Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 10 жніўня - Пасьвяцьце Перамяненьня і сьв. мучаніка Лаўрына


 

 

10 жніўня - Пасьвяцьце Перамяненьня і сьв. мучаніка Лаўрына

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

Сьвята (Тон 4). Сёньня Ты, Збавіцелю Хрысьце, зазьзяў ясьней за сонца, паказаўшы на Таборскай гары, што Ты – Слова Айца і што ў велічы міласэрнасьці Тваёй Ты ўзяў на сябе людзкую прыроду. Дзеля гэтага славім Твой чалавекалюбны провід, Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душ нашых.

Сёньня, Хрысьце, радуюцца ў небе анёлы, сьвяткуючы разам з людзямі слаўнае зьзяньне аблічча Твайго на Таборскай гары ў прысутнасьці Майсея і Ільлі, і Пятра, Якуба і Яна, якія аддалі хвалу Табе, Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душ нашых.

Сёньня хай усе зямныя і нябесныя стварэньні зьбяруцца разам, каб славіць Хрыста Бога нашага, які ў боскі спосаб перамяняецца на Таборскай гары ў прысутнасьці выбраных прапаведнікаў Закону і ласкі. Гэта Яго добрая воля, бо Ён Збавіцель душ нашых.

Лаўрына (Тон 1). Паслужыўшы беззаганна Слову, у агні ты прынёс сябе як цэласпальную ахвяру прыемную Госпаду, і ўдастоіўся нябеснай радасьці. Маліся, Лаўрыне, за тых, што шануюць цябе.

Блаславёны чалавеча Божы і мудры мучаніку, ты аддаў сябе, быццам скарб, Госпаду і, паслухмяны Ягоным запаветам, раздаў шчодра ўбогім багацьці незьнішчальныя і выкарыстаў мучэньні сабе на дабро.

Краса мучанікаў, слаўны і мужны жаўнер, крыніца цудаў і памочнік прыгнечаных, зорка сьветлая, сьвяты мучанік Лаўрын уславіўся.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 4). Да таго, як Ты, Госпадзе, быў укрыжаваны, гара сталася падобнай да неба, і хмара, быццам шацёр, ацяніла яе. Калі Ты перамяніўся на ёй, і голас Айца засьведчыў аб Табе, там былі прысутныя Пятро і Якуб з Янам – што меліся быць з Табою, калі Цябе здрадліва выдалі, – каб, стаўшыся сьведкамі славы Тваёй, яны не сумеліся, убачыўшы Твае мукі, якім дай і нам у супакоі пакланіцца ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.


Вершапесьні

(Тон 2). Сёньня Госпад явіў невыказна славу Боства свайго на гары Таборскай перад абранымі вучнямі.

Верш. Тваё ёсьць неба і Твая зямля.

Пасьпяшым разам з вучнямі на гару дабрадзейнасьці, каб стацца з імі дастойнымі ласкі.

Верш. Табор і Гэрмон у імю Тваім узрадуюцца.

Ачысьцім, верныя, сэрцы нашыя, каб да нас прыйшла трохсонечная слава ласкі.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 4). Да таго, як пацярпець крыжовую сьмерць, Ты, Госпадзе, узяў вучняў Тваіх на высокую гару і перамяніўся перад імі, асьвятляючы іх промнямі сілы Тваёй. Веліччу ўлады Тваёй Ты, дзеля чалавекалюбства, захацеў паказаць ім сьветласьць уваскрасеньня. Дай і нам бачыць гэтую сьветласьць у супакоі, Божа, бо Ты міласэрны і Чалавекалюбец.


Адпушчальныя трапары

Мучаніка (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Лаўрын, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага: маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашыя.

Слава ... цяпер ...:

Перамяненьня (тон 7). Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім, наколькі яны маглі ўспрыняць, славу Тваю. Хай і для нас зазьзяе сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы. Сьветладаўча, Слава Табе!


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст