Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Нядзеля (Тон 6) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


 

 

Нядзеля (Тон 6) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


СУБОТА ЎВЕЧАРЫ


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Ты перамог пекла, Хрысьце Божа, узышоўшы на крыж, каб уваскрасіць з сабою тых, што сядзелі ў сьмяротнай цемры, і, сам свабодны ад сьмерці, ад Твайго сьвятла даеш усім жыцьцё. Усемагутны Збавіцелю, зьмілуйся над намі!

Сёньня Хрыстос, уваскросшы, перамог сьмерць, як прадказаў, і дараваў радасьць сьвету ўсяму. Дзеля гэтага голасна пяём: "Крыніца жыцьця, Сьвятло недасяжнае, зьмілуйся над намі!"

Дзе нам схавацца ад Цябе, Госпадзе, бо Ты ж прысутны ва ўсім стварэньні: у небе Ты жывеш; у пекле Ты перамог сьмерць; у глыбіні марской – і там рука Твая, Уладару. Да Цябе прыбягаем і, прыпадаючы, молімся: "Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, зьмілуйся над намі!"

Крыжом Тваім, Хрысьце, хвалімся і ўваскрасеньне Тваё ў песьнях славім, бо Ты Бог наш, апроч Цябе іншага бога ня знаем.

Слава сіле Тваёй, Госпадзе, бо Ты перамог таго, хто меў сьмерці ўладу, і абнавіў нас крыжом Тваім, даруючы жыцьцё і нятленнасьць.

Заўжды бласлаўляем Госпада і славім уваскрасеньне Яго, бо Ён, пацярпеўшы на крыжы, сьмерцю сьмерць перамог.

Пахаваньнем Тваім, Госпадзе, Ты зьнішчыў аковы пякельныя, разьбіўшы іх, і Тваім уваскрасеньнем з мёртвых Ты прасьвятліў увесь сусьвет. Госпадзе, слава Табе!

Дагматык. Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева, хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.


Вершапесьні

Уваскрасеньню Твайму, Хрысьце Спасе, анёлы ў небе пяюць песьню хвалы: дай і нам тут на зямлі з чыстым сэрцам славіць Цябе.

Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.

Разваліўшы пякельныя вароты і разьбіўшы медныя замкі, Ты, як усемагутны Бог, уваскрасіў з сабою род людзкі. Дзеля гэтага мы аднадушна ўсклікаем: "Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, слава Табе!"

Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

Каб узьняць нас з даўняй тленнасьці, Хрыстос даў сябе прыбіць да крыжа і пахаваць у магіле. Жанчыны-міраносіцы шукалі Яго са сьлязьмі і, плачучы, казалі: "Гора нам, Збавіцелю наш! Як гэта Ты пасяліўся ў магіле і, пасяліўшыся, як Ты быў украдзены; якім чынам быў забраны адсюль; якое месца скрывае Тваё жыцьцядайнае цела? Зьявіся нам, Уладару, як абяцаў!" Калі яны так плакалі, анёл адазваўся да іх: "Спыніце плач і ідзіце абвясьціць апосталам добрую вестку, што Госпад уваскрос!"

Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.

Ты быў дабравольна прыбіты да крыжа, і паланіў пекла пахаваньнем Тваім, і як Бог уваскрос у славе на трэці дзень, даруючы сьвету бясконцае жыцьцё і багацьце Твайго зьмілаваньня.

Багародзічны. Творца і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад Ісус Хрыстос, выйшаўшы з Твайго ўлоньня, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў мяне. Дзеля гэтага Табе, Багародзіца, Маці Божая і Дзева, разам з анёламі нязмоўкна ўсклікаем: "Радуйся!". Радуйся, Уладарка, Заступніца, Абарона і Збаўленьне душаў нашых!


Адпушчальны трапар

Уваскросны. Угледзеўшы анёлаў на магіле Тваёй, вартаўнікі амярцьвелі; і, стоячы ля магілы, Марыя шукала ўсячыстае цела Тваё. Ты паланіў пекла, застаўшыся някранутым ім, выйшаў сустрэць Дзеву, сьвету Жыцьцё. Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, слава Табе!


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст