Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Панядзелак (Тон 4) (Вячэрня)


 

 

Панядзелак (Тон 4) (Вячэрня)

НЯДЗЕЛЯ ЎВЕЧАРЫ

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Зграшыў я перад Табою, Госпадзе, ня толькі дзеля слабасьці маёй, але нязвыкла і недаравальна. Але Ты, Збавіцелю, што ў надпрыродны і невыказны спосаб стаўся чалавекам, дзеля бязьмежнага чалавекалюбства Твайго, зьмілуйся нада мною, які прыбягаю да Цябе.

Ты, Хрысьце, устанавіў пакаяньне для грэшных, а не для праведных; маючы прыклад разбойніка і блуднага сына, Манасіі і блудніцы, прасьледавальніка, мытніка і здрадніка, я ня трачу надзеі, бо ведаю Тваё, Збавіцелю, чалавекалюбства і дабрыню, і са скрухаю прыбягаю да Цябе, поўны спадзяваньня, што выслухаеш мяне.

Дай мне скруху сардэчную, паварот ад злога і дасканалую паправу, бо я, адлучаны ад Цябе, Божа і Ўладару ўсіх, страціўшы ўсякую надзею, таплюся ў цялесных пажаданьнях. Але Ты, Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душаў нашых, збаў мяне, заблуднага, у вялікай міласэрнасьці Тваёй.

Багародзічны. Вышэйшая за анёлаў, Беззаганная Дзева, разам з імі малі Ўладара анёлаў і ўсяго стварэньня дараваць нам адпушчэньне правінаў, вызваліць нас ад грэшных пажаданьняў і ўчыніць дастойнымі славіць Яго і быць спадкаемцамі вечнага жыцьця.


Вершапесьні

Я жадаў сьлязьмі змыць сьляды правінаў маіх, Госпадзе, каб у далейшым жыцьці дагадзіць Табе пакаяньнем, але вораг спакушае мяне і змагаецца з душой маёй. Госпадзе, перш чым прыйдзе канец, ня дай мне згінуць, але збаў мяне.

Хто, Госпадзе, патрапіўшы ў буру, не выратуецца, прыбегшы да Твайго прыстанішча? Або хто, занядужаўшы, не выздаравее, пакаштаваўшы Твайго лякарства? Госпадзе, Творца ўсяго і Лекару нядужых, перш чым мне зусім згінуць, збаў мяне.

Хрысьце Божа, праслаўлены памяцьцю сьвятых Тваіх, малітвамі іх пашлі нам веліч зьмілаваньня Твайго.

Багародзічны. Радуйся, сьветлая хмара! Радуйся, ясны сьветач! Радуйся, посудзе манны! Радуйся, палка Аарона! Радуйся, кусьце незгаральны! Радуйся, хораме; радуйся, пасадзе! Радуйся, гара сьвятая! Радуйся, прыстанішча! Радуйся, Боскае застольле! Радуйся, тайная брама! Радуйся, усіх радасьць!


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст