Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Аўторак (Тон 5) (Вячэрня)


 

 

Аўторак (Тон 5) (Вячэрня)

ПАНЯДЗЕЛАК УВЕЧАРЫ


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Гора мне, бо я ўгнявіў Цябе, міласэрнага Бога майго і Госпада! Колькі разоў, Хрысьце, я абяцаў пакаяцца, і аказаўся ашуканцам. Перш я забрудзіў вопратку хрышчэньня, зламаў запавет з Табою і не датрымаў абяцаньняў, якія я даў перад людзьмі і анёламі. Але Ты, Збавіцелю, ня дай мне згінуць да канца.

Які адказ дасі, няшчасная душа, у судны дзень? Хто выбавіць цябе ад вечнага агню і мукаў? Ніхто, калі ты сама, пакінуўшы твае благія навыкі, ня ўміласьцівіш Дабрачынца, і не пачнеш жыць дабрадзейна, абмываючы сьлязамі правіны, зробленыя табою словам, учынкам і думкаю, і молячы Хрыста даць табе дасканалае прабачэньне.

Ня дай, Уладару, быць мне ў палоне грэшных навыкаў: хай бес не пануе нада мною, і не падпарадкоўвае мяне волі сваёй. У чалавекалюбстве Тваім выхапі мяне магутнай рукою Тваёю з-пад ягонай улады, пасяліся ўва мне, і зрабі мяне поўнасьцю Тваім, каб я жыў згодна з воляй Тваёй, Слова, знайшоў супакой у Табе, і атрымаў збавеннае прабачэньне і веліч зьмілаваньня.

Багародзічны. Ад маладосьці маёй я аддаў сябе граху; мой розум пацямнеў, і я жыў у цемры; але сёньня, зьнявераны, плачу і сумую, што дрэннымі звычкамі і бяздумнасьцю я загубіў душу маю. Не пагардзі мною, які гіну, Уладарка, але пакажы дабрыню Тваю і Тваім заступніцтвам выбаў мяне ад усякіх напасьцяў і злых пажаданьняў, каб мне хоць на старасьць пакаяцца перад Богам.


Вершапесьні

Госпадзе, не перастаю грашыць і не хачу зразумець Тваёй спагадлівасьці да мяне. Разьвей маё неразуменьне, Адзіны Добры, і зьмілуйся нада мною.

Госпадзе, я ў страху перад Табою, але не пакідаю рабіць зло. Хто на судзе не баіцца судзьдзі? Або хто, шукаючы ацаленьня, гнявіць лекара, як я Цябе? Даўгацярплівы Госпадзе, будзь спагадлівы да маёй слабасьці і зьмілуйся нада мною.

Засланіўшыся шчытом веры і ўмацаваўшы сябе знакам крыжа, сьвятыя Твае, Госпадзе, адважна выйшлі на змаганьне і перамаглі д'ябальскую гордасьць і ману; малітвамі іх, Божа ўсемагутны, даруй сьвету супакой і душам нашым багацьцьце Твайго зьмілаваньня.

Багародзічны. Суцішы боль душы маёй, Ты, што асушаеш усякую сьлязу з твару зямлі, сунімаеш усялякі боль людзей, і сум грэшнікаў разьвейваеш. Мы ўсе знайшлі надзею і ўмацаваньне ў Табе, усесьвятая Маці Дзева.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст