Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Чацьвер (Тон 5) (Вячэрня)


 

 

Чацьвер (Тон 5) (Вячэрня)

СЕРАДА ЎВЕЧАРЫ


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Вучні Гасподнія, вы абышлі ўсю зямлю, несучы з сабою скарб ваш, быццам сьветач, і пасеялі Боскае вучэньне, якім вы пасаромілі ўладароў і мучыцеляў і разарвалі, быццам павуціну, мудрагельства красамоўцаў і філёзафаў, клічучы ўсіх да пазнаньня Творцы, і адмяняючы ідальскія служэньні. Дзеля гэтага малю вас выбавіць мяне ад бяздумных пажаданьняў малітвамі вашымі.

Ад буры спакусаў і маны нязбожных вучэньняў, злых бесаўскіх нашэптаў і прыкрых людзкіх напасьцяў і закалотаў, агню беспрасьветнага і вечнага чэрвя, скрыгату зубоў і ўсіх іншых мукаў малітвамі вашымі да Бога выбаўце, блаславёныя, усіх нас, і прасіце Яго, каб, дзякуючы вашым подзьвігам і дабрадзейнасьцям, атрымаць нам у спадчыну нябеснае валадарства і веліч зьмілаваньня.

Наколькі магчыма людзкой прыродзе, усяхвальныя дванаццаць апосталаў, невыказным провідам успрынялі зьзяньне Тройцы і паказалі сябе адной згоднай грамадой. Разам з сямідзесяцьцю іншых вучняў, яны прасьвятлілі ўсе куткі зямлі, што былі агорнутыя змрокам ілжывых вучэньняў, і цяпер моляць Хрыста дараваць сьвету веліч зьмілаваньня.

Багародзічны. Радуйся, прароцкая пячаць і апосталаў багамудрых прапаведаваньне, бо Ты, Чыстая, вышэй за розум і словы, нарадзіла ў целе існага Бога. Праз Яго мы вярнуліся да першаснага стану і асалоды райскай спажы. Славім Цябе, Усячыстая, як хадайніцу такое ласкі і заступніцу, прыемную Богу, і, узбагачаныя Табою, удастойваемся вечнага жыцьця Сына Твайго, які дае ўсім багацьце зьмілаваньня.


Вершапесьні

Вучні Збавіцеля, сьведкі тайніцаў Божых, вы прапаведавалі Нябачнага і Спрадвечнага, кажучы: "Спачатку было Слова". Вы не былі створаныя раней за анёлаў і не навучыліся ад людзей, але ад Найвышэйшае Мудрасьці. Малецеся цяпер за душы нашыя.

Апосталаў Хрыстовых згодна ў песьнях уславім, бо яны, апрануўшыся ў крыжовую зброю, ідальскую спакусу перамаглі і атрымалі пераможныя вянцы. Малітвамі іх і ўсіх сьвятых, Божа, зьмілуйся над намі.

У бязьмежнай любові вы, сьвятыя мучанікі, ня выракліся Хрыста: пацярпеўшы розныя мукі і раны, вы перамаглі дзёрзкасьць мучыцеляў і, захаваўшы чыстай і непашкоджанай веру, пераставіліся да неба. Цяпер, маючы ласку ў Бога, прасіце Яго дараваць нам веліч зьмілаваньня.

Багародзічны. Славім і ўзьвялічваем Цябе, Багародзіца Дзева, як горад непахісны, сьцяну непарушную, моцную заступніцу і прыстанішча душаў нашых.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст