Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Субота (Тон 1) (Вячэрня, Ютрань)


 

 

Субота (Тон 1) (Вячэрня, Ютрань)


ПЯТНІЦА ЎВЕЧАРЫ

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Сьвяточныя хоры мучанікаў струменямі крыві сваёй патапілі безьліч дэманаў, адмянілі саромныя ахвяры, зьнішчылі ідальскую спакусу і сёньня моляць Хрыста дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Сьветлыя пастыры мудрымі словамі і настаўленьнямі навучылі нас славіць Бога ў Тройцы адзінага, ня зьмешваючы і не разьдзяляючы Боскіх асобаў. Цяпер яны моляцца за супакой і зьмілаваньне душаў нашых.

Хоры сьвятых посьнікаў усьпілі цялесныя пажаданьні, абуздалі прыродныя нахілы і паказаліся ў гэтым жыцьці роўнымі анёлам. Сёньня яны жывуць у радасьці ў нябесных сялібах і моляць Хрыста даць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Дагматык. Сусьветную славу, што ад людзей нарадзілася і Ўладара нарадзіла, Дзьверы нябесныя, усхвалім Марыю Дзеву, анёлаў песьню і верных красу. Яна, стаўшыся небам і Боскім хорамам, зьнішчыла сьцяну варожасьці, устанавіла мір і адчыніла валадарства. Умацаваныя Ёю ў веры, мы знайшлі абаронцу ў Госпадзе, які нарадзіўся ад Яе. Дык сьмела, людзі Божыя, будзьце добрай думкі, бо Ён як усемагутны ворагаў перамог.


Вершапесьні

Слаўныя мучанікі, вас зямля не змагла ўтрымаць, а неба, адчыніўшы райскія дзьверы, прыняло вас, і вы, увайшоўшы туды, спажываеце ў асалоду з дрэва жыцьця. Маліце Хрыста даць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Малітвамі ўсіх сьвятых і Багародзіцы, Хрысьце, даруй супакой Твой усім нам і зьмілуйся над намі, бо Ты адзіны добры і міласэрны.

Вашыя вызнаньні на судзе, сьвятыя, дэманаў запалохалі і вызвалілі людзей ад маны; калі вас забівалі, вы клікалі: "Няхай ахвяра душаў нашых будзе прыемнай Табе, чалавекалюбны Госпадзе, бо мы, палюбіўшы Цябе, ня дбаем пра жыцьцё дачаснае".

Багародзічны. Сапраўды вышэй за розум тайна сынараджэньня Твайго, Нявеста Божая: усе прарокі прапаведавалі слаўнае і невыказнае зачацьце Тваё, Усяхвальная, і нараджэньне Сына Твайго, якім Ён збавіў сьвет.


Старонка 1 з 2 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст