НЯДЗЕЛЯ ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Ойча добры, Сыне – Слова Айца і Духу Сьвяты, адзіная няствораная існасьць: Ты – крыніца дабра, з якой цякуць струмені ласкаў і міласэрнасьці. Прымі нашыя малітвы і просьбы, і як адзіны шчодры і чалавекалюбны Бог дай нам, грэшным, прабачэньне.
Сэрца Тваё, уласьцівае Тваёй Боскай прыродзе, поўнае спагады, міласэрнасьці і ласкі. Дзеля гэтага молім Цябе, Хрысьце Збавіцелю наш, і, прыпаўшы да Цябе, клічам і просім: "Як добры і чалавекалюбны Бог дай слугам Тваім адпушчэньне шматлікіх правінаў і прабачэньне ўсяго, што мы зграшылі".
Каб збавіць усіх людзей, Ты, Збавіцелю, будучы Богам, дзеля нас прыняў цела і стаўся чалавекам. Збаў нас, якія шануем запаветы Твае, бо Ты, Чалавекалюбча, як ласкавы і міласэрны Бог, прыйшоў збавіць ласкаю Боскага хрышчэньня ня толькі праведнікаў, але і нас, скаваных безьліччу правінаў.
Багародзічны. Хоры анёлаў славяць тройчы сьвятымі песьнямі Сына Твайго, Усячыстая. Ты была Ягоным вогненным пасадам, адухоўленым хорамам і мастом Боскім, які вядзе з зямлі да Яго. Разам з арханёлам Габрыелем мы ўсе згодна клічам: "Радуйся, Поўная ласкі!", бо Ты нарадзіла Крыніцу жыцьця.
Вершапесьні
Зграшыў я перад Табою, Хрысьце Спасе, як блудны сын. Але Ты, Ойча, прымі мяне, які каюся, і зьмілуйся нада мною.
Быццам мытнік, Хрысьце Збавіцелю, клічу моцным голасам: "Ачысьці мяне, Божа, як некалі яго, і зьмілуйся нада мною!"
Божыя пакутнікі, што не палюбілі зямной уцехі, удастоіліся нябесных дабротаў і сталіся суграмадзянамі анёлаў. Малітвамі іх, Госпадзе, зьмілуйся нада мною і збаў мяне.
Багародзічны. Радуйся, Марыя Багародзіца, хорам непарушны і сьвяты, як кліча прарок: "Хорам Твой сьвяты, дзіўны ў справядлівасьці".
|