АЎТОРАК УВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Калі Ты быў узьняты на крыжы і прабіты кап'ём, акрываўленымі пальцамі Ты, добры Ўладару, падпісаў нам вызваленьне і, адмяніўшы прысуд прабацькі Адама, вызваліў род людзкі. Дзеля гэтага, Шчодры, славім Тваю бязьмежную дабрыню.
Славім Твае, Уладару Ісусе, цярпеньні – крыж, кап'ё і трысьціну, губку і цьвікі, біцьцё, пурпуровую вопратку і цярновы вянок, апляваньні і насьмешкі, якія Ты дабравольна перанёс. Узьвялічваем Тваё, Жыцьцядаўча, нязлоснае даўгацярпеньне і славім Цябе, Чалавекалюбча.
Пакланяюся пачэснаму Крыжу Твайму, Усядобры, з любоўю цалую яго, і слаўлю Тваю спагадлівасьць, што пераўзыходзіць розум, і веліч дабрыні, дзякуючы якой Ты збавіў людзкую прыроду, што была трыманая ў цемры правінаў. Слава, Хрысьце, расьпяцьцю Твайму.
Крыжабагародзічны. Калі Ўсячыстая ўбачыла расьпятага на крыжы і прабітага ў бок Хрыста Чалавекалюбца, Яна з плачам усклікнула: "Што гэта, Сыне мой? Што зрабілі Табе няўдзячныя людзі ўзамен за дабро, якое Ты ім чыніў; і як гэта Ты, любы мой, пакідаеш Мяне бязьдзетнаю? Дзіўлюся, Дабрасардэчны, Твайму дабравольнаму расьпяцьцю."
Вершапесьні
Ты, Хрысьце, даў нам Крыж Твой, як непераможную зброю, і мы перамагаем ім падкопы ворага.
Маючы заўжды на дапамогу Крыж Твой, Хрысьце, мы лёгка нішчым варожыя сеці.
Маючы ласку ў Збавіцеля, маліце Яго, сьвятыя, няспынна за нас, грэшных, каб Ён даў нам адпушчэньне грахоў і душам нашым веліч зьмілаваньня.
Крыжабагародзічны. "Ня плач па мне, Маці, бачачы на крыжы павешанага Сына Твайго, які на водах зямлю павесіў і ўсё, што існуе, стварыў. Я ўстану і праслаўлюся, і пякельнае ўладарства скрышу сілаю Маёю, зьнішчу ягоную ўладу, і вязьняў ягоных вызвалю ў міласэрнасьці Маёй і як Чалавекалюбец да Айца прывяду". |