Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Нядзеля (Тон 4) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


 

 

Нядзеля (Тон 4) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


НЯДЗЕЛЯ РАНІЦАЙ


Пасьля "Госпад - Бог...":

Трапар уваскросны. Сьветлую весьць аб уваскрасеньні... (Калі няма трапара сьвятому, двойчы)

Далей як на вячэрні.


Сядальныя песьні 1. Міраносіцы, глянуўшы ў магілу і ня ў змозе зьнесьці анельскага зьзяньня, сумеліся і казалі: "Ці ня ўкрадзены Той, хто адчыніў разбойніку рай? Або можа ня ўстаў, як прадказаў перад сваімі мукамі?" Сапраўды ўваскрос Хрыстос, даючы тым, што ў пекле, жыцьцё і ўваскрасеньне.

Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

Ты, Збавіцелю, дабравольна пацярпеў крыж, і сьмяротныя людзі паклалі ў магілу Цябе, які словам умацаваў канцы сусьвету. І вось вораг быў зьвязаны, сьмерць палоненая, а тыя, што былі ў пекле, убачылі Тваё жыцьцядайнае ўваскрасеньне і ўсклікнулі: "Хрыстос Жыцьцядаўца ўваскрос, бо Ён жыве вечна".

Слава... цяпер...

Язэп дзіву даўся, калі ўбачыў надпрыроднае зачацьце Тваё, Багародзіца, але згадаў дождж, што зышоў на руна, і куст вогненны, што не згараў, і кій Аарона, што зацьвіў. І вось, заручаны Твой і ахоўнік засьведчыў перад сьвятарамі, кажучы: "Дзева родзіць і пасьля родаў дзеваю застаецца".


Сядальныя песьні 2. Ты ўстаў з магілы, Хрысьце Збавіцелю, Божа наш, бо Ты несьмяротны; Ты ўзьняў уваскрасеньнем Тваім увесь сусьвет і скрышыў дзяржаву сьмерці, і паказаў міласэрна ўсім уваскрасеньне. Дзеля гэтага славім Цябе, адзіны Чалавекалюбча.

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Габрыель зышоў з вышыні, прыступіўся да каменя, дзе ляжаў Камень Жыцьця, і ўсклікнуў жанчынам, што плакалі: "Спыніце плач і прыміце радасьць, бо Той, каго вы шукаеце, сапраўды ўваскрос. Дык ідзеце і абвясьціце апосталам, што Госпад уваскрос, і пакланіцеся Яму з радасьцю, бо Ён устаў з мёртвых. Не сумуйце, будзьце добрай думкі, хай з вамі цешыцца і Эва".

Слава... цяпер...

Хоры анельскія дзіву даліся, убачыўшы тайну сынараджэньня Твайго, Беззаганная: як гэта Той, хто трымае ўсё загадам сваім, ляжыць у абдымках Тваіх, як чалавек. Вечны прымае пачатак, і малаком корміцца Той, хто корміць невыказнымі дабротамі ўсё жывое. Дзеля гэтага Цябе ўсе славяць і хваляць, як сапраўдную Маці Божую.


Гіпакоі. Міраносіцы сьпешна пайшлі да апосталаў і абвясьцілі ім Тваё слаўнае ўваскрасеньне, Хрысьце, кажучы, што Ты ўваскрос як Бог, даючы сьвету багацьце зьмілаваньня.


Узыходныя песьні.

Антыфан 1. Безьліч грэшных жаданьняў мучыць мяне з раньніх дзён, але Ты, Збавіцелю мой, заступіся і збаў мяне.

Госпад пасароміць вас, ненавісьнікі Сыёну: ссохнеце ўсе марна, як трава ад агню.

Слава... цяпер...

Сьвятым Духам кожная душа ажыўляецца, узвышаецца чысьцінёю і прасьвятляецца тайна Трыадзіным Боствам.


Антыфан 2. Я клікаў Цябе, Госпадзе, шчыра з глыбіні душы маёй: хай вушы Твае пачуюць кліч мой.

