СУБОТА ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты Госпадзе, і дай нам адпушчэньне грахоў, бо Ты Адзіны, які паказаў сьвету ўваскрасеньне.
Абыдзіце, людзі, Сыён і абдыміце яго, і аддайце славу Таму, хто ў ім з мёртвых уваскрос, бо Ён Бог наш, які выбавіў нас ад беззаконьняў нашых.
Прыйдзіце, людзі, усхвалім у песьнях Хрыста і паклонімся Яму, бо Ён Бог наш, які выбавіў нас ад варожай маны.
Весяліцеся, нябёсы, загрыміце, асновы зямлі, горы, радасна ўсклікніце, бо вось Эмануэль грахі нашыя да крыжа прыбіў, жыцьцё дараваў і сьмерць умярцьвіў, і як Чалавекалюбец Адама ўзьняў.
Усхвалім у песьнях Таго, хто дзеля нас на крыжы расьпяты быў, цярпеў і быў пахаваны, і на трэці дзень з мёртвых уваскрос; усклікнем: "Умацуй у праўдзівай веры Царкву Тваю, Хрысьце, і як добры і Чалавекалюбец даруй жыцьцю нашаму супакой".
Стоячы перад Тваёй магілай, што зьмяшчала Жыцьцё, мы, недастойныя, прыносім хвалу невыказнай міласэрнасьці Тваёй, Хрысьце Божа наш, бо Ты, Бязгрэшны, крыж і сьмерць пацярпеў, хочучы як Чалавекалюбец дараваць сьвету ўваскрасеньне.
Беспачатнае і ўсюдыпрысутнае з Айцом Слова выйшла ў невыказны спосаб з дзявочага ўлоньня, крыж і сьмерць пацярпела і на трэці дзень уваскросла ў славе. Дык усхвалім Яго ў песьнях і ўсклікнем: "Слава Табе, Жыцьцядаўча Хрысьце, Збавіцелю душаў нашых!"
Дагматык. Сусьветную славу, што ад людзей нарадзілася і Ўладара нарадзіла, Дзьверы нябесныя, усхвалім Марыю Дзеву, анёлаў песьню і верных красу. Яна, стаўшыся небам і Боскім хорамам, зьнішчыла сьцяну варожасьці, устанавіла мір і адчыніла валадарства. Умацаваныя Ёю ў веры, мы знайшлі абаронцу ў Госпадзе, які нарадзіўся ад Яе. Дык сьмела, людзі Божыя, будзьце добрай думкі, бо Ён як усемагутны ворагаў перамог.
Вершапесьні
Мукамі Тваімі, Хрысьце, мы ад мукаў вызваліліся, і ўваскрасеньнем Тваім мы сталіся свабоднымі ад тленнасьці. Госпадзе, слава Табе!
Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.
Хай радуюцца стварэньні, нябёсы хай цешацца, людзі хай весела пляскаюць у далоні: бо вось Хрыстос, наш Збавіцель, да крыжа прыгвазьдзіў грахі нашыя і, умярцьвіўшы сьмерць, дараваў нам жыцьцё, і паўшага праайца Адама ўзьняў як Чалавекалюбец.
Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.
Ты, Уладару недасяжны неба і зямлі, дзеля чалавекалюбства даў сябе дабравольна прыбіць да крыжа. Пекла сустрэла Цябе ўнізе і сумелася, а праведнікі прынялі Цябе з радасьцю; і Адам усьцешыўся, убачыўшы Цябе – Творцу – ў падзямельлі. Што за цуд! Жыцьцё ўсіх пакаштавала сьмерці, каб прасьвятліць увесь сьвет, які ўсклікае: "Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, слава Табе!"
Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.
Жанчыны міраносіцы з духмянымі алейкамі, сьпяшаючыся, з плачам прыйшлі да магілы Тваёй. Не знайшоўшы там усячыстага цела Твайго і ад анёла пачуўшы пра новы і слаўны цуд, яны пайшлі абвясьціць апосталам, што Госпад уваскрос, даруючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня.
Багародзічны. Вось споўнілася прароцтва Ісаі: Дзева нарадзіла і пасьля родаў засталася, якой была раней. Бог быў Той, хто нарадзіўся ад Яе, і Ён адмяніў закон прыроды. Дык, Божая Маці, не пагардзі Тваімі слугамі, якія моляцца ў сьвятыні Тваёй, але, так як Ты насіла Міласэрнага на руках Тваіх, слугам Тваім спагадай і маліся за збаўленьне душаў нашых.
Адпушчальны трапар
Уваскросны. Хоць юдэі запячаталі магільны камень і жаўнеры сьцераглі ўсячыстае цела Тваё, Ты ўваскрос на трэці дзень, Хрысьце Спасе, даруючы сьвету жыцьцё. Дзеля гэтага сілы нябесныя ўсклікнулі Табе, Жыцьцядаўча: "Слава ўваскрасеньню Твайму, Хрысьце, слава валадарству Твайму, слава провіду Твайму, адзіны Чалавекалюбча!"
Парадак сьпяваньня адпушчальных трапароў у суботу ўвечары
Калі ёсьць трапар сьвятога:
Трапар уваскросны належнага тону;
Слава...: Трапар сьвятога.
Цяпер...: Багародзічны тону трапара сьвятога.
Калі няма трапара сьвятога:
Трапар уваскросны належнага тону.
Слава... цяпер...: Багародзічны таго самага тону.
|