ЧАЦЬВЕР УВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Усё стварэньне, убачыўшы Цябе, доўгацярплівы Збавіцелю, расьпятым на крыжы і зьняважаным, зьмянілася і задрыжэла: зямля затрэслася і пахіснулася, заслона царкоўная разарвалася, каменьне патрэскалася і сонца памеркла, пазнаўшы ў Табе Творцу свайго.
Як гэта беззаконнае зборышча асьмелілася асудзіць Цябе, несьмяротнага Судзьдзю, які некалі даў у пустыні закон багавідцу Майсею? Як гэта яны, бачачы на крыжы памёрлым Жыцьцё ўсіх, не збаяліся, не прыйшлі да розуму і не зразумелі, што Ты – адзіны Госпад, Уладар стварэньня?
Адмяняецца спрадвечны прысуд праайца Адама прабіцьцём боку Твайго, Шматміласэрны, і адкінутая людзкая прырода, асьвячоная праліцьцём крыві Тваёй, кліча: "Слава дабрасардэчнасьці Тваёй, слава Боскаму расьпяцьцю Твайму, Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душаў нашых!"
Крыжабагародзічны. Калі сонца і месяц убачылі Цябе, Сонца праведнасьці, Чалавекалюбча мой Хрысьце, павешаным на крыжы, яны схавалі промні свае, зямля ўскалыхнулася ў страху перад Тваёй веліччу. Маці ж Твая, поўная болю, усклікнула: "Ісусе мой добры, слава дабрасардэчнасьці Тваёй!"
Вершапесьні
Ты, Хрысьце, даў нам Крыж Твой, як непераможную зброю, і мы перамагаем ім падкопы ворага.
Маючы заўжды на дапамогу Крыж Твой, Хрысьце, мы лёгка нішчым варожыя сеці.
Хрысьце Божа, праслаўлены памяцьцю сьвятых Тваіх, малітвамі іх пашлі нам веліч зьмілаваньня Твайго.
Крыжабагародзічны. "Ня плач па мне, Маці, бачачы на крыжы павешанага Сына Твайго, які на водах зямлю павесіў і ўсё, што існуе, стварыў. Я ўстану і праслаўлюся, і пякельнае ўладарства скрышу сілаю Маёю, зьнішчу ягоную ўладу, і вязьняў ягоных вызвалю ў міласэрнасьці Маёй і як Чалавекалюбец да Айца прывяду". |