Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 9 жніўня - Пасьвяцьце Перамяненьня і сьв. апостала Масея


 

 

9 жніўня - Пасьвяцьце Перамяненьня і сьв. апостала Масея

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

Сьвята (Тон 2). Прыйдзіце, будзем сьвяткаваць сьветлае Боскае перамяненьне. Абнавіўшыся духам, узыдзем на вяршыню дабрадзейнасьцяў і, убачыўшы разам з апосталамі аб'яўленьне страшных тайнаў, уславім Збавіцеля Госпада.

Радуйся і цешся, пачэсная Царква верных, спраўляючы гэтую вялікую ўрачыстасьць: Госпад усіх перамяніўся і прасьвятліў чалавечую прыроду зьзяньнем невыказнага сьвятла, ясьнейшагаза сонца.

Бог усіх і Творца ў невыказнай міласэрнасьці сваёй прыняў вобраз слугі. Сёньня Ён лечыць старыя раны, паказаўшы зьзяньне Боскасьці ў целе сваім. Вучні Яго, агорнутыя страхам, палі ніцма на зямлю і пакланіліся ўладару ўсіх.

Апостала (Тон 1). Сьвяты апостале Масею, ты дапоўніў лік апостальскі, ад якога Юда адпаў, і зьзяньнем мудрых слоў тваіх ты ласкаю Божаю разагнаў цемру ідалапаклонства. Маліся цяпер, каб атрымаць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Масей блаславёны, ты пацёк, быццам рака, поўная боскае вады, і зямлю напаіў таемнымі ручаямі, зрабіўшы яе ўрадліваю. Маліся цяпер, каб душам нашым атрымаць супакой і багацьце зьмілаваньня.

Баганатхнёны Масей маланка вучэньня твайго прасьвятліла сьвет, настаўляючы ўсіх нас да Богапазнаньня і робячы посудамі сьвятла тых, што раней прабывалі ў ночы ўяўнасьцяў і цемры бязбожжа.

Слава ...:

(Тон 6). Ласка пацякла з вуснаў тваіх, слаўны апостале Масею, і ты быў сьветачам Царквы Хрыстовае, навучаючы духоўныя авечкі верыць у адзінасутную Тройцу ў адным Бостве.

Цяпер ...:

(Тон 2). Усядобры Госпадзе, Ты зьзяньнем сьветласьці Тваёй усю зямлю прасьвятліў і, перамяніўшыся на гары, паказаў вучням Тваім сілу Тваю, якой выбаўляеш сьвет ад граху. Дзеля гэтага ўсклікаем Табе: "Міласэрны Госпадзе, збаў душы нашыя!".


Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў

У той час Пётра, устаўшы сярод вучняў – а іх было разам каля ста дваццаці, – сказаў: "Браты, трэба было, каб споўнілася слова Пісаньня, якое Дух Сьвяты вуснамі Давіда сказаў пра Юду. Ён паказаў дарогу тым, якія схапілі Ісуса, бо ён лічыўся адным з нас і меў удзел у нашым служэньні. За грошы, нягодна здабытыя, купіў ён поле і, упаўшы галавою ўніз, разьдзёрся надвое, і ўсё нутро яго вывалілася навонкі. Гэта стала вядомым сярод жыхароў Ерусаліму, так што назвалі поле гэтае Гакельдамах, гэта значыць Поле Крыві. Бо ў кнізе Псалмаў напісана: Няхай апусьцее дом ягоны. а ягоны ўрад хай возьме іншы. Дык трэба, каб адзін з тых, што былі з намі праз увесь час, калі Госпад Ісус прабываў з намі, пачынаючы ад хросту Яна аж да дня, калі Ён быў узяты да неба, стаўся разам з намі сьведкам Ягонага ўваскрасеньня". І паставілі двух: Язэпа, названага Барсабаю, які меў мянушку Юст, і Масея. І, памаліўшыся, сказалі: "Ты, Госпадзе, які ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы, каго з гэтых двух Ты выбраў, каб узяў частку апостальскага служэньня, ад якога адпаў Юда, каб ісьці на сваё месца". І кінулі жэрабя аб іх, і выпала жэрабя на Масея, і ён быў далучаны да адзінаццацёх апосталаў. (1:15-26)


Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Яна

Любыя мае, калі сэрца наша нас не асуджае, дык маем давер у Бога, і што будзем прасіць у Яго, атрымаем, бо захоўваем Ягоныя прыказаньні і робім прыемнае Яму. А Ягонае прыказаньне ёсьць, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго так, як Ён нам загадаў. Хто выконвае Ягоныя прыказаньні, ёсьць у Богу, а Бог у ім; А тое, што Ён ёсьць у нас, пазнаем па Духу, якога нам даў. Любыя мае, не давярайце кожнаму духу, але выпрабоўвайце духі, ці яны ад Бога, бо многа ілжывых прарокаў зьявілася на сьвеце. Духа Божага пазнаеце такім чынам: кожны дух, які прызнае, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога. А кожны дух, які не прызнае Ісуса, не ад Бога; гэта дух Антыхрыста. які – як вы чулі, – мае прыйсьці, дый ужо цяпер ёсьць на сьвеце. Вы, дзеткі, ад Бога, і вы перамаглі іх, бо Той, хто ў вас, большы ад таго, што ў сьвеце. Яны ад сьвету, дзеля гэтага гавораць так, як гаворыць сьвет, і сьвет слухае іх. Мы ад Бога. Той, хто ведае Бога, слухае нас. Хто не ад Бога, той нас ня слухае. У такі спосаб пазнаем духа праўды і духа маны. (3:21-4:6)


Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Яна

Любыя мае, калі Бог нас так палюбіў, то і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі любім адзін аднаго, Бог ёсьць ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Знаем, што мы ёсьць у Ім, а Ён у нас, бо Ён даў нам Духа свайго. Мы таксама бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына як Збавіцеля сьвету. Калі хто вызнае, што Ісус ёсьць Сынам Божым, дык Бог жыве ў ім і ён у Богу. Мы пазналі і паверылі любові, якую Бог мае да нас. Бог ёсьць любоў: хто жыве ў любові, жыве ў Богу, і Бог жыве ў ім. (4:11-16)


Вершапесьні

(Тон 6). У сваёй міласэрнасьці, Хрысьце, Ты прыняў ад Дзевы вобраз першага Адама і сам стаўся Новым Адамам; перамяніўшыся на гары Табор, Ты, Збавіцелю мой, явіў боскасьць Тваю.

Верш. Тваё ёсьць неба і Твая зямля.

Найлепшыя прадстаўнікі Закону і ласкі здумеліся, убачыўшы Тваё, Хрысьце, перамяненьне на сьвятой гары. З імі і мы пакланяемся Табе разам з Айцом і Духам Сьвятым.

Верш. Табор і Гэрмон у імю Тваім узрадуюцца.

Усё стварэньне прасьвятляецца Тваім перамяненьнем, Хрысьце, на гары Табор у прысутнасьці вучняў Тваіх. Невыказна зазьзяўшы ясьней за сонца, Ты паказаў сябе Богам Майсею і Ільлі.

Слава ...:

(Тон 2). Поўны боскае руплівасьці, ты, апостале Масею, старанна працаваў для Бога ўсемагутнага, які паказаў цябе годным боскіх цудаў. Цяпер Ты прабываеш з нябеснымі хорамі і бачыш Бога. Дык маліся Слову Хрысту Богу нашаму даць веліч зьмілаваньня душам нашым.

Цяпер ...:

(Тон 2). Хрысьце Божа, што на гары Табор перамяніўся ў сіле і паказаў вучням Тваім славу Боства Твайго, прасьвятлі нас сьвятлом Твайго разуменьня і накіруй на шлях запаветаў Тваіх, бо Ты адзіны добры і Чалавекалюбец.


Адпушчальныя трапары

Апостала (Тон 3). Апостале сьвяты Масею, малі міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў.

Слава ... цяпер ...:

Сьвята (Тон 7). Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім, наколькі яны маглі ўспрыняць, славу Тваю. Хай і для нас зазьзяе сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы. Сьветладаўча, Слава Табе!


Літургія

Трапары

Апостала (Тон 3). Апостале сьвяты Масею, малі міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў.

Кандак (тон 4): Сьветлае, быццам сонца, прапаведаваньне тваё, апостале Масею, разышлося па ўсім сьвеце, і прасьвятляе ласкаю царкву народаў.


Пракімен, алілуя, прычасьнік агульны апосталам (гл. службу ў чацьвер). Задастойнік сьвята.

Апостал: Дз 1:12-17, 21-26

Евангельле: Лк 9:1-6


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст