НЯДЗЕЛЯ ЮТРАНЬ
Пасьля "Госпад - Бог...":
Трапар уваскросны. Хоць Юдэі... (Калі няма трапара сьвятому, тады двойчы)
Далей парадак трапароў як на вячэрні (гл. вышэй)
Сядальныя песьні 1. Воі, што сьцераглі магілу Тваю, Спасе, амярцьвелі ад зьзяньня анёла, які зьявіўся і абвясьціў жанчынам уваскрасеньне. Славім Цябе, Зьнішчальніку тленнасьці, і прыпадаем да Цябе, адзінага Бога нашага, які ўваскрос з магілы.
Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.
Ты, Добры, даў сябе прыбіць да крыжа; пакладзены ў магілу як мёртвы, Ты, усясільны Жыцьцядаўча, сьмерцю Тваёю скрышыў уладу сьмерці; вартаўнікі пякельныя задрыжэлі, калі ўбачылі, як Ты, адзіны Чалавекалюбча, узьняў з сабою памёрлых адвеку.
Слава... цяпер...
Мы, грэшныя, ведаем Цябе як Маці Божую, што пасьля родаў засталася Дзеваю; прыбягаем да Тваёй дабрыні, бо мы знайшлі ў Табе, адзіная Беззаганная, нашую заступніцу і збаўленьне ў напасьцях.
Сядальныя песьні 2. Жанчыны прыйшлі раніцай да магілы і, убачыўшы анёла, задрыжэлі; калі ж з магілы Жыцьцё зазьзяла, яны сумеліся і, пабегшы да вучняў, абвясьцілі ім уваскрасеньне, кажучы: "Хрыстос паланіў пекла, як адзіны сільны, і памёрлых падняў з сабою, разбурыўшы крыжом жах асуджэньня".
Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.
Ты, Жыцьцё ўсіх, быў прыбіты да крыжа і, будучы несьмяротным Госпадам, да мёртвых залічаны; і ўваскрос на трэці дзень, Збавіцелю, узьняўшы з сабою Адама ад тленнасьці. Дзеля гэтага сілы нябесныя ўсклікнулі Табе, Жыцьцядаўча Хрысьце: "Слава ўваскрасеньню Твайму, слава спагадлівасьці Тваёй, Адзіны Чалавекалюбча".
Слава... цяпер...
Марыя, пачэсная прыймальніца Ўладара, узьнімі нас, што ўпалі ў бездань лютай роспачы, правінаў і суму. Бо Ты, збаўленьне і помач грэшнікаў, магутная заступніца, збаўляеш слуг Тваіх.
Гіпакоі. Пакаяньне разбойніка адчыніла рай, плач міраносіцаў радасьць абвясьціў, што ты, Хрысьце Божа, уваскрос, даючы сьвету багацьце зьмілаваньня.
Узыходныя песьні
Антыфан 1. Калі чуюся прыгнобленым, клічу Цябе, Госпадзе: пачуй мяне ў суме маім.
У пустыньнікаў няўстаннае Боскае жаданьне: быць далёка ад марнасьцяў сьвету.
Слава... цяпер...
Сьвятому Духу пашана і слава роўная з тою, што належыцца Айцу і Сыну. Дзеля гэтага славім у песьнях Тройцу адзінадзяржаўную.
Антыфан 2. Узьнясі мяне на гару законаў Тваіх і прасьвятлі дабрадзейнасьцямі Тваімі, Божа, каб я славіў Цябе.
Правай рукою Тваёю, Слова, захавай і абарані мяне, каб агонь грахоўны мяне не спаліў.
Слава... цяпер...
Сьвятым Духам усякае стварэньне абнаўляецца і вяртаецца да першаснага стану, бо Ён роўны магутнасьцю з Айцом і Сынам.
Антыфан 3. Калі мне сказалі: "Пойдзем у двор Гасподні", дух мой усьцешыўся, сэрца ўзрадавалася.
У доме Давідавым страх вялікі: там пастаўленыя пасады, каб судзіць зямныя плямёны і народы.
Слава... цяпер...
Сьвятому Духу пашана, пакланеньне, слава і дзяржава, якая належыцца Айцу і Сыну, бо адзіная Тройца існасьцю, але не асобамі.
Пракімен. Сёньня ўстану, кажа Госпад, аб'яўлюся ў збаўленьні, не схаваю яго.
Верш. Словы Гасподнія – словы чыстыя.
Канон уваскросны
Песьня 1. Ірмас. Твая пераможная правая рука ўславілася ў сіле сваёй, Несьмяротны: Ты, усемагутны Божа, скрышыў праціўнікаў і ўчыніў шлях ізраільцянам у глыбіні марской
Прыпеў: Слава, Госпадзе, уваскрасеньню Твайму.
Ты, што сваімі ўсячыстымі рукамі боскім дзеяньнем з пылу стварыў мяне, на крыжы рукі свае распасьцёр і ўзьняў ад зямлі маё цела, якое Ты ўспрыняў ад Дзевы.
Прыпеў: Слава, Госпадзе, уваскрасеньню Твайму.
Ты, што Боскім подыхам душу ў мяне ўдыхнуў, прыняў дзеля мяне пакуты, аддаў сьмерці душу і, разьвязаўшы вечныя путы, узьняў мяне з сабою і праславіў нятленнасьцю.
Слава... цяпер...
Багародзічны. Радуйся, Крыніца ласкі; радуйся, Лесьвіца і Брама нябесная; радуйся, Сьветач і Ручка залатая, і Гара нясечаная, бо Ты нарадзіла на сьвет Хрыста Жыцьцядаўца.
Катавасія: Калі няма іншага ўказаньня, бярэцца агульная "Адчыню вусны мае..."
Увага. Усе наступныя песьні сьпяваюцца з прыпевамі, як першая.
Песьня 3. Ірмас. Ты, Сьвяты, што, ведаючы слабасьць людзкой істоты, міласэрна ў яе апрануўся, аперажы мяне сілаю з вышыні, каб мне пяяць: "Сьвятая адухоўленая сьвятыня невыказнае славы Твае, Чалавекалюбча".
Ты, Божа, калі я ўпаў, паказаў мне ласку, зышоўшы дабравольна да мяне і ўзьняўшы мяне крыжам Тваім, каб мне клікаць: "Сьвяты Ты, Госпадзе славы, у бязьмежнай дабрыні Тваёй".
Ты, Хрысьце, Жыцьцё існае, у Боскай міласэрнасьці Тваёй у мяне апрануўся і як Уладар зышоў да сьмерці, зьнішчыўшы ейную ўладу; пасьля трох дзён Ты ўваскрос з мёртвых і апрануў мяне ў нятленнасьць.
Багародзічны. Ты, Дзева, зачала Бога ва ўлоньні Духам сьвятым і засталася непарушнаю: куст, што гарэў і не згараў, прадвясціў заканадаўцу Майсею Цябе, якая прыняла нясьцерпны Агонь.
Песьня 4. Ірмас. Як гару ацененую ласкай Божаю, бачыў Цябе Авакум прарочымі вачыма, і прадвясьціў, што з Цябе выйдзе Сьвяты Ізраіля для нашага збаўленьня і абнаўленьня.
Хто той Збавіцель, што, выйшаўшы з Эдому, у цярновым вянку і акрываўленай вопратцы на дрэве вісіць? Гэта Сьвяты Ізраіля, які прыйшоў для нашага збаўленьня і абнаўленьня.
Глядзіце, людзі непакорныя, і пасаромцеся: Той, каго вы прасілі Пілата ўзьнесці на Крыж, быцам злачынца, разбурыў моц сьмерці і ўваскрос у Боскай славе з магілы.
Багародзічны. Мы ведаем Цябе, Багародзіца, як дрэва жыцьця, бо з Цябе ўзрос ня плод сьмерцяносны для людзей, але жыцьця вечнага асалода для збаўленьня тых, што славяць Цябе.
Песьня 5. Ірмас. Хрысьце, што прасьвятліў зьзяньнем прыйсьця Твайго і асьвяціў крыжам Тваім усе канцы зямлі, прасьвятлі сьвятлом Твайго богаразуменьня сэрцы тых, што верна славяць Цябе.
Вялікага Пастыра і Госпада гэбрэі на дрэве крыжовым умярцьвілі; але Ён, быццам авечак, мёртвых і пахаваных у пекле ад улады сьмерці вызваліў.
