ЧАЦЬВЕР УВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Калі Ты, Хрысьце, на крыжы распасьцёр рукі Твае, Ты паклікаў да сябе тых, што былі далёка, і даў ім месца побач з сабою. Дык малюся Табе, прымі мяне, палоненага благімі нахіламі, дай мне жаль за грахі і ачысьці нечысьць пажадлівасьцяў.
Ты, чалавекалюбны Хрысьце, распасьцёр на дрэве чыстыя рукі Твае з акрываўленымі пальцамі, каб выбавіць творы боскіх рук Тваіх, што знаходзіліся ў палоне з-за праступку Адама, якога Ты, Усемагутны, узьняў сілаю Тваёю.
Ты, Збавіцелю, цярпеў за нас мукі, хоць, як Бог, Ты прыродна нязьменны і непадуладны цярпеньням. Бязгрэшны, Ты, спрадвечны Хрысьце, быў расьпяты са злачынцамі. Сонца памеркла, бо не змагло цярпець такога зьдзеку, а зямля захісталася, пазнаўшы ў Табе Творцу сьвету.
Крыжабагародзічны. "Калі Ты, салодкае Дзіця маё, пакаштаваў жоўці і быў узьнесены на дрэве, Ты зрабіў салодкім горкі смак Адамавай стравы. Цяпер, як праведны судзьдзя, зрабі салодкім жыцьцё маё, Уладару, уваскросшы, як усемагутны, пасьля збавенных мукаў Тваіх", – Дзева казала з плачам.
Вершапесьні
Крыж, пастаўлены на чэрапавым месцы, несьмяротнасьць нам прарасьціў з крыніцы невычэрпнай – боку Збавіцеля.
Пачэсны Крыж Збавіцеля – непарушная сьцяна для нас усіх, бо, спадзеючыся на яго, атрымліваем збаўленьне.
Малітвамі ўсіх сьвятых і Багародзіцы, Хрысьце, даруй супакой Твой усім нам і зьмілуйся над намі, бо Ты адзіны добры і міласэрны.
Крыжабагародзічны. Калі Дзева ўбачыла Тваю неправедную сьмерць, Хрысьце, Яна з плачам усклікнула: "Дзіця маё наймілейшае, як гэта Ты несправядліва церпіш, як на дрэве вісіш Ты, што зямлю на водах павесіў? Малюся Табе, Дабрадзею шматміласэрны, не пакінь адзінокаю мяне, Маці і слугу Тваю".
|