Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Нядзеля (Тон 4) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


 

 

Нядзеля (Тон 4) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


СУБОТА ЎВЕЧАРЫ


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Жыцьцядайнаму крыжу Твайму безупынна пакланяемся, Хрысьце Божа, і славім трохдзённае ўваскрасеньне Тваё, якім Ты, Усясільны, абнавіў людзкую прыроду і як добры і Чалавекалюбец адкрыў зноў да неба ўваход.

Прыбіты да крыжовага дрэва, Ты, Збавіцелю, забарону дрэва непаслушэнства адмяніў і, зышоўшы да пекла, як усемагутны Бог, путы сьмерці разарваў. Дзеля гэтага пакланяемся Твайму трохдзённаму ўваскрасеньню і радасна клічам: "Усемагутны Госпадзе, слава Табе!"

Ты, Госпадзе, разьбіў вароты пекла і сьмерцю Тваёю зьнішчыў сьмерці ўладу, і род людзкі ад тленнасьці выбавіў, даруючы сьвету жыцьцё і нятленнасьць, і багацьце зьмілаваньня Твайго.

Прыйдзіце, людзі, усхвалім у песьнях трохдзённае ўваскрасеньне Збавіцеля, якім мы вызваліліся ад непарушных пякельных путаў і атрымалі жыцьцё і нятленнасьць. Дык усклікнем усе: "Адзіны Чалавекалюбча, што быў расьпяты і пахаваны, і ўваскрос, збаў нас уваскрасеньнем Тваім".

Анёлы і людзі, Збавіцелю, славяць Тваё ўваскрасеньне на трэці дзень, якім прасьвятліліся ўсе канцы зямлі, і мы вызваліліся ад варожай няволі. Дык усклікнем усе: "Усемагутны Жыцьцядаўча, Збавіцелю наш, збаў нас уваскрасеньнем Тваім, адзіны Чалавекалюбча!".

Ты, Хрысьце Божа, разбурыў медзяныя вароты і жалезныя замкі разьбіў, і род людзкі ўваскрасіў. Дзеля гэтага ў адзін голас клічам: "Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, слава Табе!"

Нараджэньне Тваё ад Айца, Госпадзе, пазачаснае і вечнае; Тваё ўцелаўленьне ад Дзевы няўцямнае для людзей і невыказнае; зыход Твой у пекла страшны быў для д'ябла і паплечнікаў яго, бо Ты, уваскросшы на трэці дзень, перамог сьмерць і дараваў сьвету багацьце Твайго зьмілаваньня.

Дагматык. Прарок Давід, які праз Цабе стаўся богаайцом, у песьні Таму, хто вялікія рэчы для Цябе ўчыніў, так пра Цябе прадказаў: "Каралева стала па правай руцэ Тваёй". Ён явіў Цябе, як хадайніцу і Маці Жыцьця, бо ад Цябе захацеў прыняць цела і стацца чалавекам Хрыстос Бог, каб аднавіць сатлелы прагнасьцю вобраз свой і знайсьці заблудную ў горных безданях авечку, каб, узяўшы яе на плечы, прынесьці да Айца і даць ёй месца разам з нябеснымі сіламі, і збавіць, Багародзіца, сьвет у велічы і багацьці міласэрнасьці сваёй.


Вершапесьні

Ты, Госпадзе, узышоўшы на крыж, прадзедавы праклён адмяніў і, зышоўшы да пекла, вечных вязьняў вызваліў, і дараваў несьмяротнасьць людзкому роду. Дзеля гэтага ў песьнях славім жыцьцядайнае і збавеннае ўваскрасеньне Тваё.

Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.

Калі Ты, адзіны Сільны, быў павешаны на крыжы, Ты ўсё стварэньне ўскалыхнуў; пакладзены ў магілу, Ты ўсіх уваскрасіў, даруючы нятленнасьць людзкому роду. Дзеля гэтага ў песьнях славім жыцьцядайнае ўваскрасеньне Тваё.

Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

Людзі беззаконныя і няўдзячныя, забыўшыся на дабрадзействы, якія Ты, Хрысьце, ім учыніў, аддалі Цябе Пілату і асудзілі на ўкрыжаваньне. Але Ты, пацярпеўшы дабравольна пахаваньне, на трэці дзень уваскрос у сіле, як Бог, даруючы нам бясконцае жыцьцё і багацьце Твайго зьмілаваньня.

Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.

Жанчыны, што прыйшлі да магілы Тваёй са сьлязамі, шукалі Цябе і, не знайшоўшы, з плачам казалі: "Гора нам, Збавіцелю наш і Ўладару ўсіх! Як гэта Ты быў украдзены? Якое месца скрывае жыцьцядайнае цела Тваё?" Анёл адазваўся да іх, кажучы: "Пакіньце плач, але ідзіце і абвяшчайце, што Госпад уваскрос, даруючы радасьць нам, як адзіны Добрасардэчны".

Багародзічны. Глянь прыхільна на маленьні слуг Тваіх, Багародзіца, і адхілі ад нас цяжкія напасьці, выбаўляючы нас ад усякага смутку, бо ў Табе адзінай маем пэўную і цьвёрдую абарону і на Тваё заступніцтва спадзяемся. Дык ня дай нам пасаромецца, Уладарка, калі мы зьвяртаемся да Цябе, але адгукніся хутка на просьбы тых, што ў веры клічуць: "Радуйся, Уладарка, дапамога, радасьць, ахова і збаўленьне душ нашых!"


Адпушчальныя трапары

Уваскросны. Сьветлую весьць аб уваскрасеньні і аб адмене прадзедаўскага асуджэньня ад анёла пачуўшы, Гасподнія вучаніцы апосталам з радасьцю сказалі: "Сьмерць пераможаная, Госпад Бог уваскрос, даруючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня".


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст