ПАНЯДЗЕЛАК УВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Бяры, душа мая, прыклад з хананейкі, дакраніся да Хрыста і кліч раз-пораз: "Зьмілуйся нада мною, Уладару, бо маю дзіця – распуснае цела. Дык прашу Цябе, Дабрачынца ўсеміласэрны, адымі ад яго жар пажадлівасьцяў, утаймуй бясчынныя хістаньні і ўмярцьві іх збавенным страхам Тваім, малітвамі Найчыстае – якая зачала і нарадзіла Цябе, Хрысьце, – і ўсіх сьвятых!"
Некалі Ты, Хрысьце, паслаў да Ніневіцянаў Ёну прапаведаваць, што, калі пакаюцца, Ты явіш ім міласьць, і ў гневе Тваім не загубіш іх. У міласэрнасьці Тваёй, Уладару, пашлі і мне, нягоднаму, дапамогу Тваю, каб мне адвярнуцца ад бясчынстваў і выйсьці на шлях пакаяньня, плачучы і просячы вызваленьня ад шматлікіх правінаў маіх.
Ты прыйшоў на сьвет, каб збавіць грэшнікаў і паклікаць іх да пакаяньня. Я ўгнявіў Цябе больш за ўсіх, але Ты, Шчодры Збавіцелю мой, зьмілуйся і збаў мяне, накіруй на шлях пакаяньня, дай жаль за грахі і зрабі сэрца маё пакорным, простым, лагодным і вольным ад хітрасьцяў у дабрасардэчнасьці Тваёй.
Багародзічны. Дай мне, Дзева, сьлёзы і ўздыханьні з глыбіні душы, і скруху сардэчную, і вызнаньне зробленых мною ў жыцьці правінаў, каб мне з Тваёй дапамогай, Усячыстая, у пакаяньні прайсьці шлях жыцьця майго і атрымаць збаўленьне.
Вершапесьні
Я жадаў сьлязьмі змыць сьляды правінаў маіх, Госпадзе, каб у далейшым жыцьці дагадзіць Табе пакаяньнем, але вораг спакушае мяне і змагаецца з душой маёй. Госпадзе, перш чым прыйдзе канец, ня дай мне згінуць, але збаў мяне.
Хто, Госпадзе, патрапіўшы ў буру, не выратуецца, прыбегшы да Твайго прыстанішча? Або хто, занядужаўшы, не выздаравее, пакаштаваўшы Твайго лякарства? Госпадзе, Творца ўсяго і Лекару нядужых, перш чым мне зусім згінуць, збаў мяне.
Ты, што прымаеш цярпеньні мучанікаў сьвятых, і ад нас прымі, Чалавекалюбча, песьню хвалы, і малітвамі іх даруй нам веліч зьмілаваньня Твайго.
Багародзічны. Выбаў нас ад бедаў нашых, Маці Хрыста Бога, што нарадзіла Творцу ўсіх, каб нам усім клікаць: "Радуйся, адзіная заступніца душаў нашых!" |