НЯДЗЕЛЯ ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Госпадзе Добры, я вельмі зграшыў і Цябе засмуціў, і цяпер вяртаюся зноў да Цябе. Ты ж, Ойча нябесны, у міласэрнасьці ўласьцівай Табе, прымі мяне, як блуднага сына, і зрабі мяне адным з наймітаў Тваіх.
У ленасьці і нядбаласьці я, няшчасны, пераўзышоў усякую меру, а цяпер бачу блізкі канец і думаю пра суд і адлучэньне ад Бога, што чакаюць мяне; але Ты, Збавіцелю, не дапусьці да гэтага, але навярні і збаў мяне.
Выбаў, Добры Госпадзе, маю скрушлівую душу ад геенны, скрыгату зубоў і вечнае мукі, каб мне з вераю ў песьнях славіць Цябе, міласэрнага і чалавекалюбнага Бога.
Багародзічны. Усячыстая Маці, Уладарка ўсяго стварэньня, вызвалі розум мой ад грэшных пажаданьняў, якія няволяць мяне, і цёплым заступніцтвам Тваім і матчынаю малітваю зрабі мяне падуладным Сыну і Богу Твайму.
Вершапесьні
Вячэрнюю хвалу прыносім Табе, Хрысьце, з кадзілам і песьнямі духоўнымі. Зьмілуйся над намі і збаў нас.
Збаў мяне, Божа мой, які даеш збаўленьне ўсім: бура пажаданьняў пакрывае мяне, і я таплюся пад цяжарам беззаконьняў маіх. Ты ж працягні руку дапамогі і прасьвятлі скрухаю сэрца маё, адзіны міласэрны і Чалавекалюбец.
Вялікая, Госпадзе, сіла крыжа Твайго! Пастаўлены на адным месцы, ён дзейнічае ва ўсім сьвеце, робячы рыбакоў апосталамі і паганаў мучанікамі, якія сёньня моляцца за душы нашыя.
Багародзічны. Уладарка і заступніца ўсіх, што моляцца да Цябе: Табою ўмацоўваемся і Табою хвалімся, і ў Табе ўся наша надзея; малі Таго, хто нарадзіўся ад Цябе, за непатрэбных слугаў Тваіх.
|