Усім, што ўсклалі надзею на Госпада, ня страшныя ніякія беды.

Слава... цяпер...

Ад Сьвятога Духа цякуць струмені ласкі, што пояць і ажыўляюць кожнае стварэньне.


Антыфан 3. Сэрца маё ўзьнясецца да Цябе, Слова. Хай у слабасьці маёй ніякая краса сьвету не заманіць мяне сваёй асалодаю.

Кожны з нас мае любоў да маці сваёй, тым больш нам трэба палаць любоўю да Госпада.

Слава... цяпер...

Праз Духа Сьвятога прыходзіць богапазнаньне, сузіраньне і мудрасьць, бо праз Яго Слова абвяшчае запаветы Айца.


Пракімен. Устань, Госпадзе, памажы нам і збаў нас дзеля імя Твайго.

Верш. Божа, мы чулі на ўласныя вушы, і айцы нашыя расказалі нам.


Канон уваскросны

Песьня 1. Ірмас. Глыбіню Чырвонага мора Ізраіль некалі перайшоў, не замачыўшы ног; і, калі Майсей трымаў крыжападобна рукі, сілу Амалека ў пустыні перамог.

Ты ўзьнёсься на пачэсным Крыжы, каб выправіць дрэвам наша адпадзеньне і выратаваць нас ад загубы, як Добры і ўсемагутны.

У магіле целам, у пекле душою як Бог, у раі з разбойнікам, і на пасадзе разам з Айцом і Духам Ты быў Хрысьце. Ты ўсё напаўняеш, Неабдымны.

Багародзічны. Загадам Айца праз Духа Сьвятога Ты зачала бяз семя і нарадзіла ў целе Сына Божага, які ад Айца бяз маці, а ад Цябе без айца, дзеля нас, нарадзіўся.


Песьня 3. Ірмас. Весяліцца ў Табе, Хрысьце, царква Твая і ўсклікае: "Ты мая сіла, Госпадзе, і прыстанішча, і ўмацаваньне".

Дрэва жыцьця, сапраўдны духоўны вінаград на крыжы вісіць, даючы ўсім нятленнасьць.

Як вялікі і страшны Той, хто зьнішчыў подступы пекла і як Бог нятленны сёньня ўваскрос у целе.

Багародзічны. Ты, Маці Божая, адзіная хадайніца надпрыродных дабротаў для тых, што жывуць на зямлі. Дзеля гэтага ўсклікаем Табе: "Радуйся!"


Песьня 4. Ірмас. Убачыўшы Цябе, Сонца справядлівасьці, узьнесеным на крыжы, Царква, стаўшы з належнай пашанаю, усклікнула: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"

Ты ўзышоў на крыж і аздаравіў немачы мае мукамі цела Твайго, у якое Ты дабравольна апрануўся. Дзеля гэтага клічу: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе".

Сьмерць амярцьвела, пакаштаваўшы Твайго бязгрэшнага і жыцьцядайнага цела, а мы ўсклікаем: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе".

Багародзічны. Ты, Дзева, нарадзіла, ня ведаючы мужа і засталася дзеваю пасьля родаў; дзеля гэта несьціханымі галасамі ў веры ўсклікаем Табе, Уладарка: "Радуйся!"


Песьня 5. Ірмас. Ты, Госпадзе мой, – сьвятло, што прыйшло на сьвет; Ты – сьвятое сьвятло, якое навяртае з цемры няведаньня тых, што з вераю славяць у песьнях Цябе.

Ты, Госпадзе, літасьціва зышоў на зямлю. Узьняты на дрэве, Ты ўзьняў з сабою заняпалую людзкую прыроду.

Ты, Хрысьце, узяў на сябе асуджэньне за правіны мае, і ў дабрыні Тваёй суняў пакуты сьмерці Боскім уваскрасеньнем Тваім.

Багародзічны. Мы прыдбалі ў Табе, Нявеста Божая, непераможную зброю супраць ворага, умацаваньне і надзею нашага збаўленьня.


