім зацьміла
промні сонца рэчыўнага.
Верш. Табор і Гэрмон у імю Тваім узрадуюцца.
Вучні ад зямлі, Майсей ад мёртвых і Ільля з вышыняў пакорна
сталі перад Табою ў Тваім перамяненьні.
Слава ... цяпер ...:
(Тон 1). Прадбачыўшы духам прыйсьце Тваё да
людзей, як Адзінароднага Сына ў целе, богаайцец Давід заклікае здалёку ўсё
стварэньне, па-прароцку кажучы: "Табор і Гэрмон у імю Тваім узрадуюцца". Ты,
Збавіцелю, узышоў разам з вучнямі на гару і там перамяніўся, зрабіўшы зноў
сьветлаю пацамнелую Адамаву прыроду, надзяліўшы яе славаю і сьветласьцю Боства
Твайго. Дзеля гэтага мы ўсклікаем Табе: "Творча ўсіх, Госпадзе, слава Табе!".
Адпушчальныя трапары
Сьвятаначальніка (тон 4). Правілам веры і
прыкладам лагоднасьці, настаўнікам устрыманасьці ты быў на справе для статку
твайго; дзеля гэтага ты дасягнуў вышыняў пакораю, здабыў багацьці ўбогасьцю:
Ойча сьвятаначальніку Амільяне, малі Хрыста Бога збавіць душы нашыя.
Слава ... цяпер ...:
Перамяненьня (тон 7). Перамяніўся Ты на гары,
Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім, наколькі яны маглі ўспрыняць, славу Тваю.
Хай і для нас зазьзяе сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы.
Сьветладаўча, Слава Табе! |