Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...":
Агатоніка (Тон 4). У жаданьні ўзнавіць першасную
дабрыню і красу, што пераўзыходзіць розум, ты, Агатонік, пайшоў радасна на
подзьвігі, якія чакалі цябе. У змаганьні з ворагам, ты мужна скінуў яго долу і,
атрымаўшы сьветлы вянец перамогі, моліш цяпер Чалавекалюбца за тых, што славяць
цябе.
Упрыгожаны мудрасьцю, ты струменіў словы мудрасьці, навяртаў
бяздумных, выкрываў лютасьць мучыцеля і суцішаў буру шматбожжа. Ты ўмацоўваў
верных у Божай ласцы, за што пацярпеў, спалены жывым, і пераможна ўзышоў да
нябеснага валадарства.
Умыты крывёю мучэньняў тваіх, ты стаў перад Госпадам як
духмяная ахвяра, чыстае цэлапаленьне, прыемны дар і дасканалае і беззаганнае
асьвячэньне. Цяпер малітвамі тваімі захоўвай у супакоі поўню Царквы, пакутнік
Агатонік.
Люпа (Тон 8). Люп блаславёны растапіў лёд бязбожжа
цеплынёю Боскага Духа. Забіты мячом, ён крынічыць аздараўленьні і асьвяжае душы
расою дабрыні. Усхвалім яго, як нашага абранага малельніка і шчырага заступніка.
Ты загадаў скінуць у глыбіню марскую паганскія сьвятыні і
задзівіў нязбожных цудамі, якія ты, блаславёны, чыніў вераю. Стоячы супраць
ворагаў як цьвёрды дыямант, ты, шматпакутны мучаніку, атрымаў хрост з вышыні і
быў узьвялічаны самім Богам.
Калі твае ворагі намагаліся забіць цябе, шматпакутны Люп, яны
пазабівалі адзін аднаго, ранячы сябе стрэламі. У замяшаньні яны думалі, што ты
ўжо мёртвы, і павесілі цябе на дрэве: але Госпад, за якога ты захацеў пацярпець,
сьцярог цябе, субяседнік анёлаў і заступнік душаў нашых.
Слава ... цяпер ...:
(Тон 1). Выпадала сьведкам і слугам Слова бачыць
апошнюю тайну – цялеснае ўсьпеньне Маці Яго, – і быць прысутнымі ня толькі пры
ўзьнясеньні Збавіцеля, але і пры пераходзе на неба Тае, якая Яго нарадзіла.
Дзеля гэтага, Божай воляю, яны сабраліся з усіх куткоў зямлі на Сыёне, каб
правесьці Вышэйшую за хэрувімаў, калі яна ўзыходзіла на неба. Паклонімся Ёй
разам з імі і мы, бо Яна моліцца за збаўленьне душаў нашых.
Вершапесьні
(Тон 8). Слаўны цуд! Тая, што бяз мужа нарадзіла
Бога ў целе і засталася Дзеваю, адыходзіць ад гэтага дачаснага жыцьця да
вечнага. Вучні і апосталы Хрыстовыя зьбіраюцца на пахаваньне Яе.
Верш. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку
Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй.
Разам з анёламі ўзьвялічым сённяшнюю сьветлую ўрачыстасьць –
пачэснае перастаўленьне Маці Бога нашага, якая сваю сьвятую і сьветлую душу
перадае ў рукі Сына свайго, каб быць з Ім удзельніцай жыцьця вечнага і маліцца
няспынна за душы нашыя.
Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца
ад яе: "Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім".
Хадзіце, пасьпяшымся ў думках у Гетсіманію, у сьвяты дом, дзе
ляжыць цела Маці Бога нашага. Разам з апосталамі і анёламі будзем славіць Яе, бо
ў Ейным усьпеньні радасьць зазьзяла ўсім на зямлі і ў небе.
Слава ...:
(Тон 8). Імя тваё, мучанік Агатонік, азначае
"скарбніца дабротаў". Подзьвігамі тваімі ты стаўся сьвятыняю Ўладара ўсіх. У
мучэньнях тваіх ты перамог лютага і моцнага ворага, за што атрымаў пераможны
вянец і цяпер жывеш разам з Богам. Не пераставай маліць Яго за тых, што шануюць
цябе, хвала мучанікаў.
Цяпер ...:
(Тон 8). Ісус, Сын Твой, Багародзіца, явіў дзьве
свае прыроды, калі памёр як чалавек і ўваскрос як Бог; і Табе, Маці Божая,
дазволіў памерці згодна з законамі прыроды, каб няверныя не аспрэчылі дзеяньня
Провіду. Ты, Нявеста нябесная, была ўзятая ад зямлі, быццам ад дому Твайго, і
перайшла да небеснай краіны. Паветра асьвяцілася пераходам Тваім, як раней
прасьвятлілася зямля Тваім сынараджэньнем. Апосталы ішлі перад Табою, і анёлы
ўзьнялі Цябе. Пахаваўшы Тваё ўсячыстае цела і прасьпяваўшы надмагільныя песьні,
яны ў страху сказалі: "Гэта справа рукі Ўсявышняга. Ён з Табою, і не
пахісьнешся". Дык, усяхвальная Маці, не адыходзь ад нас, якія ўзносім вочы да
Цябе, бо мы, людзі Твае і авечкі статку Твайго, імя Тваё клічам і просім, за
Тваім заступніцтвам, збаўленьня і велічы зьмілаваньня.
Адпушчальныя трапары
Мучанікаў (тон 4). Мучанікі Твае, Госпадзе, у
цярпеньнях вянцы нятленныя атрымалі ад Цябе, Бога нашага: маючы сілу Тваю, яны
перамаглі мучыцеляў і зьнішчылі дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі іх збаў
душы нашы.
Слава ... цяпер ...:
Сьвята (тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў
сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да
жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад
сьмерці душы нашыя. |