Песьня 6. Ірмас. "Прынясу Табе, Госпадзе, ахвяру хвалы – Царква кліча, – ачысьціўшыся ад бесаўскае крыві крывёю, што пацякла з боку Твайго дзеля міласэрнасьці Тваёй".

Ты ўзышоў на крыж, аперазаўшыся сілаю, і схапіўся з мучыцелем. Як Бог Ты скінуў яго з вышыні, а Адама непераможнаю сілаю ўваскрасіў.

Ты ўваскрос з магілы, Хрысьце, зьзяючы красою, і разагнаў усіх ворагаў Боскай сілаю Тваёю і, як Бог, напоўніў усё радасьцю.

Багародзічны. Цуд, большы за ўсе цуды! Як гэта Дзева, не знаючы мужа, ва ўлоньні сваім умясьціла без пацясьненьня Таго, хто трымае ўсё?


Кандак. Спас і Збавіцель мой як Бог вызваліў зямлёю народжаных ад путаў і, разбурыўшы пякельныя вароты, як Уладар уваскрос з магілы на трэці дзень.

Ікас. Усхвалім, людзі, у песьнях Хрыста Жыцьцядаўца, які вароты сьмерці скрышыў сілаю сваёю, пекла ўмярцьвіў, джала сьмерці скрышыў, Адама з Эваю вызваліў і як адзіны сільны Бог і Ўладар уваскрос з магілы на трэці дзень.


Песьня 7. Ірмас. У печы хальдэйскай юнакі Абрагамавы, апаленыя любоўю набожнасьці, а ня полымем, клікалі: "Блаславёны Ты ў сьвятыні славы Тваёй, Госпадзе".

Абмыты боскай крывёю Хрыстоваю, род людзкі, пакліканы да нятленнасьці, з удзячнасьцю кліча: "Блаславёны Ты ў сьвятыні славы Тваёй, Госпадзе".

Жыцьцядайная магіла Твая, Хрысьце, прыгажэйшая за рай і сьвятлейшая за царскія харомы, сталася крыніцаю нашага збаўленьня.

Багародзічны. Радуйся, асьвячанае боскае селішча Найвышэйшага Бога, бо праз Цябе, Багародзіца, даецца радасьць усім, што клічуць: "Блаславёная Ты між жанчынаў, усебеззаганная Ўладарка".


Песьня 8. Ірмас. Распасьцёршы рукі, Даніла заткнуў пашчы львоў; рупліўцы набожнасьці, юнакі, сілу агню пагасілі. Падперазаўшыся дабрадзейнасьцю, яны клікалі: "Усе творы Гасподнія, Блаславіце Госпада!"

Калі Ты, Уладару, распасьцёр рукі Твае на Крыжы, Ты сабраў усе народы і паказаў ім адзіную Царкву на небе і на зямлі, што славіць Цябе і пяе: "Усе творы Гасподнія, Блаславіце Госпада!"

Блістаючы, быццам маланка, зьзяньнем уваскрасеньня, апрануты ў белую вопратку, анёл зьявіўся жанчынам і сказаў: "Нашто шукаеце ў магіле Жывога, быццам мёртвага? Сапраўды ўваскрос Хрыстос, дык уславім яго і запяём: Усе творы Гасподнія, Блаславіце Госпада!"

Багародзічны. Ты, усячыстая Дзева, адзіная сярод усіх людзей сталася Маці Божаю. Ты, Усебеззаганная, была жыльлём Боства і не апалілася агнём недаступнага сьвятла. Дзеля гэтага мы ўсе Цябе бласлаўляем, Марыя, Нявеста Божая.


Песьня 9. Ірмас. Ад Цябе, Дзева, Гара нясечаная, адкалоўся Камень вуглавы, нерукасечны – Хрыстос, які злучыў у сабе дзьве прыроды. Дзеля гэтага, радуючыся, Цябе, Багародзіца, узьвялічваем.

Ты, Божа мой, успрыняў маю прыроду ў нязьлітным злучэньні і даў мне збаўленьне цярпеньнямі Тваімі, якія Ты перанёс у целе на Крыжы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.