Дабравесьцячы крыжам Тваім супакой і абвяшчаючы адпушчэньне палонным, Ты, Хрысьце Збавіцелю мой, пасароміў таго, хто меў уладу над імі, і явіў яго голым і бясьсільным праз уваскрасеньне Тваё.
Багародзічны. Не пагардзі маленьнямі тых, што верна просяць Цябе, Усяхвальная, але прымі іх і данясі да Сына Твайго, Бога адзінага і Дабрачынца, бо Ты, Усячыстая, нашая заступніца.
Песьня 6. Ірмас. Агарнула нас безвыходная бездань, няма нікога, хто б вызваліў нас, мы сталіся, быццам авечкі, якіх вядуць на зарэзаньне. Збаў людзей Тваіх, Госпадзе Божа наш, бо Ты – моц зьнямоглых і вызваленьне.
Праступкам першастворанага мы моцна параненыя, але ацаліліся Тваімі ранамі, якія Ты, Госпадзе Хрысьце, за нас пацярпеў, бо Ты – моц зьнямоглых і збаўленьне.
Ты, Госпадзе ўсемагутны, узьняў нас ад пекла, забіўшы ўсяяднага кіта, і Тваёй магутнасьцю зьнішчыў ягоную сілу. Ты – наша жыцьцё, сьвятло і ўваскрасеньне.
Багародзічны. У Табе, Дзева ўсячыстая, цешацца нашыя прабацькі, бо праз Цябе яны зноў атрымалі страчаны праступкам рай. Ты ж перад родамі і пасьля родаў застаешся чыстаю.
Кандак. Ты, Божа, уваскрос з магілы ў славе і сьвет уваскрасіў з сабою; род людзкі Цябе славіць, як Бога, і сьмерць згінула; Адам, Уладару мой, радуецца, і Эва, вызваленая ад путаў, цешыцца і кліча: "Ты, Хрысьце, той, які дае ўсім уваскрасеньне".
Ікас. Усхвалім Таго, хто на трэці дзень уваскрос як усемагутны Бог і брамы пекла скрышыў, а тых, што там былі адвеку, з магілаў узьняў; зьявіўся міраносіцам, як захацеў, і сказаў ім: "Радуйцеся"; і апосталам радасьць абвясьціў, як адзіны Жыцьцядаўца. Дзеля гэтага жанчыны вучням дабравесьцяць перамогу, пекла стогне, сьмерць плача, а сьвет радуецца, і ўсе з ім цешацца: бо Ты, Хрысьце, даеш усім уваскрасеньне.
Песьня 7. Ірмас. Цябе, Багародзіца, мы, верныя, бачым, як духоўную печ, бо, як некалі выбавіў трох юнакоў, так абнавіў увесь сьвет ва ўлоньні Тваім хвалёны Бог айцоў і ўсяслаўны.
Спалохалася зямля, сонца схавалася, і сьвятло памеркла, царкоўная заслона разарвалася, камяні патрэскаліся: бо на крыжы вісіць Праведны, хвалёны Бог айцоў і ўсяслаўны.
Быццам бездапаможны і паранены сьмяротна, дабравольна за нас узьнесены, Ты вызваліў усіх, і магутнай рукою ўваскрасіў з сабою, хвалёны Божа айцоў і ўсяслаўны.
Багародзічны. Радуйся, Крыніца вечна жывой вады; радуйся, Раю асалоды; радуйся, абаронная Сьцяна верных; радуйся, што мужа ня знала; радуйся, сусьветная Радасьць, дзякуючы якой зазьзяў нам хвалёны Бог айцоў і ўсяслаўны.
Песьня 8. Ірмас. У печы юнакі ізраільскія, як у горне, зазьялі дабрынёю дабрадзейнасьцяў, чысьцейшай за золата, і ўсклінулі: "Блаславіце, усе творы Гасподнія, Госпада, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі".
Табе, Слова Божае, што воляю Тваёю ўсё творыш і абнаўляеш, і ператвараеш цень сьмяротны ў вечнае жыцьцё цярпеньнямі Тваімі, усе творы Гасподнія безупынку пяюць і ўзьвялічваюць Цябе праз усе вякі.
Ты, Хрысьце, уваскрасеньнем Тваім з магілы на трэці дзень зьнішчыў злосьць і лютасьць пекла і разбурыў ягоныя брамы і муры. Табе няспынна ўсе творы як Госпаду пяюць і ўзьвялічваюць Цябе праз усе вякі.
