ПЯТНІЦА ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Шматпакутныя мучанікі струменямі крыві сваёй патушылі бяздумнасьць нязбожнасьці і запалілі сьвятло дабрадзейнасьці. Яны спалілі ілжывых ідалаў і іхняе агіднае кадзіла і сьвятыні, і зазьзялі людзям, як праўдзівае сьвятло. Прасьветленыя імі, цураемся нязбожнай цемры і ідальскай маны і пакланяемся Хрысту, які дае сьвету веліч зьмілаваньня свайго.
Зьнішчыўшы зманлівыя навукі ілжывых настаўнікаў, вы сталіся воямі спрадвечнага Айца, і Сына роўнаспрадвечнага, і Духа Сьвятога, разумна прапаведуючы ў трох асобах адзінага Бога, і ўмацоўваючы праўдзівае вучэньне; дзеля гэтага шануем вас, пастыры сьвятыя, што на жыцьцядайнай пашы пасьвілі статак Хрыстовы і пацярпелі за Яго разнародныя беды і прыкрасьці.
Хор сьвятых падзьвіжнікаў, узяўшы розум за правадніка для дабрадзейнага жыцьця, лёгка перамог цялесныя пажаданьні. Жывучы на зямлі як бесьцялесныя, яны зьнішчылі бесаўскую ману, і сталіся спаўжыхарамі анёлаў, з якімі цяпер радуюцца ў нябесных сялібах, у сьвятле разам з Хрыстом, і моляць Яго даць нам веліч зьмілаваньня свайго.
Дагматык. У Чырвоным моры вобраз Дзевы Маці быў нам некалі дадзены. Там Майсей ваду разьдзяліў, – тут Габрыель цуду паслужыў; тады Ізраіль перайшоў глыбіні марскія, быццам сушу, – цяпер Дзева нарадзіла бяз семя Хрыста; мора, пасьля пераходу Ізраіля стала зноў непраходным – Бязьвінная, нарадзіўшы Эмануэля, засталася Дзеваю. Божа спрадвечны, што зьявіўся дзеля нас у целе, як чалавек, зьмілуйся над намі!
Вершапесьні
Маліцеся за нас, сьвятыя мучанікі, каб нам вызваліцца ад беззаконьняў нашых, бо вам дадзеная ласка маліцца за нас.
У бязьмежнай любові вы, сьвятыя мучанікі, ня выракліся Хрыста: пацярпеўшы розныя мукі і раны, вы перамаглі дзёрзкасьць мучыцеляў і, захаваўшы чыстай і непашкоджанай веру, пераставіліся да неба. Цяпер, маючы ласку ў Бога, прасеце Яго дараваць нам веліч зьмілаваньня.
Засланіўшыся шчытом веры і ўмацаваўшы сябе знакам крыжа, сьвятыя Твае, Госпадзе, адважна выйшлі на змаганьне і перамаглі д'ябальскую гордасьць і ману. Малітвамі іх, Божа ўсемагутны, даруй сьвету супакой і душам нашым багацьцьце Твайго зьмілаваньня.
Багародзічны. Малітвамі Тваімі, Поўная ласкі, заступайся за нас і выпрасі душам нашым багацьце дабротаў і ачышчэньне правінаў, молімся Табе. |