Калі вучні Твае ўбачылі адчыненую магілу і пакраўцы, адкінутыя пры Тваім уваскрасеньні, яны разам з анёлам усклікнулі: "Сапраўды Госпад уваскрос!"

Траечны. Мы, усе верныя, пакланяемся еднасьці трохадзінай Боскай існасьці і ў нязьлітных асобах роўнасільную і роўнапачэсную Тройцу ўзьвялічваем.


Пахвальныя псалмы

Верш. Каб споўніць над імі прысуд, напісаны на хвалу ўсім сьвятым Яго.

Ты, усемагутны Госпадзе, пацярпеў крыж і сьмерць і ўваскрос з мёртвых. Славім Тваё ўваскрасеньне.

Верш. Хваліце Госпада ў сьвятых Яго, хваліце Яго ў велічы непахіснай сілы Яго.

Крыжом Тваім, Хрысьце, Ты вызваліў нас ад даўняга праклёну і сьмерцю Тваёю Ты перамог д'ябла, які мучыў нашую прыроду; а ўваскрасеньнем Тваім Ты напоўніў усіх радасьцю. Дзеля гэтага пяём: "Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, слава Табе!"

Верш. Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.

Крыжом Тваім, Хрысьце Спасе, накіруй нас да праўды Тваёй і вызваль нас ад варожых сецяў. Ты, што ўваскрос з мёртвых, падымі нас, якія ўпалі ў грэх, працягні нам руку Тваю, Чалавекалюбны Госпадзе, малітвамі сьвятых Тваіх.

Верш. Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце Яго на ліры і гусьлях.

Адзінародны Сыне Божы, Ты, не адлучыўшыся ад Айцоўскага ўлоньня, прыйшоў на зямлю дзеля любові да людзей і, не зазнаўшы зьмены, стаўся чалавекам, крыж і сьмерць пацярпеў, хоць як Бог, Ты непадуладны цярпеньням. Уваскросшы з мёртвых, Ты, адзіны Моцны, даў несьмяротнасьць людзкому роду.

Верш. Хваліце Яго на бубнах і ў карагодах, хваліце Яго на струнах і жалейцы.

Каб выхадайнічаць нам несьмяротнасьць, Ты, Збавіцелю, прыняў цялесную сьмерць і быў пахаваны, каб нас ад пекла вызваліць і ўваскрасіць з сабою. Ты пацярпеў як чалавек, але ўваскрос як Бог. Дзеля гэтага пяём: "Слава Табе, Жыцьцядаўча Госпадзе, адзіны Чалавекалюбча!"

Верш. Хваліце Яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Камяні патрэскаліся, калі на чэрапавым месцы паставілі крыж Твой; вартаўнікі пякельныя спалохаліся да сьмерці, калі Цябе паклалі ў магілу, быццам мёртвага. Бо, перамогшы сілу сьмерці ўваскрасеньнем Тваім, Ты, Збавіцелю, даў усім памёрлым нятленнасьць. Жыцьцядаўча Госпадзе, слава Табе!

Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

Жанчыны жадалі бачыць уваскрасеньне Тваё, Хрысьце Божа. Марыя Магдалена першая прыйшла да магілы і ўбачыла камень адвалены і анёла, які сядзеў там і казаў: "Чаго шукаеце Жывога сярод мёртвых? Ён уваскрос, як Бог, каб збавіць усіх".

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Скажыце, гэбрэі, дзе Ісус, якога вы маніліся сьцерагчы? Дзе Той, каго вы паклалі ў магілу, і апячаталі камень? Дайце мёртвага вы, што выракліся Жыцьця! Дайце Пахаванага, або паверце Таму, хто ўваскрос! Дый калі і змаўчыце пра Гасподняе ўваскрасеньне, камень, што быў адвалены ад магілы, загаворыць! Вялікая міласэрнасьць Твая і тайна провіду Твайго, Збавіцелю наш. Слава Табе!

Слава...: Радавая евангельская сьціхіра.

Цяпер...: Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева...


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст