СЕРАДА ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Быццам рэкі, што, разьдзяліўшыся, выплылі з раю, вы, мудрыя апосталы, напаілі ўсю зямлю. Заараўшы яе, вы пасеялі збавеннае прапаведаньне і зжалі буйнае калосьсе – душы збаўленых, якія вы, вучні Гасподнія, захавалі ў скарбніцы духоўнай, як найбольшы скарб.
Ад цемры пажадлівасьцяў і спакусаў шматпакутнае маё сэрца вызваліце, сьветачы духоўнага сьвітаньня і сьветлыя настаўнікі, што абвяшчаеце ўсім Сонца, якое разганяе спакусу ночы няверства. Як Ягоныя сьведкі, маліцеся, каб Ён прасьвятліў і нашыя розумы і пачуцьці.
Вы, сьведкі тайны, зьявіліся сапраўды боганапісанымі табліцамі новай ласкі і кнігамі духоўнымі, якія маюць у сабе збавеннае слова, напісанае Духам і пальцам Айца; абышоўшы ўсю зямлю, вы навучылі ясна людзей праўдзівай веры і паказалі ім сьцежку да неба.
Багародзічны. Слова, роўнае славаю з Айцом і Духам, што, быццам вялікае сонца, у апошнія дні на зямлі зазьзяла ад Дзевы Божай Нявесты, паслала вас, слаўныя апосталы, быццам зоркі, сьвятлом веры прасьвятліць усіх людзей, што жывуць у цемры спакусы, і прывесьці іх да праўдзівай веры.
Вершапесьні
Ты, Збавіцелю, узьвялічыў па ўсім сусьвеце імёны найвышэйшых апосталаў, бо яны, навучыўшыся нябесным справам, аздараўлялі людзей, і нават іхні цень лячыў немачы; рыбакі чынілі цуды і пакліканыя сярод юдэяў прапаведавалі ласку. Малітвамі іх, Міласэрны, даруй нам веліч Твайго зьмілаваньня.
Будучы заўжды пад націскам няправедных учынкаў, прыбягаем да Цябе, сапраўднага Бога і, маючы за заступнікаў вучняў Тваіх, молімся: "Збаў нас, Настаўнік, бо гінем! Пакажы ворагам нашым, што Ты ахоўваеш людзей Тваіх і збаўляеш нас ад бедаў малітвамі апосталаў, не зважаючы на грахі нашыя, у вялікай Тваёй дабрыні". Госпадзе, Слава Табе.
Вялікую славу здабылі вы, сьвятыя: ня толькі цярпеньнямі вы перамаглі ворага, але і пасьля сьмерці праганяеце злых духаў, аздараўляеце немачы, лекары душаў і целаў. Маліцеся Госпаду за збаўленьне душаў нашых.
Багародзічны. Быццам пладавітае аліўнае дрэва, Дзева ўзрасьціла Цябе, Плод жыцьцядайны, каб прыносіў сьвету веліч і багацьце зьмілаваньня.
|