СЕРАДА ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Узброеныя ў найвышэйшую мудрасьць і апранутыя ў духоўны панцыр, вы, слаўныя, выйшлі на змаганьне супраць хітрага ворага, зьнішчылі ўсю сілу і, як здабычу, выхапілі з рук ягоных душы людзей. Дзеля гэтага славім вас на ўсе вякі.
Распасьцёршы накрыж сець веры, дванаццаць боскіх апосталаў Тваіх, Хрысьце, злавілі ўсе народы і салонае мора пажадлівасьцяў высушылі. Дзеля гэтага малю Цябе: "Малітвамі іх з бездані правінаў выратуй мяне".
Богам выбраную і пачэсную дванаццатку апосталаў – Пятра і Паўла, Якуба, Луку, Яна і Мацьвея, Тамаша, Марка, Сымона і Піліпа, а таксама слаўных Андрэя і Масея, – а з імі іншых семдзесят вучняў у боскіх песьнях сёньня ўсхвалім.
Багародзічны. Ты, Усячыстая, што ва ўлоньні сваім зьмясьціла незьмяшчальнага Бога, які ў чалавекалюбстве сваім стаўся чалавекам, ад Цябе прыняў нашую прыроду і абагавіў яе, не пагарадзі мною, поўным суму і жалю, але хутка зьмілуйся і ад варожых напасьцяў і хітрасьцяў вызваль мяне.
Вершапесьні
Ты, Хрысьце, прасьвятліў апостальскі хор Духам Сьвятым. Малітвамі іх ачысьці нашую брыдоту грахоўную і зьмілуйся над намі.
Някніжных вучняў Дух Твой Сьвяты, Хрысьце Божа, учыніў настаўнікамі і, як усясільны, іхнім сугучным шматгалосным прапаведаваньнем ілжывыя вучэньні адмяніў.
Адухоўленыя ахвяры, цэлапаленьні духоўныя, мучанікі Гасподнія, дасканалыя Божыя ахвярапрынашэньні, Богу вядомыя авечкі, што Бога знаюць і загарадзь якіх недаступная ваўкам: маліцеся, каб нам разам з вамі на ціхіх водах знайсьці супакаеньне.
Багародзічны. Выбаў нас ад бедаў, Маці Хрыста Бога, што нарадзіла Творцу ўсіх, каб нам клікаць: "Радуйся, адзіная заступніца душаў нашых!" |