Багародзічны. Усхвалім Тую, што ў надпрыродны спосаб ад боскага зьзяньня нарадзіла каштоўную пэрлу – Хрыста, і ўсклікнем: "Блаславіце, усе творы Гасподнія, Госпада, сьпявайце Яму і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі".
Песьня 9. Ірмас. Вобразам чыстага сынараджэньня Твайго, Багародзіца, быў незгаральны вогненны куст. А цяпер молімся Табе: пагасі ў нас люты агонь напасьцяў, каб нам няспынна ўзьвялічваць Цябе.
Як гэта людзі непакорлівыя і бязбожныя, змовіўшыся, апраўдалі гордага нягодніка, а праведнага Госпада славы засудзілі на крыж? Яго мы дастойна ўзьвялічваем.
Збавіцелю, Ягнё беззаганнае, што ўзяў на сябе грахі сьвету! Славім Цябе, які ўваскрос на трэці дзень, разам з Айцом і Тваім Боскім Духам, і як Госпада славы ўзьвялічваем.
Багародзічны. Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх, якіх Ты выкупіў Тваёй сьвятой крывёю, дай сілу людзям Тваім супраць ворагаў, і Царкве Тваёй супакой малітвамі Багародзіцы, Чалавекалюбча.
Пахвальныя псалмы
Верш. Каб споўніць над імі прысуд, напісаны на хвалу ўсім сьвятым Яго.
Хвалім у песьнях Твае збавенныя цярпеньні, Хрысьце, і славім Тваё ўваскрасеньне.
Верш. Хваліце Госпада ў сьвятых Яго, хваліце Яго ў велічы непахіснай сілы Яго.
Госпадзе, што пацярпеў на крыжы, зьнішчыў сьмерць і ўваскрос з мёртвых, даруй нам супакой, бо Ты адзіны ўсемагутны.
Верш. Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.
Хрысьце, што сваім уваскрасеньнем спустошыў пекла і чалавека ўваскрасіў, дазволь нам з чыстым сэрцам Цябе хваліць і славіць.
Верш. Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце Яго на ліры і гусьлях.
Славім Тваю Боскую спагаду і хвалім Цябе ў песьнях, Хрысьце: Ты, неразьдзельны ад Айца, нарадзіўся ад Дзевы і цярпеў, як чалавек, дабравольна аддаўшы сябе на крыжовыя мукі; і, уваскросшы, выйшаў з магілы, быццам з хораму, каб збавіць сьвет. Госпадзе, слава Табе.
Верш. Хваліце Яго на бубнах і ў карагодах, хваліце Яго на струнах і жалейцы.
Калі Ты даў сябе прыбіць да крыжовага дрэва, варожае панаваньне згінула; стварэньне захістался страхам Тваім, і пекла палоненае было ўладаю Тваёю, бо Ты вывеў з магілаў памёрлых і адчыніў разбойніку рай. Хрысьце Божа наш, слава Табе.
Верш. Хваліце Яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Пачэсныя жанчыны з плачам прыйшлі да магілы Тваёй і знайшлі яе адчыненаю; пачуўшы ад анёла пра новы і слаўны цуд, яны абвясьцілі апосталам: "Уваскрос Госпад, даючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня".
Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.
Хрысьце Божа, пакланяемся Тваім боскім ранам і Твайму ўладарнаму сьвятадзеяньню ў Сыёне, якое спраўдзілася ў канцы вякоў Боскім зьяўленьнем; для тых, што былі ў цемры, сонца праведнасьці ўзышло і накіравала іх да незьмяркальнага зьзяньня. Госпадзе, слава Табе.
Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.
Слухай, бунтарны народзе! Дзе тыя, што хадзілі да Пілата? Няхай скажуць вартаўнікі, дзе магільныя пячаці! Дзе паклалі Пахаванага? Дзе Той Неацэнны, якога прадалі? Як гэта ўкралі Скарб? Чаму, беззаконныя людзі, аспрэчваеце ўваскрасеньне Збавіцеля? Сярод мёртвых свабодны, Ён уваскрос, даючы сьвету веліч зьмілаваньня.
Слава...: Радавая евангельская сьціхіра.
Цяпер...: Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева...
|