СУБОТА ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Прыйдзіце, паклонімся Божаму Слову, народжанаму спрадвеку ад Айца і ад Дзевы цела прыняўшаму. Ён, пацярпеўшы на крыжы і аддаўшы сябе на пахаваньне, як захацеў, уваскрос з мёртвых і збавіў мяне, заблуднага чалавека.
Хрыстос, Спас наш, адмяніў прысуд на нас, прыбіўшы яго да крыжа, і зьнішчыў сьмерці ўладу. Пакланяемся Ягонаму трохдзённаму ўваскрасеньню.
З арханёламі ўславім уваскрасеньне Хрыстова, бо Ён – Збаўца і Вызваліцель душаў нашых, і ў славе страшнай і вялікай сіле зноў прыйдзе судзіць сьвет, які Ён стварыў.
Цябе, расьпятага і пахаванага, анёл назваў Уладаром і жанчынам сказаў: "Хадзеце, гляньце, дзе Госпад ляжаў, бо Ён, усемагутны, уваскрос, як прадказаў". Дзеля гэтага пакланяемся Табе, адзінаму несьмяротнаму. Жыцьцядаўча Хрысьце, зьмілуйся над намі.
Крыжом Тваім Ты адмяніў райскага дрэва праклён, і пахаваньнем Тваім Ты зьнішчыў сьмерці ўладу, і ўваскрасеньнем Тваім Ты прасьвятліў род людзкі. Дзеля гэтага ўсклікаем Табе: "Дабрачынца Хрысьце Божа наш, слава Табе!"
Адчыніліся перад Табою, Госпадзе, са страхам вароты сьмерці, і вартаўнікі пякельныя, убачыўшы Цябе, спалохаліся, бо Ты разбурыў медныя вароты і зламаў жалезныя замкі і, разьбіўшы нашыя аковы, вывеў нас з цемры і ценю сьмерці.
З песьняй вызваленьня на вуснах пойдзем усе да дому Гасподняга і паклонімся там, кажучы: "Госпадзе, што быў расьпяты, і з мёртвых уваскрос, і прабываеш ва ўлоньні Айца, ачысьці грахі нашыя!"
Дагматык. Цень Закону мінуў з прыйсьцем ласкі: як некалі куст, ахоплены агнём, не згараў, так і Ты, Дзева, пасьля родаў дзеваю засталася; замест слупа вогненнага Сонца праведнае зазьзяла; замест Майсея – Хрыстос, Збавіцель душаў нашых.
Вершапесьні
Уваскрасеньнем Тваім, Хрысьце, Ты прасьвятліў увесь сусьвет і паклікаў да сябе ўсё стварэньне. Госпадзе ўсемагутны, слава Табе!
Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.
Дрэвам крыжовым, Хрысьце, Ты адмяніў праклён дрэва райскага, і пахаваньнем Тваім Ты зьнішчыў сьмерці ўладу, і прасьвятліў род наш уваскрасеньнем Тваім. Дзеля гэтага славім Цябе, усклікаючы: "Жыцьцядаўча Хрысьце, Божа наш, слава Табе!"
Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.
Калі Ты, Хрысьце, павіс на крыжы, уся краса стварэньня памеркла; жаўнеры паказалі нялюдзкасьць сваю, прабіўшы кап'ём бок Твой; і гэбрэі, ня ведаючы Тваёй сілы, дамагаліся паставіць пячаці на магіле Тваёй. Але дзеля бязьмежнай міласэрнасьці, якую маеш у сэрцы Тваім, Ты прыняў пахаваньне і на трэці дзень уваскрос. Госпадзе, слава Табе!
Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.
Жыцьцядаўча Госпадзе, Ты дабравольна пацярпеў мукі дзеля нас, сьмяротных, і зышоў да пекла ў сіле. Там, быццам ад лютага зьвера, Ты выхапіў тых, што чакалі Цябе, і даў ім на жыльлё замест пекла рай. І нам, якія славім трохдзённае ўваскрасеньне Тваё, даруй адпушчэньне грахоў і багацьце зьмілаваньня Твайго.
Багародзічны. Новы цуд, большы за ўсе ранейшыя цуды! Хто калі бачыў Маці, якая радзіла бяз мужа і на руках насіла Таго, хто трымае ўсё стварэньне? З Божай волі радзіўся Той, каго Ты, Усячыстая, насіла як дзіцятка на руках Тваіх. З матчынай сьмеласьцю не пераставай маліць Яго за тых, што шануюць Цябе, каб Ён дараваў багацьце ласкі сваёй і збавіў душы нашыя.
Адпушчальны трапар
Уваскросны. Калі Ты зышоў да сьмерці, Жыцьцё несьмяротнае, Ты зьнішчыў пекла зьзяньнем боскасьці Тваёй; калі ж Ты і памёрлых з апраметнай уваскрасіў, усе сілы нябесныя ўсклікнулі: "Жыцьцядаўча Хрысьце Божа наш, слава Табе!"
Увага: Спосаб сьпяваньня трапароў у суботу ўвечары гл. у суботу 1 тону.
|