НЯДЗЕЛЯ ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
У дабрыні Тваёй, Госпадзе, Ты ўсё прывёў да быцьця словам Тваім і Духам, і мяне стварыў разумнай істотаю, каб я славіў сьвятое імя Тваё. А я саромнымі ўчынкамі апаганіўся, але Ты пашкадуй мяне.
Пазнай, няшчасная душа мая, тваю боскую высакароднасьць і нятленную бацькаўшчыну, для якой ты прызначаная, і старайся асягнуць яе дабрадзейнасьцю; хай нішто дачаснае не палоніць цябе, бо тваё месца на вышынях, цела ж – зямля тленная. Дык хай ніжэйшае вышэйшым не кіруе.
Ідзі, няшчасная душа мая, да Ўсядобрага, з гарачымі сьлязьмі прыступіся да Яго і, перад тым як табе быць асуджанай, прызнайся ва ўсіх учынках тваіх і старайся, каб Творца быў міласэрным да цябе. Прасі прабачэньня перад тым, як Госпад зачыніць дзьверы табе.
Багародзічны. Марыя беззаганная, вышэйшая за ўсякі розум, Калясьніца пачэсная, магутным заступніцтвам Тваім накіруй на шырокі шлях пакаяньня мяне, апанаванага шматлікімі грахамі: Ты можаш усё, Маці Ўсемагутнага.
Вершапесьні
Быццам бездань марская, незьлічоныя мае бясчынствы, Збавіцелю, і я таплюся ў грахох; але Ты, Божа, працягні збавенную руку Тваю, як некалі Пятру, і зьмілуйся нада мною.
Мае паганыя думкі і благія ўчынкі асудзілі мяне, Збавіцелю, але Ты, Божа, дай мне духа каяньня, каб я мог усклікнуць Табе: "Збаў мяне, Дабрачынца мой, і зьмілуйся нада мною".
Малітвамі ўсіх сьвятых і Багародзіцы, даруй нам мір Твой і зьмілуйся над намі, бо ты адзіны Добры.
Багародзічны. Радасьць нябесных хораў і магутная Апякунка людзей на зямлі, Багародзіца Дзева! Збаў нас, якія прыбягаем да Цябе, Уладарка, бо пасьля Бога мы ўсклалі нашу надзею на Цябе.
|