ПАНЯДЗЕЛАК УВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Усё жыцьцё маё, Госпадзе, я, няшчасны, сорамна змарнаваў, і цяпер, як блудны сын, са скрухаю сардэчнаю клічу: "Ойча нябесны, зграшыў я, ачысьці і збаў мяне, і не адкінь мяне, які сам аддаліўся ад Цябе і, чынячы бясплодныя ўчынкі, зьбяднеў".
Багаты, Ты, Хрысьце, стаўся бедным, каб узбагаціць людзей несьмяротнасьцю і сьвятлом; дык і мяне, у асалодах жыцьцёвых зьбяднелага, узбагаці дабрадзейнасьцямі, дай мне ўдзел разам з убогім Лазарам і вызваль ад лёсу багача і пякельнага агню, які чакае мяне.
Я вельмі багаты на ўсё благое, палюбіў раскошу і ў гэтым жыцьці атрымаў дабро, Госпадзе, і на агонь пякельны заслужыў, бо пагардзіў маім галодным розумам, быццам Лазарам, і пакінуў яго перад варотамі Тваіх боскіх дабрадзейнасьцяў. Але Ты, Госпадзе, зьмілуйся нада мною.
Багародзічны. Багародзіца Дзева, разам з Прадвесьнікам, які прапаведаваў усім Ягнё, што ўзяло на сябе грахі ўсяго сьвету, маліце Госпада, каб мне, нягоднаму, пазьбегнуць лёсу казлоў у судны дзень, але апынуцца ў ліку авечак па правай руцэ Яго.
Вершапесьні
Быццам бездань марская, незьлічоныя мае бясчынствы, Збавіцелю, і я таплюся ў грахох; але Ты, Божа, працягні збавенную руку Тваю, як некалі Пятру, і зьмілуйся нада мною.
Мае паганыя думкі і благія ўчынкі асудзілі мяне, Збавіцелю, але Ты, Божа, дай мне духа каяньня, каб я мог усклікнуць Табе: "Збаў мяне, Дабрачынца мой, і зьмілуйся нада мною".
Вашыя вызнаньні на судзе, сьвятыя, дэманаў запалохалі і вызвалілі людзей ад маны; калі вас забівалі, вы клікалі: "Няхай ахвяра душаў нашых будзе прыемнай Табе, чалавекалюбны Госпадзе, бо мы, палюбіўшы Цябе, ня дбаем пра жыцьцё дачаснае".
Багародзічны. Майсей прароцкімі вачыма бачыў Цябе, Дзева ўсяхвальная, у вобразе незгаральнага куста, бо Боскі агонь не спаліў Твайго, Чыстая, улоньня. Дзеля гэтага просім Цябе, Маці Бога нашага, выпрасіць сьвету супакой і веліч зьмілаваньня.
|