ЧАЦЬВЕР УВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Усе дрэвы дуброўныя хай цешацца, бачачы, як пачэснае дрэва, асьвячанае мукамі Гасподнімі, зьзяе ласкаю, быццам полымя агню, і крынічыць усім дараваньні, што прасьвятляюць душы і думкі, ацаляюць немачы і сунімаюць цярпеньні, адганяюць нябачных ворагаў, перамагаюць супраціўнікаў і даюць Царкве перамогу, а верным – блаславеньне і веліч зьмілаваньня.
Пакланяемся з вераю месцу, дзе стаялі ногі Гасподнія, як сказаў прарок; славім расьпятага Хрыста, бо Ён расьпяў з сабою правіны нашыя, зьнішчыў праклён дрэва і прымірыў з Айцом тых, што былі думкамі далёка ад Яго. У думках цалуем рукі і ногі Ягоныя – а таксама цьвікі, кап'ё, трысьціну, губку і цярновы вянок, – і з пашанаю схіляемся перад зьнявагамі і насьмешкамі і ўсім, што Ён за нас пацярпеў, бо праз іх мы атрымалі збаўленьне.
Распнем усе нашыя члены з Хрыстом і памрэм для сьвету, каб ісьці па Ягоных сьлядах; ускладзем на плечы Ягоны Боскі крыж, адкінем цялесныя хістаньні і дрэнныя пажаданьні, якія цягнуць душу да граху. Глянем, як Ён, прыбіты да крыжа, аддае, задыхаючыся, душу сваю ў рукі Айца, каб нам быць з Ім вечна і неразлучна.
Крыжабагародзічны. Вялікі выкуп і дарагую цану – найчыстую кроў Тваю, – Ты, Хрысьце мой бязгрэшны, захацеў даць, каб збавіць усіх. Дзеля гэтага Маці Твая, калі ўбачыла Цябе расьпятым, распусьціўшы валасы, заплакала і загаласіла: "Сыне мой, Ягнё беззаганнае, Ты жадаеш збавіць сьвет Тваёю найчыстаю крывёю! Незьмяркальнае Сонца, што дае ўсім прасьвятленьне і веліч зьмілаваньня, чаму Ты зайшоў для вачэй маіх?"
Вершапесьні
Некалі за Майсея прарока вобраз крыжа Твайго, Госпадзе, ворагаў перамагаў; сёньня ж мы, маючы на дапамогу сам крыж Твой, просім: "Умацуй царкву Тваю і даруй ёй перамогу, як некалі Канстантыну, у вялікай міласэрнасьці Тваёй".
Крыж Твой, Хрысьце, хоць зроблены з дрэва, апрануты ў Боскую моц, зьзяе на ўвесь сьвет і зьдзяйсьняе цудоўна нашае збаўленьне. Таму пакланяемся яму і славім Цябе, Збавіцелю. Зьмілуйся над намі!
Ня дбаючы пра дачаснае і наважыўшыся мужна на мукі, вы, слаўныя мучанікі, ня страцілі надзеі блаславёных і атрымалі ў спадчыну нябеснае валадарства. Маючы ласку ў чалавекалюбнага Бога, выпрасіце сьвету супакой і душам нашым веліч зьмілаваньня.
Крыжабагародзічны. Дзева Маці і беззаганная Нявеста, убачыўшы Ягнё і Сына свайго, узьнесенага на крыжы, усклікнула з плачам: "Гора мне, Сыне мой! Як гэта Ты паміраеш, будучы па прыродзе сваёй несьмяротным Богам?" |