Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...":
Сьвята (тон 1).
Ты, што некалі на гары Сынайскай Майсею сказаў "Я Бог існы", сёньня на Таборскай
гары перамяніўся, паказаўшы веліч сваю ў праменным зьзяньні. Дзеля гэтага,
Хрысьце, узьвялічваем Тваю магутнасьць.
Узяўшы сваіх вучняў Пятра, Якуба і Яна, Ты, Хрысьце, завёў іх
на гару і паказаў ім вялікі цуд Твайго прыйсьця і вечную красу боскасьці Тваёй.
Ня ў сілах сьцярпець Твайго, Хрысьце, перамяненьня, апосталы
Твае палі ніцма на зямлю, дзівячыся Тваёй Боскай магутнасьці. У сіле Тваёй Ты,
Недасяжны, зазьзяў ярчэй за сонца.
Мучаніка (тон 4).
Ты лёгка пераплыў мора мучэньняў подыхам Духа і накіраваўся да ціхага
прыстанішча валадарства Божага, дзе ты атрымаў багатую ўзнагароду за свае
цярпеньні, і цяпер разам з анёламі прабываеш у прысутнасьці ўладара ўсяго
стварэньня.
Апрануты ў пурпуру крыві сваёй, слаўны, і ўкаранаваны рукой
Жыцьцядаўца вянцом перамогі, ты жывеш цяпер у небе, саўдзельнік валадраства
ўсядобрага; дзеля гэтага мы славім цябе, як сапраўднага мучаніка, слугу Слова і
абаронцу веры.
Эўпл слаўны, слуга тайнаў Уладара, як авечку, самога сябе
прывёў і быў засечаны мячом, стаўшыся духмянай ахвяраю Божым ягнём. Дзеля гэтага
сёньня ўсе мы славім яго, сьвяткуючы ягоную сьветлую памяць.
Слава ... цяпер ...:
(Тон 4). Гара, раней змрочная і хмарная, сёньня
сталася пачэснай і сьвятой, бо ногі Твае, Госпадзе, сталі на ёй. Адвечная і
запаветная тайна ў дзівосным перамяненьні Тваім сталася ўрэшце вядомай Пятру,
Якубу і Яну. Ня ў сілах трываць зьзяньня твару Твайго і сьветласьці вопраткі
Тваёй, яны, пакрыўшыся, палі ніцма на зямлю і, агорнутыя страхам, дзівіліся,
гледзячы як Майсей і Ільля вялі гутарку з Табою пра тое, што мае быць; і чуючы
голас Айца, які засьведчыў аб Табе, кажучы: "Гэта Сын мой любы, якому спагадаю;
слухайце Яго, бо Ён даў багацьце зьмілаваньня сьвету ўсяму".
Вершапесьні
(Тон 2). З жаданьнем абнавіць Адамаву прыроду,
Хрыстос сёньня ўзыходзіць на гару, каб паказаць вучням Боскасьць сваю.
Верш. Тваё ёсьць неба і Твая зямля.
Патройнае сьвятло славы Тваёй, Збавіцелю, сьвеціць невыказна
на Таборскай гары і прасьвятляе ўвесь сусьвет.
Верш. Табор і Гэрмон у імю Тваім узрадуюцца.
Вучні Твае, Слова, ўбачыўшы раптам перамяненьне вопраткі
Тваёй і ўсяго цела Твайго, палі ў страху ніцма на зямлю.
Слава ... цяпер ...:
(Тон 4). Узяўшы з сабою выбраных вучняў, Збавіцель
перамяніўся на гары ў сіле, паказаўшы, што тыя, якія прасьвятліліся
дабрачыннасьцямі, будуць годнымі боскай славы. Хрыстовыя суразмоўцы, Майсей і
Ільля, засьведчылі, што Ён – Уладар жывых і мёртвых, і Бог, які некалі гаварыў
праз закон і прарокаў; і голас Айца са сьветлай хмары загадаў слухацца Яго,
кажучы: "Слухайце Таго, які пекла крыжом перамог і дараваў мёртвым вечнае
жыцьцё".
Адпушчальныя трапары
Мучаніка (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Эўпл у
цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён
перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў
душы нашыя.
Слава ... цяпер ...:
Перамяненьня (тон 7). Перамяніўся Ты на гары,
Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім, наколькі яны маглі ўспрыняць, славу Тваю.
Хай і для нас зазьзяе сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы.
Сьветладаўча, Слава Табе! |