СЕРАДА ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Малітвамі пачэсных і боскіх апосталаў Тваіх, добры Чалавекалюбча, адзіны багаты на ласку, дай слугам Тваім супакой, і збаў тых, што славяць Цябе і з вераю пакланяюцца Табе.
Ад стрэлаў нязбожнага ворага вызваліце мяне, сьведкі Божыя, патушыце ягоныя хітрасьці і акрапіце мяне духоўнай расою, малю вас, мудрыя мае дабрачынцы, боскія апосталы.
Калі засядзеце на дванаццацёх пасадах з Судзьдзёю ўсіх, каб судзіць усё стварэньне, не зрабіце мяне падсудным, але вызваліце ад мукаў, дабрачынцы мае, боскія апосталы.
Багародзічны. Вялікая сіла цудаў тваіх, Усячыстая: выбаўляеш ад бедаў і ратуеш ад сьмерці, бароніш ад нечаканых напасьцяў, разганяеш сум, і адымаеш правіны людзей.
Вершапесьні
Па ўсёй зямлі разышлося вашае навучаньне, сьвятыя апосталы: вы разбурылі ідальскую спакусу багаразумным прапаведаваньнем. Добры высілак ваш, блаславёныя: дзеля гэтага шануем вашую памяць.
Галінкі жыцьцядайнай вінаграднай Лазы, вы, слаўныя апосталы, прынесьлі сябе Богу як плод дабрадзейнасьцяў; дзеля гэтага, маючы ласку ў Госпада, прасеце Яго дараваць сьвету супакой і душам нашым веліч зьмілаваньня.
Мучанікі Твае, Госпадзе, вераю ўмацаваныя, надзеяю падтрымваныя і зьяднаныя любоўю крыжа Твайго, мучыцеля ворага зьніштожылі і, атрымаўшы вянцы перамогі, з бесьцялеснымі анёламі моляцца за душы нашыя.
Багародзічны. З агню няўхільнага за вялікія грахі мае, выхапі мяне, Дзева, матчынымі тваімі малітвамі і накіруй на збавенны шлях. |