ПАНЯДЗЕЛАК УВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Я пераўзышоў усіх грахамі, дык як цяпер навучуся пакаяньню? Калі буду ўздыхаць, як мытнік, баюся абцяжыць неба; калі заплачу, як блудніца, сьлязьмі апаганю зямлю. Але Ты, Божа, дай мне адпушчэньне грахоў і зьлітуйся нада мною.
Я ўчыніў усякі грэх, усіх пераўзышоў у блудзе, і ня маю струменяў сьлёз, каб пакаяцца; калі далей буду жыць у ленасьці, буду асуджаны на мукі. Але Ты, адзіны добры Божа, дай мне паправу і зьмілуйся нада мною.
У дабрыні Тваёй, Хрысьце Госпадзе мой, дай мне сьлёзы жалю, каб мне плачам абмыць бруд правінаў маіх, спрычыненых няўстрыманасьцю, і стаць перад Табою ачышчаным, калі зыдзеш зноў з нябёсаў судзіць людзей, як адзіны праведны Судзьдзя.
Багародзічны. Прыродным сваяцтвам і згоднай малітваю вы адзінадушныя, Маці Ўладара ўсіх і боскі Прадвесьніку; дык учыніце разам малітву за слугу вашага, які моцна прагневаў Усеміласэрнага, каб Ён, прыхіліўшыся да вашых малітваў, паказаў сваю спагадлівасьць і збавіў мяне, і вызваліў ад вогненнага сваяцтва.
Вершапесьні
Зграшыў я перад Табою, Хрысьце Спасе, як блудны сын. Але Ты, Ойча, прымі мяне, які каюся, і зьмілуйся нада мною.
Быццам мытнік, Хрысьце Збавіцелю, клічу моцным голасам: "Ачысьці мяне, Божа, як некалі яго, і зьмілуйся нада мною".
Малітвамі сьвятых мучанікаў і ўслаўленьнем Хрыста ўсякая мана разьвейваецца, і род людзкі вераю збаўляецца.
Багародзічны. Непраходная брама, таемна запячатаная, Багародзіца Дзева, прымі нашыя малітвы і занясі іх да Сына Твайго і Бога, каб Ён Табою збавіў душы нашыя.
|